Таварыству беларускай мовы варта ўвась час звяртацца да новых метадаў дзейнасці. Па-першае, гэта не сумна, па-другое, можа прынесці нечакана добры вынік. Адным з іх можа стаць фестываль беларускай мовы.
Фестывалі, звязаня з мовамі, можна ўмоўна падзяліць на шматмоўныя і аднамоўныя. Абодва тыпы вельмі распаўсюджаны ў свеце. Шматмоўныя фестывалі ўжо праходзяць у Мінску. 31 сакавіка 2013 годзе пры падтрымцы Філалагічнага факультэта БДУ адбыўся Першы мінскі фестываль моў.
Самы першы фестываль моў прайшоў у 1995 годзе ў горадзе Тур у Францыі. Яго арганізаваў, як ні дзіўна, эсперантыст і грамадскі дзеяч Дэніс Кіф. Мэта фестываля – раскрыць перад наведвальнікамі моўную разнастайнасць у форме прэзентацый, прысвечаных мовам. У наступным годзе адбыўся фестываль у сталіцы Чувашыі, Чэбаксарах, дзе яны праводзяцца і па сёння. Яшчэ такія фестывалі праводзіліся ці праводзяцца ў Аўстраліі, Бельгіі, Венесуэле, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітаі, Малдове, Расіі, Украіне, Швецыі. Адзначаецца, што найбуйнейшым быў фестываль у кітайскім Нанкіне ў 2008 годзе, які за два дня сабраў 13,5 тысяч наведвальнікаў. Там было прадстаўлена звыш 70 моў. У Расійскай Федэрацыі фестывалі рэгулярна адбываюцца ў шасці гарадах.
Аснову фестываля складаюць прэзентацыі, якія доўжацца па 30 – 50 хвілін. Пераважная большасць прэзентацый расказвае пра асобную мову. Вядзе прэзентацыю знаўца гэтай мовы. Паколькі прэзентацый шмат, то некалькі з іх адбываюцца паралельна, таму, на жаль, наведаць іх усе аднаму чалавеку немагчыма. Фестывалі гэтага тыпу звычайна праводзяцца ва ўніверсітэтах, дзе лёгка можна заняць некалькі аўдыторый адначасова.
Каб наведвальнік загадзя выбраў, што наведаць, прэзентацыі анансуюцца. Гэта можна рабіць на стэндзе, але бываюць таксама тэатралізаваныя анонсы падчас цырымоніі адкрыцця фестываля. Займальнасць і захапляльнасць – важныя рысы прэзентацый. У якасці прыклада паглядзіце апісанне прэзентацыі славацкай мовы з Мінскага фестываля, якую ладзіў Павел Рааго, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
“Для большасці беларусаў Славакія — гэта белая пляма на мапе Еўропы, краіна «ў ценю» суседкі Чэхіі. Гарналыжныя курорты, хакей, Браціслава — вось, відаць, і ўсе асацыяцыі, якія выклікае гэта маленькая цэнтральнаеўрапейская краіна ў чалавека, які там ніколі не быў. Але ж гэта яшчэ і зямля старажытных замкаў, неапісальнай прыгажосці гор, тысяч гаючых мінеральных крыніц і, канешне, спеўнай славацкай мовы. Мовы, такой блізкай да нашай як гучаннем, так і сваім гістарычным лёсам.
Завітайце на маю прэзентацыю, і вы даведаецеся:
- чаму славацкую мову называюць «славянскім эсперанта»;
- якое славацкае слова з’яўляецца самым выдомым у свеце;
- за што славакі ненавідзяць літару У;
- чаму палешукам прасцей вывучаць славацкую, чым астатнім беларусам;
- ці можа мова спрыяць палавой няроўнасці;
- як чытаць словы і цэлыя сказы без галосных гукаў;
- а таксама яшчэ шмат усяго цікавага пра мову, якая разам з польскай займае трэцяе месца па ступені блізкасці да беларускай…
Акрамя таго, вы навучыцеся, як павітацца і развітацца адным словам, і атрымаеце невялікія падарункі, што дапамогуць вам зрабіць першыя крокі на шляху ў такі цікавы і захапляльны свет славацкай мовы”.
А вось змест прэзентацыі каталанскай мовы заўзятара розных моўных фестываляў Міхася Камінскага, сябра Маскоўскай суполкі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».
“Ці вы ведаеце, што:
· па-каталанску размаўляе больш за 11,5 мільёна асоб;
· каталанская мова распаўсюджаная ў 4 дзяржавах Еўропы;
· у адной з незалежных еўрапейскіх краін каталанская — адзіная дзяржаўнай мова;
· каталанская НІКОЛІ не была дыялектам іспанскай мовы;
· каталанская — гэта першая раманскія мова, якая была выкарыстаная для напісання філасофскіх твораў;
· з усіх раманскіх моў толькі ў каталанскай літаратурная проза з’явілася раней пісьмовай паэзіі;
· у такім шматнацыянальным горадзе, як Барселона, каб уладкавацца на любую дзяржаўную працу (нават паштальёнам або дворнікам), трэба абавязкова прайсці тэст на веданне каталанская мовы;
· каталанская ўваходзіць у дваццатку самых папулярных моў Інтэрнэту;
· менавіта раздзел на каталанскай мове стаў трэцяй моўнай версіяй Вікіпедыі, створанай усяго толькі на некалькі хвілін пазней нямецкай;
· цяпер па колькасці артыкулаў каталанская Вікіпедыя займае ганаровае 17-е месца, а па якасці знаходзіцца на 2-м месцы сярод усіх моўных раздзелаў?
Ці вы хочаце ведаць болей? Тады прыходзьце на прэзентацыю каталанскай мовы і спаталіце сваю смагу пазнання!”
На фестывалях прэзентуецца і беларуская мова.
Акрамя прэзентацый і цырымоніі адкрыцця, на фестывалях чытаюцца лекцыі, арганізуюцца моўныя гульні і конкурсы, адбываецца конкурс прэзентацый, ладзяцца гасцёўні для размоў на пэўнай мове, выстаўляюцца навінкі літаратуры, праводзяцца канцэрты, а таксама цырымонія закрыцця з уручэннем дыпломаў і падарункаў і г.д. На Пекінскім фестывалі праводзяцца спецыяльныя прэзентацыі, прысвечаныя кар’ерным магчымасцям у галіне лінгвістыкі. Фестываль можа ўзаемадзейнічаць са школамі.
Прэзентацыі можна зрабіць складовай часткай фестываля беларускай мовы. Што можна на іх прадставіць? Па аналогіі са шматмоўнымі фестывалямі, адразу ж напрошваецца варыянт з дыялектамі беларускай мовы. Прычым, не толькі на сучаснай тэрыторыі краіны. Можна запрасіць носьбітаў мовы з памежных раёнаў суседніх дзяржаў, а таксама і беларусаў з далёкага замежжа. Такія прэзентацыі не абавязкова павінны быць прысвечаны мове ці толькі мове: яны могуць распавядаць пра асаблівасці бытавання беларускай дыяспары, мясцовы фальклор, узаемадзеянне з прадстаўнікамі іншых народаў і г.д.
Яшчэ адна магчыма група прэзентацый – прафесійныя. Прадстаўнікі розных спецыяльнасцяў, якія размаўляюць на працы па-беларуску, могуць распавесці пра спецыфіку свайго ўзаемадзеяння з кліентамі, пра тэрміналогію і г.д.
Варта арганізаваць кірмаш праектаў: прэзентацыі ці стэнды новых беларускамоўных ініцыятыў у сферы адукацыі, кнігавыдання, СМІ, грамадскай актыўнасці, культуры, бізнесу. Трэба запрасіць кампаніі, што выкарыстоўваюць мову ў афармленні прадукцыі. Вельмі важна зрабіць кірмаш вакансій, для заняцця якіх патрабуецца валоданне беларускай.
Даследчыкі могуць у папулярным выглядзе прэзентаваць вынікі сваіх навуковых прац па лінгвістыцы, гісторыі беларускай мовы, сацыяльных і псіхалагічных аспектах яе ўжывання і г.д. Натуральна, магчымыя і іншыя варыянты.
Міжнародная алімпіяда па беларускай мове – гэта тэма, якая заслугоўвае асобнага матэрыялу. Але такую алімпіяду можна спалучыць з фестывалем. Напрыклад, у правілах Міжнароднай алімпіяды па турэцкай мове пазначана, што каманды краін-удзельніц на цырымоніі адкрыцця абавякова павінны быць у нацыянальных строях, а таксама падрыхтаваць стэнд-прэзентацыю сваёй краіны.
Зараз пра “аднамоўныя” фестывалі. Яны, дарэчы, не заўжды праводзяцца ў краіне, дзе пэўная мова з’яўляецца найбольш распаўсюджанай. Напрыклад, у Малайзіі праводзіцца фестываль японскай мовы, а ў Сінгапуры – тамільскай. Можна паразважаць над магчымасцю зрабіць фестываль “вандроўным”, напрыклад, час ад часу праводзіць яго ў адной з суседніх краін.
Такія фестывалі могуць быць шматдзённымі культурнымі мерапрыемствамі, якія ўключаюць шырокі спектр імпрэзаў на пэўнай мове. Напрыклад, фестываль ірландамоўнай літаратуры ў Дубліне IMRAM уключае не толькі семінары, чытанні, прэзентацыі кніг, паэтычныя спаборніцтвы, творчыя майстэрні, але і шмат канцэртаў, кінапаказы, тэатральныя, у тым ліку лялечныя, пастаноўкі, выставу карцін, натхнёных цытатамі з ірландскай літаратуры, дэбаты і інш.
Яшчэ адзін прыклад – фестываль Tafwyl, які праводзіцца ў Кардыфе, сталіцы Уэльса, з 2006 года. Назва складаецца з двух слоў: Taf (рака, што цячэ прак Кардыф) і (g)wyl – фестываль.
Вось некаторыя з яго мэт:
ü даць магчымасць жыхарам сталіцы Уэльса і яе гасцям, дарослым і дзецям, апынуцца ў валійскамоўнай атмасферы, павысіць свой узровень валодання мовай,
ü прэзентаваць ідэі і праблемы валійскай мовы ў святочным, займальным выглядзе,
ü прапанаваць валійскамоўныя імпрэзы для людзей усіх узростаў,
ü павялічыць колькасць і якасць паслуг, што аказваюцца па-валійску.
Адна з мэт згаданага вышэй фестываля ірландамоўнай літартуры – служыць медыйнай нагодай, каб сродкі масавай інфармацыі звярталі больш увагі на ірландскіх аўтараў і іх кнігі.
Кардыфскі фестываль праводзіцца арганізацыяй “Menter Caerdydd”, спецыяльна заснаванай, каб пашыраць ужытак валійскай у Кардзіфе праз стварэнне магчымасцяў выкарыстоўваць мову па-за працоўным месцам ці навучальнай установай. Ён доўжыцца тыдзень і ўключае гасцёўні для тых, хто вывучае мову, канцэрты, лекцыі, тэатральныя пастаноўкі, спартыўныя гульні. Галоўнае мерапрыемства фестываля – кірмаш, які праводзіцца пад адкрытым небам у цэнтры горада.
Зусім не ўсе мерапрыемствы на кірмашы маюць непасрэдна “лінгвістычны” характар. Напрыклад, там гуляюць у розныя спартовыя гульні, вучаць цыркавому мастацтву і кулінарыі, там ёсць процьма заняткаў для дзяцей, у тым ліку для самых маленькіх. На кірмашы, натуральна, шмат чаго і прадаецца: ад сувеніраў да ежы. Але ўсе мерапрыемствы праводзяцца па-валійску. Ад фірм, якія выстаўляюць гандлёвыя намёты, патрабуецца, каб прадаўцы валодалі валійскай мовай.
Там ёсць і намёт спецыяльна для тых, хто вывучае валійскую мову, дзе анансуюць новыя моўныя курсы, ладзяць музычныя імпрэзы і г.д. Ёсць месца і для дыскусій па набалелых пытаннях. Таксама ёсць літаратурны намёт, дзе прэзентуюцца новыя выданні, а таксама можна навучыцца маляваць коміксы.
На фестывалі праводзіцца шматаспектнае даследаванне, якое ўключае апытанне наведвальнікаў аб іх уражаннях. Сярод таго, што найбольш спадабалася, наведвальнікі адзначалі “адчуванне валійскасці сваёй сталіцы, таго, што мова займае пачэснае месца ў горадзе; магчымасць свабодна размаўляць на мове; цёплую атмасферу, у якой ніхто не наракаў, што ты хіба троху ведаеш мову”. На пытанне, як змянілася іх стаўленне да валійскай мовы ў Кардзіфе, 58% наведвальнікаў зазначылі, што яны сталі больш ганарыцца, 25% больш даведаліся пра валійскамоўную культуру свайго горада, а амаль 19% – што пасля фестываля сталі больш упэўнена размаўляць па-валійску ў горадзе.
У даследаванні высвятлялася таксама, колькі на фестывалі зарабілі гаспадары гандлёвых намётаў. У сярэднім атрымалася па 620 фунтаў на чалавека, разам каля 12 з паловай тысяч. Прыбытак пастаўшчыкоў харчавання і бараў склаў каля 30.000 фунтаў. Увогуле, эканамічны чыннік можа быць важным падмуркам фестываля. Напрыклад, у Паўднёва-Афрыканскім горадзе Аўдтсхоорн праводзіцца штогадовы фестываль мастацтваў на мове афрыкаанс “Кляйн Каруу”, адзін з найбуйнейшых фестываляў краіны. Адзначаецца, што ён стаў крыніцай эканамічнага росту для самога горада і прылеглага рэгіёна.
У Беларусі назапашаны вялікі вопыт правядзення шматдзённых фестываляў і кірмашоў, таму арганізацыя не будзе праблемай. Некаторыя з гэтых мерапрыемстваў і зараз маюць дачыненне да мовы, напрыклад, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Змест фестываля беларускай мовы будзе залежаць ад энтузіязму і крэатыўнасці арганізатараў і ўдзельнікаў, а таксама ад фінансавых магчымасцяў і пазіцыі ўладаў. Найцікавей будзе спалучыць у адным фестывалі самыя розныя падыходы і мерапрыемствы. Але пры недахопе, скажам, фінансавання можна пачаць са сціплага фэсту, які потым можа зрабіцца буйным святам. Напрыклад, першы фестываль Tafwyl у Кардыфе у 2006 годзе наведала адна тысяча чалавек, а ў мінулым годзе – ужо амаль 14 тысяч. Падаецца, што, калі Таварыства сапраўды пачне рэалізацыю такога праекта, то ў нас не будзе недахопу і ў партнёрах.
Калі ў вас ёсць прапановы на тэму фестываля, пішыце па адрасе [email protected].