«Слухай, нас запрасілі на этнапаказ у Нацыянальнай школе прыгажосці. Мы табе акурат класны строй пашылі. Не хочаш паўдзельнічаць?”
Прапанова майстрых, сябраў “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” Насты Глушко і Наталлі Ярмалінскай, крыху агаломшыла.
Строй, канечне, цудоўны: дзяўчаты-чараўніцы з СЭТ яго шылі больш за год, дакладней рэканструявалі паводле фасонаў Заходняй Беларусі. Але якая з мяне мадэль?
Ад абвесткі Фестывалю беларускай моды “Этна Стыль” у сацыяльных сетках павявала афіцыёзам: “культурнае і эстэтычнае выхаванне моладзі”, “папулярызацыя вопраткі беларускай вытворчасці сярод насельніцтва” і далей па тэксце. Арганізатар – Нацыянальная школа прыгажосці, дзяржаўная ўстанова адукацыі. Чаго можна чакаць ад бюракратычнай сістэмы?
Да “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” за іх 17-гадовую гісторыю fashion-індустрыя звярнулася ўпершыню. Да гэтага паміж аматарамі аўтэнтыкі і дызайнерамі адзення не было нават асабістых кантактаў. Хіба што за выключэннем вядомага брэнда LSTR. Спецыяльна для яго Наста Глушко распрацавала дызайн мужчынскіх кашуль у народным стылі.
– Адкуль увогуле з’явілася ідэя? – распытваю пра імпрэзу, пад якой мяне запрашаюць падпісацца.
– Яны паглядзелі Ukrainian Fashion Week і захацелі зрабіць у нас гэтак жа, – кажа Наста.
– Той паказ старых строяў? Як вы думаеце, які там быў бюджэт і ці ёсць ён у гэтых арганізатараў?
– Вялікі. Няма. Наш інтарэс – паказаць дызайнерам сапраўдны беларускі строй, якога яны, можа, у жыцці не бачылі, – упэўнена кажа Наста.
***
Паміж перасоўнымі вешалкамі з вопраткай мітусліва снуюць хлопчыкі і дзяўчынкі. На фоне мадэляў я са сваімі 170 см і 55 кг адчула сябе тоўстым карлікам.
– Так, кто у меня выходит в платьях?!
Побач з намі маладзенькі хударлявы дызайнер у джынсах-слімах і світшоце з залацістым прынтом уласнага аўтарства робіць прымерку сваёй калекцыі.
– Калі не ціснуць пасталы, магу даць ваўняныя панчохі! А ты чаму без завушніц? – мастачка і знаўца этна Святлана Клепікава правярае завершанасць кожнага вобразу.
– Каму завязалі хустку, ідзіце на макіяж! – сябра СЭТ Ганна Сілівончык паказвае на смартфоне прыклад мэйкапу з бэкстэйджу нашумелага ўкраінскага этнапаказу “Vytoki”.
– Дзяўчаты, сядайце лепей да Сашы. У нас сёння 200 мадэляў на два візажысты. Таму каб вы хутка: адна за адной да яе ў крэсла, – на бягу раіць супрацоўніца школы прыгажосці Алена.
Фота з праекта ўкраінскіх калегаў усё ж не дапамагло: нам нафарбавалі вусны ружовым бляскам з эфектам ззяння.
Мы прадставілі 14 строяў з усіх шасці гісторыка-культурных рэгіёнаў Беларусі. Я прэзентавала Наваградскі раён Панямоння. У асноўным гэтае адзенне дзяўчаты пашылі самастойна на гуртках СЭТ. У адрозненне ад Украіны, у нас слаба захавалася старая вопратка. Калекцыянер “старовинного одягу” ў Беларусі – такую не тое што прафесію, але нават хобі цяжка ўявіць. Гэтая акалічнасць падштурхоўвае развіццё мастацкай рэканструкцыі строяў. Не пабаюся быць перадузятай: “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” – безумоўныя лідары. Асобных фанатаў гэтай справы можна знайсці ў раённых цэнтрах рамёстваў і музеях.
Перад выхадам да мяне падышоў каларытны спадар у канфедэратцы з шабляй, што ўдзельнічаў у паказе разам з жонкай:
– Які адсотак шляхты быў у Наваградскім павеце?
– Ммм… я не чытала перапіс…
– А ў нас у Бабруйскім – кожны сёмы.
– Вы з Бабруйску?
– У нас там летняя рэзідэнцыя, а зімняя – на Гарадзеншчыне, – усміхнуўся чалавек у шляхецкім строі.
Этнаграфіяй і гісторыяй трэба жыць! Тады гэта натуральна і прыгожа.
У холе паміж сталамі з фуршэтам (дарэчы, на яго “скінуліся” дызайнеры-ўдзельнікі фестывалю) і манекенамі ад прадпрыемства “Скарбніца” праходжваліся госці. Зайграла скрыпачка з гармонікам: мы рабілі дэфіле пад жывую музыку.
“Лепельшчына: жаночы строй. Полаччына: дзявочы строй”, – этнограф і сувядоўца кулінарна-гістарычнага шоў “Беларуская кухня” на БТ-2 Ларыса Мятлеўская вяла і гэтую імпрэзу.
Неяк незаўважна з’явіліся дзве даўганогія мадэлькі ва ўбранні, падобным на касцюм Снягурачкі. У святле зіхацелі стразы і бліскаўкі на іх бела-чырвоных сукенках і каронах-какошніках. Суправаджаў гэтых казачных персанажаў хлопец у красоўках і швэдры LSTR. Запрошаны бамонд дапіў віно, Ганна Сілівончык раздала інтэрв’ю, журналісты запісалі стэнд-апы на фоне дзяўчат у строях.
Дзеянне перамясцілася ў т.зв. дэманстрацыйную залу, дзе ўжо дэфілявалі мадэлі ў дызайнерскіх калекцыях.
Сцэну ўпрыгожвалі два палотнішчы з арнаментамі, якія, мабыць, мелі сімвалізаваць ручнік. Пакрыццё подыума ў Нацыянальнай школе прыгажосці звычайна шэрага колеру. Для “Этна Стылю” на яго паклалі светлы ДСП. Відаць, гэта мусіў быць быць эфект сена.
Крытыку калекцый пакінем адмыслоўцам у дызайне. З паказанага ў той вечар я мала што купіла б сабе для паўсядзённасці ці ўрачыстасцяў. А вось часткі свайго наваградскага строю я лёгка спалучаю са звычайным адзеннем і задаволеная, апранаюся так ці не штодня.
Пасярод паказу ў суправаджэнні хлопчыка-мадэлі з’явілася яшчэ адна дзяўчына ў зіхатлівым туалеце. Неўзабаве яна апынулася на подыуме. Аказваецца, гэта сёлетняя прадстаўніца Беларусі на спаборніцтве “Miss International”! З Японіі адразу на “Этна Стыль”. На ёй – конкурсны нацыянальны касцюм: сукенка-трансформер з пейзажамі радзімы.
***
Дзяўчаты з СЭТ неяк хутка разбегліся дадому. Ніхто з дызайнераў, каб бліжэй разгледзіць дэталі строю, да мяне не падышоў. Ні чорныя арнаменты на сарочцы, вышытыя процягам Настай Глушко, ні аздабленне фартуха ў складанай тэхніцы хардангер, густоўна падабранае Святланай Клепікавай, ні ўзоры і спалучэнне колераў на пасе паводле варыянту з вёскі Збляны Лідскага раёна. Майстар Сяргей Макарэвіч перасяліўся са сталіцы ў глыбінку, каб працаваць у раённым ДК і вывучаць традыцыйную культуру.
Усеагульная ўвага дасталася Іллю Аксёнаву. Стваральнік брэнда LSTR удзельнічаў у “Этна Стылі” разам з дызайнеркай Анастасіяй Фальковіч. З Іллём час ад часу нехта прасіў сфатаграфавацца. У канцы да яго звярнуўся дызайнер Нацыянальнай школы прыгажосці:
– Ілля! Рады з вамі пазнаёміцца! Зрабіце мне світшот, калі ласка. Бачыце, Антось Ярошчык мне ўжо падарыў, – мужчына паказаў на залацісты прынт.
Ілля з веданнем справы памацаў трыкатажную тканіну ды паглядзеў на швы:
– Добра, тэлефануйце. Зробім для Вас байку.
Хрысціна Марчук
Фота: Зарына Кандрацьева