Нямое кіно, жывая музыка і свежае паветра гэта формула фестывалю “Кинемо”, які другі раз пройдзе ў Гродне 19-21 чэрвеня.
У дворыку Музея гісторыі рэлігіі можна будзе пабачыць еўрапейскую, амерыканскую і савецкую чорна-белую класіку ў суправаджэнні сучаснай беларускай музыкі.
У праграме гэтага году дзве амерыканскія стужкі Бастэра Кітана 1920-х гадоў “Навігатар” і “Асобы знак”, фільм Чарлі Чапліна “Імігрант” 1917 года, адзін з самых вядомых фільмаў у гісторыі кіно “Падарожжа на месяц” Жоржа Мэльеса 1902 года, а таксама авангарднае савецкае кіно Міхаіла Каўфмана (брата геніяльнага Дзігі Вертава) “Вясной”, у якім можна пабачыць Кіеў 20-х гадоў.
Жывую музыку да фільмаў выканаюць піяністка Тамара Серыкава (Беларусь-Нямеччына), мультыінструменталіст і імправізатар Віктар Сямашка (Мінск), ню-джазавы гурт Pafnutiy’s Dreams (Мінск), дуэт Вольгі Падгайскай і Віталя Эпава (Мінск), а таксама дыджэй Шмольц (Гродна).
Усе паказы будуць пачынацца ў 22.00. Колькасць білетаў абмежаваная.