Калі я кажу “кепская кніга”, то маю на ўвазе толькі адно: мне было фізічна кепска, калі я яе чытаў. Уістан Х’ю Одэн, крытык даволі паблажлівы, быў бязлітасны толькі ў адным выпадку: калі кніга здзекуецца з мовы, на якой напісаная. “Такое нельга дараваць і пра гэта абавязкова трэба пісаць”, – казаў ён. Раман “Бывший сын”, па-мойму, якраз такі выпадак недаравальнага здзеку з мовы.
Якабсон мысліў літаратуру як “дынамічную маўленчую структуру”, здольную да развіцця і рэгенерацыі. Каб развівацца, літаратура вымушаная трымаць планку і глядзець у кірунку абнаўлення. Інакш – непазбежнае гніенне і блеф перад чытачом. Раман Філіпенкі і з’яўляецца ўзорным блефам, адно што скіраваны ён хутчэй на чытача расійскага, а менавіта на частку інтэлігенцыі ліберальных поглядаў, якая, атрымаўшы пацверджанне цэлай плойме стэрэатыпаў пра Беларусь, мусіць прасякнуцца момантам поўнага супадзення з аўтарам і ўвайсці ў катарсіс.
“Бывший сын” – класічны прыклад “культурнага прадукту на экспарт”. Ён пакліканы распавесці іншаземнаму чытачу пра невядомую ці малавядомую рэальнасць і гэтым паспрыяць пашырэнню ведаў пра пэўную краіну. Нярэдка ў твор, нібы тыя духмянасці, дадаюцца экзатычныя дэталі і дробязі, якія найбольш і чапляюць рэцыпіента. Потым ён будзе асацыяваць краіну з “фішкамі”, якія запомніў з “экспартнай” кнігі ці кінастужкі. Нярэдка такія “фішкі” бяруць на ўзбраенне турыстычныя фірмы і робяць спецыяльныя экскурсіі. Ёсць адпаведныя фільмы ў Берліна, Парыжа, нават у Казахстана. З літаратурай крыху па-іншаму, хоць пэўная ўвага рынку да свайго кшталту “арыенталісцкай” літаратуры заўсёды трымаецца на высокім узроўні. Іншая рэч, што ўвага гэтая залежыць якраз ад узроўню, а не ад тэмату-праблемату: тая ж Святлана Алексіевіч ці Рышард Капусцінскі, выяўляючы, у першым выпадку, “эпоху чырвонага чалавека” ці падрабязна знаёмячы, у другім выпадку, з ладам жыцця за імператарам Хайле Сэлас’е, укладваюць у кнігу фантастычны аб’ём сэнсу. Ён, як дыямент, зіхаціць дзясяткамі граняў, і водсветы гэтых бліскаў, нават праз пераклад і натуральныя дробныя страты ў разуменні чытачом з іншай культуры, даходзяць да “чалавека сусветнага”.
Гэта калі казаць пра нон-фікшн. З раманаў мне чамусьці прыгадваецца кніга Марыны Лявіцкай “Кароткая гісторыя трактароў па-ўкраінску”, якая ў свой час атрымала шырокі розгалас у Еўропе і нямала паспрыяла таму, што цяпер там крыху больш ведаюць пра Украіну і яе даваенную гісторыю. Хоць на першы погляд – раман раманам, трывіяльная сямейная сага, дзе грамадзянкі Вялікабрытаніі, дзве дачкі, ніяк не могуць укруціць назад звіліны старому нямогламу бацьку, якога захамутала маладая эмігрантка. Але смак у тым, што дзеянне адбываецца на вачах украінскай дыяспары, і тая маладуха – новая хваля эміграцыі, з раптоўна ўнезалежненай УССР. Праз усё векавое жыццё сям’і праходзіць рэвалюцыя, УНР, грамадзянская вайна, галадамор, рэпрэсіі, паваенныя DP-лагеры, але ўсе гэтыя малацікавыя англійскаму чытачу факты ўплеценыя ва ўспаміны бацькоў, да якіх была далучаная, але хоча іх пазбыцца старэйшая дачка, а малодшую ўсё жыццё ахоўваюць ад гэтых успамінаў, дзякуючы чаму паміж сёстрамі ідзе сапраўдная вайна за памяць. Гісторыя Украіны робіцца для сясцёр разнавіднасцю страхаў амаль фрэйдысцкай глыбіні, і расфарбаваная эмігрантка, якая ўломваецца ў іх жыццё і жэніць на сабе 90-гадовага бацьку з меркантыльнымі мэтамі, разбурае іх абарону і абрынае сям’ю ў поўную разгубленасць. Праз усю кнігу бацька чытае дзецям свой opus magnum – кнігу пра развіццё машын у сельскай гаспадарцы: ад драўляных прыладаў да трактароў з сучаснымі рухавікамі.
Такая тонкая гульня і ненавязлівая гістарычная адукацыя ад Марыны Лявіцкай мне некалі вельмі спадабаліся, і ад кнігі Філіпенкі, уганараванай нейкай прэміяй, я чакаў чагосьці падобнага. Расчараванне было жахлівае. Быццам аўтар згенераваў у адзін файл загалоўкі “Хартыі-97” за апошнія 15 гадоў, крыху разбавіў Вікіпедыяй і акуратна расклаў у глоткі герояў, каб вывальваліся перыядамі-маналогамі, недзе па 4 кніжныя старонкі на кожны. Пераход з маўлення персанажаў да маўлення апавядальніка, канечне, амаль не заўважны: усё вытрымана ў адным драўляным журналісцка-блогерскім стылі, бракуе толькі сотні “заінстаграмленых” фотачак. “Каждый год в день педагогического совета в школу приглашали гостя. Как пить дать – ветерана. Обязательно в орденах, желательно с тростью. На сцену актового зала выносили стол, вазу и три гвоздики. Живые или искусственные (как получалось). Затем на сцену поднимался сам ветеран. Лицеисты аплодировали и комментировали: “Смотри, песок на ступеньках остался… Сейчас начнет, пердун старый, басни задвигать… отставной козы барабанщик!” Вам не блага ад гэтай цытаты? Мне блага. Нібыта з’еў бутэрброд з пластмасавай каўбасой. Лепш не робіцца і ад сузірання кардонных герояў антыподаў. Бо Філіпенка, калі ўжо хоча падкрэсліць негатыўнасць персанажа, то робіць з яго рэальнага монстра, а станоўчы, канечне, – святы ўгоднік. Карацей, дзіцячы падыход да прозы і будавання сістэмы персанажаў.
Той аб’ём сэнсу, пра які гаварылася вышэй у сувязі з Алексіевіч і Капусцінскім, тут надзвычай бедны: хлопца расціскаюць на Нямізе ў 1999-м, і ён на гады правальваецца ў кому. Хапіла б, можа, на невялікую прыпавесць ці апавяданне (і гэта, падкрэслю, былі б вельмі добрыя прыпавесць і апавяданне), таму раман непазбежна ператвараецца ў распісванне сінопсісу і казку пра белага бычка, з навешваннем прыколаў, цытатак і алюзій. Калі ўспомніць хрэстаматыйны верш Маякоўскага, можна яшчэ ўсміхнуцца, што “в городе, который больше напоминал сифилитика, таял асфальт. От жары”. Але ў большасці выпадкаў цытаты і алюзіі выглядаюць як знакамітае “чаркаскае сядло”. Пра “Циска”, “германтов” і г.д. гаварыць не буду – гэта проста за межамі дабра і зла.
Дзмітрый Быкаў нядаўна казаў пра тое, што Нобель усё часцей даецца літаратарам, якія адкрываюць для чытача новую краіну. Якая краіна адкрываецца пасля прачытання Філіпенкі? Тут вырубаюць wi-fi пасля 18.00, тут страшна хадзіць па вуліцах, тут людзі ўсе з мёртвымі шэрымі вачыма і ў мёртвай шэрай вопратцы. Тут царуе зло, непераможнае і бязлітаснае, тут душыцца ўсё, што рухаецца, тут поўная бесперспектыўнасць, пустка і змрок, кепская архітэктура, храновае надвор’е. Адзіная магчымасць штосьці змяніць – з’ехаць адсюль.
Вось такі экспартны прадукт. Можна зразумець, чаму рускія даюць за такую прозу прэміі. Гэта найлепш пасуе да іх успрымання Беларусі як лашарнага краю бульбы і трактароў. Але ў нас, я думаю, такую кнігу нават не выдалі б.
Таму што час выдання бяздарна напісаных кніг пра тое, як у нас усё кепска, даўным-даўно прайшоў. І дзякуй Богу.
Ціхан Чарнякевіч