20.03.2017 | Гісторыя

Францішак Савіч: жыццё як у галівудскім баевіку

За восем месяцаў следства за кратамі ў Віленскіх дамініканах ён атрымаў тысячы ўдараў розгамі. Судовым выракам для яго стала ссылка ў салдаты на Каўказ, у эпіцэнтр баявых дзеянняў. Апошняй, з кім яму было дазволена спаткацца на Радзіме, стала маладая дзяўчына, якая назвалася яго сястрой і імя якой для гісторыі засталося невядомым. Хоць, відавочна, у яго жыцці яна адыгрывала не апошнюю ролю. Франц Савіч — палымяны рэвалюцыянер, таленавіты медык, кіраўнік падпольнага «Дэмакратычнага таварыства», які да апошняга верыў у ідэю ўсеагульнай свабоды. У імя яе дасягнення ён ператварыў уласнае жыццё ў прыгодніцкі раман.

Франц Савіч. Сучасны партрэт. Мастачка Алена Гаеўская.

«Свабоднымі павінны быць усе»

Франц Савіч нарадзіўся ў 1815 недалёка ад Пінска ў сям’і ўніяцкага святара вёскі Вяляцічы. Бацька рана памёр, сына расціла маці. Маленства Савіча прайшло ў нястачы, але Франц навучыўся чытаць, пісаць і пачаў задумвацца над лёсам Бацькаўшчыны: «З малых гадоў, колькі памятаю сябе, маёй запаветнай марай, імкненнем маім, была свабода айчыны, думы аб нашай нядолі, аб нашым прыгнечанні. Іх увабраў я з малаком маці, чуў у песнях і апавяданнях старцоў, і думаў, што свабоднымі павінны быць усе».

Пачатковую адукацыю Франц атрымаў у Пінскім павятовым вучылішчы. Там на таленавітага юнака звярнуў увагу наглядчык Франц Махцінскі, які перадаў Савічу патрыятычны запал, шанаванне Тадэвуша Касцюшкі ды цікавасць да гісторыі ранняга хрысціянства з яго бунтарскім духам і вераю ва ўсеагульную роўнасць. У вучылішчы Савіч аб’яднаў вакол сябе «слаўную кумпанейку» з ліку сыноў мясцовых святароў і збяднелай шляхты.

А ў вольны час падпрацоўваў, даючы ўрокі дзецям заможных гараджан, каб грашыма забяспечваць матулю.

Ён скончыў вучылішча ў ліку найлепшых, з пахвальным лістом, пасля чаго восенню 1833 года накіраваўся ў Вільню паступаць ва ўніверсітэт. Але ўніверсітэт быў зачынены пасля паўстання 1830-1831 гадоў. Таму Савіч паступае ў Медыка-хірургічную акадэмію, дзе з першага года навучання дэманструе выдатныя здольнасці. Апроч акадэміі, заняткаў у клініцы Савіч наведваў яшчэ Духоўную акадэмію.Захапляўся Франц Савіч і літаратурай, сам пачаў пісаць вершы ў форме гутарак, выкарыстоўваючы палескі дыялект.

 

«Гдзе глянеш — людзі брашчаць ланцугамі,
Гдзе кінеш — слёзы, аж жыты не міла.
Бо з чалавека высысаюць сілы —
А всё цары-маскалі зробілы»,

— пісаў Савіч у самай вядомай сваёй «гутарцы» Літвіна, Валынца і Пінчука, вядомай як «Там, блізка Пінска, у шырокім полі…».

Паступова вакол Савіча гартуецца суполка з вучняў — «дзяцей розных народаў»,

сярод якіх быў сын віленскага чыноўніка рускі Іван Мяшкоў, беззямельны шляхціч Луцкага павета паляк Ян Загорскі, сын уніяцкага святара Лідскага павета беларус Фелікс Здановіч, сын беззямельнага ўкраінскага шляхціча Яўстах Вароніч, памочнік правізара італьянец Мікалай Карана.

Найлепшы сябар Савіча Ян Загорскі прапанаваў адрадзіць ідэі «філаматаў» і арганізаваць нелегальнае студэнцкае таварыства.

Спачатку яго хацелі назваць «Крыж і Евангелле», але ўрэшце спыніліся на назве «Дэмакратычнае таварыства». Восем чалавек, якія ў яго ўвайшлі, далі клятву: «Перад богам і Айчынай, імем Касцюшкі, Панятоўскіх і Сабкевічаў прысягаю і клянуся прысвяціць свае сілы барацьбе за шчасце Айчыны і адзінства (народа). Абяцаю дараваць усе крыўды і знявагі, нанесеныя мне іншымі (членамі таварыства), клянуся захоўваць у тайне ўсё мне даверанае. У адваротным выпадку няхай буду пракляты ўсімі, як здраднік Айчыны».

Галоўнай крыніцай усіх бедаў сябры таварыства лічылі бяздзейнасць, а галоўную сваю задачу бачылі ў выхаванні сумленных, справядлівых грамадзян.

Савіч пісаў: «Будзем загартоўваць стойкасць духу, працаваць да канца жыцця! Хто ведае, дзе і як суджана нам памерці? Магчыма, не адзін з нас сканае пад рукой ката! Але няхай і смерць яго будзе працягам барацьбы за свабоду! І з вышыні шыбеніцы, як з высокага трона, павінен заклікаць: паўстанце народы! Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека!»

У аб’яднанні дзейнічала жорсткая сістэма штрафаў: за гульню ў карты — 1 рубель, за більярд — паўрублі.

Быў вызначаны штомесячны ўнёсак па тры рублі з кожнага. Казначэем і сакратаром арганізацыі стаў Савіч.

Таварыства мела ўласную сістэму пароляў і водзываў. Так, Савіч карыстаўся псеўданімам «Адам» (відавочна, у гонар Міцкевіча), Загорскі — «Яцэк», Антон Валікі — «Нікодым», Станіслаў Мількоўскі — «Бертольд». Вільню яны называлі «Маці», Ашмяны — «Піўной», Віленскую губерню — «Халупай», Мінскую — «Стадолай», Украіну — «Граблямі».

«Дэмакратычнае таварыства» ахапіла больш як 60 студэнтаў Медыка-хірургічнай акадэміі і выйшла за межы навучальнай установы. Савіч быў таленавітым канспіратарам. Ён выстаўляў сябе аматарам тэатраў і ездзіў па ўсім краі нібыта дзеля спектакляў.

Падчас такіх паездак летам-восенню 1836 Савіч далучыў да таварыства прадстаўнікоў пінскай моладзі. 9 лютага 1837 года Савіч накіраваў свайму сябру Феліксу Шаламіцкаму ў Слуцк ліст, напісаны па-беларуску лацінкай, у якой ўзгадвае адзначае: «Бязмерна жадаю, каб ты калі-небудзь вярнуўся ў нашу кампанейку, таму што, далібог, у ёй сабраліся адважныя хлопцы!»

У тым самым 1837 Савіч усталяваў сувязь з Шыманам Канарскім, кіраўніком падпольнага «Саюза польскага народа». Разам яны вырашылі заснаваць таемную друкарню. Для гэтага яны арандавалі невялікі маёнтак Кашары, а шрыфт планавалі купіць за мяжой. Дзеля гэтага ў маі 1838 Канарскі прыбыў у Вільню да гандляра Разенталя, праз якога планавалася набыць неабходнае абсталяванне. Але адзін з царскіх чыноўнікаў своечасова паведаміў Савічу, што Разенталь супрацоўнічае з паліцыяй.

Канарскі спыніў перамовы і некалькі дзён хаваўся на надзейнай кватэры. Тым часам па наводцы Разенталя жандармы шукалі ў Вільні небяспечных палітычных злачынцаў.

 

«Брэшаце, парася!»

Савічу ўдалося вывезці Канарскага і яго калегу Радзевіча за межы горада, але на паштовай станцыі ў Крышоўцы, у ваколіцах Вільні, Радзевіч, падчас спробы наняць коней, трапіў на вочы выпадковаму паліцэйскаму прыставу. У выніку быў арыштаваны і Канарскі.

Адначасова ў Вільні арыштавалі некалькіх рамеснікаў, якія таксама ўдзельнічалі ў перамовах з Разенталем. Сярод іх — майстар гадзіннікаў Ян Духноўскі, праз якога паліцыя выйшла на ўдзельнікаў «Дэмакратычнага таварыства» Загорскага і Рапчынскага. На кватэры апошняга былі знойдзеныя некалькі лістоў, падпісаных Савічам. У выніку 1 чэрвеня 1838 арыштавалі і яго, а ўжо 2 чэрвеня пачаліся допыты. У турме Савіч здолеў падрыхтаваць датаваную 5 жніўня 1838 кнігу «Споведзь грэшніка, які каецца», дзе апісаў свае пакуты за веру, праўду і справядлівасць.

Каб выкрыць членаў таемнай арганізацыі Канарскага ў Вільні пачала дзейнасць следчая камісія на чале з віцэ-губернатарам князем Трубяцкім, якога называлі «чорным д’яблам» за катаванне арыштаваных.

«Брэшаце, парася!» — крычаў ён звычайна на Савіча падчас допыту, пасля кідаўся на ахвяру і збіваў яе рукамі і нагамі, цягаў за валасы. Арыштантаў кідалі ў карцэры, білі розгамі, марылі голадам, пасля чаго іх маглі сярод ночы прывесці ў пакоі Трубяцкога, дзе каля палаючага каміна стаяў стол з разнастайнымі стравамі.

Радзевіч катаванняў не вытрымаў, падрабязныя паказанні даў і сакратар пінскага павятовага аддзялення «Дэмакратычнага таварыства» памешчык Арэшка. Ён жа 11 ліпеня паведаміў турэмным уладам пра падрыхтоўку ўцёкаў арыштаваных. Уцёкі арганізоўваў рускі афіцэр Аглай Кузьмін-Караваеў, падпаручнік Інгерманландскага палка, і Дэ-Люсіне, прапаршчык Эстляндскага егерскага палка. Была выкрытая таемная арганізацыя афіцэраў розных часцей віленскага гарнізона, якія справай імкнуліся даказаць жыхарам колішняй Рэчы Паспалітай, што існуюць рускія, якія з’яўляюцца іхнімі сябрамі. Было асуджана 24 афіцэры, большая частка якіх загінула пасля на Каўказскай вайне, за выключэннем двух чалавек, якія памерлі падчас следства і аднаго, які звар’яцеў. Калі ўцёкі праваліліся, а Радзевіч пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, Канарскі і Савіч вырашылі ўсю віну ў арганізацыі таемных таварыстваў узяць на сябе.

Савіч перадаў у рукі следчых галоўны дакумент яго арганізацыі — арыгінал статута «Дэмакратычнага таварыства», схаваны ў прыбіральні Медыка-хірургічнай акадэміі. Гэта была невялічкая, пераплеценая ў добрую ўзорчатую паперу, кніжачка, якую можна было захоўваць у кішэні.

Здзіўленню Трубяцкога не было межаў: замест заяў пра падрыхтоўку паўстання па заданні ў статуце пісалася пра асветніцкі характар таварыства. Аднак, нягледзячы на гэта, удзельнікі таварыства былі аддадзеныя пад ваенна-палявы суд за падрыхтоўку ўзброенага паўстання. 9 студзеня 1839 распачаўся суд па справе «Аб Канарскім і саўдзельніках». 31 студзеня быў вынесены прысуд, згодна з якім былі асуджаны 24 чалавекі, з якіх 18 — студэнты-медыкі і 6 мяшчан. Савіч, Загорскі і Рапчынскі былі асуджаны да ссылкі на Каўказ у салдаты без выслугі, а астатнія — з правам павышэння па службе. Канарскі ж быў асуджаны на расстрэл, а сябры яго арганізацыі «Саюз польскага народа» накіраваныя на катаргу ў рудніках Забайкалля.

 

«Я павінен быў страляць у чаркесаў»

Па дарозе ў Тыфліс (Тбілісі), дзе асуджаных падпольшчыкаў павінны былі разаслаць па палках, Савіч цяжка захварэў. Тры тыдні ён праляжаў на мяжы жыцця і смерці ў турэмным шпіталі ў Стаўрапалі, але малады арганізм перамог хваробу.

Чакаючы выпраўлення ў войска, ён вывучаў мовы народаў Каўказа і пасябраваў з палонным горцам Алі, правадыром аднаго з плямёнаў.

Той даў Францу рэкамендацыйныя лісты да сяброў у Тыфлісе.

Аднак тых сяброў Савіч, збегшы з тыфліскіх кашараў, не адшукаў, быў схоплены і трапіў у раён баявых дзеянняў. Пазней Савіч успамінаў:

«Я павінен быў страляць у чаркесаў, якія маёй радзіме і мне нічога дрэннага не зрабілі, павінен быў ахоўваць справы, якія супярэчылі маім перакананням, ваяваць для карыслівасці і інтарэсаў прыгнятальнікаў, станавіўся супроць тых, хто змагаўся за сваю свабоду. Я не мог абараняць справу, якая супярэчыла маім перакананням».

Вясной 1840 Савіч наладзіў ліставанне з сябрамі і даведаўся пра цяжкі лёс іншых удзельнікаў «Дэмакратычнага таварыства». Чацвёра з якіх (Машкоў, Цэханоўскі, Казакевіч і Мількоўскі) ужо загінулі ў баях. Так імперыя рукамі адных падпарадкаваных народаў скарала іншыя. Франц, які служыў у 9-м Грузінскім лінейным батальёне, здолеў уладкавацца лекарам у мястэчку Жыранча, але «думы аб вызваленні» яго не пакідалі: «Свабода была маёй запаветнай марай, мэтай жыцця. Адзіным сродкам яе дасягнення лічыў уцёкі».

Затым быў Кізляр, дзе лютавала эпідэмія. Урачоў не хапала, і яго здольнасці зноў спатрэбіліся для барацьбы з хваробай. Статус медыцынскага супрацоўніка даваў больш свабоды. Савіч нават уладкаваўся настаўнікам дзяцей у мясцовых купцоў. Адзін з іх, армянскі гандляр, параіў Савічу ўцякаць за мяжу праз Таганрог.

Там жыў брат гандляра, і адтуль штодня морам выпраўляліся некалькі грэчаскіх караблёў. Аднак спачатку трэба было дабрацца ад Каспійскага да Азоўскага мора.

І дзейнічаць неабходна было тэрмінова, таму што восенню 1840 у Вільні зноў пайшлі арышты і ператрусы. У Мавея Лавіцкага, удзельніка «Дэмакратычнага таварыства», які застаўся па-за пільнай увагай следства, паліцыя выявіла «Нарыс духу Віленскай акадэміі», у якім падрабязна паказана роля Франца Савіча ў стварэнні арганізацыі. У Пецярбург паляцеў запыт вярнуць у Вільню Савіча, як «самага злоснага і важнага злачынца». Але, пакуль дазвол быў атрыманы, не стала Савіча.

22 красавіка 1841 на беразе Церака было знойдзена толькі яго адзенне і запіска, у якой ён паведамляў, што ідзе тапіцца.

 

«…Голас з роднай Літвы даходзіць да мяне»

А сам Савіч, пакінуўшы адзенне і запіску, накіраваўся стэпам на Захад, у Таганрог. Ён змог здабыць сабе даведку, што з’яўляецца афіцэрскім фурманам, які з заданнем ідзе да Азоўскага мора.

«Спачатку было цёмна, — успамінаў пасля Савіч, — толькі зоркі міргалі ў небе, але калі а першай гадзіне ночы выйшаў з Кізляра, узышоў месяц, асвятліў раўнінны стэп, поўны ценяў, далёкі і ціхі; азірнуўся на горад і горы Каўказа, горкія слёзы суму напоўнілі мае вочы. Навокал у стэпе было так спакойна і ціха, што здавалася, быццам голас з роднай Літвы даходзіць да мяне, але гэта быў толькі голас маіх надзей, голас майго сэрца».

Савіч разумеў, што ў яго самагубства жандары не павераць і будуць шукаць. Але шукалі ў гарах, а ён рухаўся ў зусім іншым кірунку, абыходзячы жытло і хаваючыся ад казацкіх раз’ездаў. У дарозе яго хацелі абрабаваць два калмыкі на вярблюдах.

Але Савіч, выхапіўшы кінжал, даў адпор рабаўнікам. Некалькі разоў яны кідаліся на Франца, і кожны раз цярпелі няўдачу. Нарэшце Савіч адкупіўся ад іх, пакінуўшы трохі ежы.

Знясілены цяжкай дарогай, ён вымушаны быў шукаць паратунку на казачым хутары, дзе яго прытулілі і забяспечылі прадуктамі. Савіч разумеў, што дабрацца да мора аднаму, безабароннаму, ва ўмовах стэпу, дзе пануе закон сілы, было практычна немагчыма. Таму далучыўся да суполкі чумакоў, якія гналі на захад вялізны статак валоў.

Па дарозе яны згубілі аднаго і з радасцю прынялі Савіча. Пры канцы лета 1841 Савіч на валах дабраўся да Таганрога.

Там ён знайшоў брата армянскага купца, але высветлілася, што морам збегчы няпроста: караблі, асабліва замежныя, пільна даглядаюць. Нават у моры іх спыняюць і правяраюць. Армянскі гандляр параіў прабірацца ў Румынію разам з чумакамі.

Савіч далучыўся да чумацкага абоза, які вёз соль у мястэчка Балты ў памежнай паласе. Але у дарозе яго падвяло здароўе. І зноў выпадак прыйшоў на дапамогу Савічу: мясцовы доктар Ушынскі разглядзеў у запыленым бедаку незвычайнага падарожніка.

Ён паклаў Савіча ў шпіталь, а пасля выздараўлення дапамог яму грашыма, харчаваннем і вопраткай. Румынія была побач, Франц змяшаўся з натоўпам цыганоў і рушыў да мяжы. Але памежнікі адразу вылучылі сярод вандроўнага племені чалавека са светлым колерам скуры і вачэй, які ні слова не ведаў па-румынску.

Савіч адмовіўся назваць сапраўднае імя і як бяздомны бадзяга быў адпраўлены ў турму ў Ціраспаль, дзе прабыў амаль два гады. Пасля выйшаў загад імператара Мікалая І аб накіраванні ў салдаты ўсіх арыштаваных на мяжы сялян і падазроных асоб, Савіч зноў у 1844 годзе апынуўся ў войску. Толькі цяпер не на Каўказе, а зусім побач з Радзімай — у Чарнігаўскай унутранай варце.

 

Верны клятве Гіпакрата

Уважлівы да дробязяў, Савіч прыкмеціў, што батальённы фельчар зусім не арыентуецца ў медыцыне.

Савіч прапанаваў яму дапамогу і быў залічаны санітарам у вайсковы шпіталь. Тры месяцы тайна вучыў фельчара. Падзякай сталі надзейныя дакументы, паліто, бялізна, тры чырвонцы і дапамога ва ўцёках. У выніку з Чарнігава Савіч на брычцы выехаў у Кіеў. Але дарогай здарылася чарговая недарэчнасць — фурман абрабаваў яго.

Давялося дабірацца да Кіева з сустрэтымі на пераправе праз Дзясну чумакамі. Кіеўскія студэнты здабылі для Франца дакументы на імя доктара Гельгега.

Савіч не пакідаў думкі выправіцца за мяжу, каб там знайсці дапамогу і падтрымку эміграцыі, пасля чаго зноў вярнуцца на Радзіму для падрыхтоўкі паўстання супраць самадзяржаўя. Але ў дарозе ён вывіхнуў нагу і спыніўся ў мястэчку Янішпаль Жытомірскага павета.

Каб зарабіць на кавалак хлеба, Савіч пачынае займацца медыцынскай практыкай. Спачатку лячыў местачкоўцаў і сялян проста за ежу. Пасля вестка пра таленавітага доктара разнеслася па ваколіцы і да яго пацягнуліся заможныя гандляры і чыноўнікі. У выніку яму прапанавалі застацца ў Янішпалі і нават запісалі ў аднадворцы. Але Савіч не адмовіўся ад сваіх планаў, здзяйсненне якіх і так зацягнулася на шэсць гадоў цяжкіх выпрабаванняў. Ён атрымлівае ад гарадскога кіраўніцтва замежны пашпарт і дазвол на выезд за мяжу.

Але чарговы раз у яго жыцці выпадак перакрэсліў планы: у Янішпалі пачалася эпідэмія халеры.

Верны клятве Гіпакрата, Савіч адкладае выезд і ўвесь аддаецца выратаванню мясцовых жыхароў, якія далі яму прытулак у цяжкую часіну. Шмат жыццяў было выратавана, але арганізм самога доктара паддаўся хваробе. Савіч адчуваў, што шанцаў выжыць няма, і пачаў запісваць успаміны.

Калі самастойна пісаць больш не мог, запрасіў знаёмага польскага паэта Аляксандра Грозе, якому раскрыў таямніцу сваёй асобы, перадаў асабістыя паперы і ўзяў абяцанне надрукаваць дакументы і расказаную гісторыю жыцця кіраўніка таемнага «Дэмакратычнага таварыства». У канцы 1845 Савіч памёр і быў пахаваны ў Астрожку ва Украіне. Грозе не стрымаў слова.

Толькі праз 46 гадоў іншы чалавек, Э. Геленіюш, выдаў успаміны і дакументы Франца Савіча, які ўсё жыццё думаў пра іншых, рабіў усё магчымае ў імя Радзімы, але вымушаны быў памерці, быццам стомлены вандроўнік, на сярэдзіне шляху, так і не дасягнуўшы мэты.

Але постаць яго засталася пуцяводнай зоркай для наступнікаў, неаднойчы з’яўляючыся на старонкаў успамінаў і паказанняў удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў.

Васіль Герасімчык, Наша Ніва


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика