8-9 верасня ў Вільні адбудзецца трэці міжнародны шоўкейс-фестываль What’s Next In Music. Арганізатары абвесцілі прыём заявак ад беларускіх артыстаў.
What’s Next In Music з’яўляецца пераемнікам Vilnius Music Week, які адбываўся з 2012 па 2015 год. Мерапрыемства ўключае серыю канцэртаў і прафесійную канферэнцыю, якая збірае прадстаўнікоў фестываляў, пляцовак і музычных мэнэджэраў з Літвы, Усходняй і Заходняй Еўропы.
У розныя гады на What’s Next In Music/Vilnius Music Week выступалі Super Besse, Mustelide, (((O))), Alexei De Bronhe, Teleport, Triangle і іншыя беларускія артысты. Арганізатарам фестывалю з’яўляецца Літоўская асацыяцыя музычнага бізнэсу, партнёрам у Беларусі – праект Experty.by.
– Беларускія артысты на нашым фестывалі заўжды цешылі яркімі выступамі і зрэдчас з’язджалі без кампліментаў, кантактаў ці прапаноў па выступах у Літве і суседніх краінах, – адзначае Вайдас Стацкявічус, дырэктар асацыяцыі.
Заяўкі на ўдзел неабходна дасылаць не паздней за суботу 10 чэрвеня на адрас [email protected] з тэмай WNM2017. Заяўка павінна ўключаць: 1) назву артыста, музычны стыль і колькасць чалавек у падарожжы; 2) спасылкі на старонку ў Facebook і адно канцэртнае відэа; 3) тэхнічны райдэр і кантакты.
Адабраныя для ўдзелу артысты атрымліваюць базавы бэклайн для выступу, размяшчэнне на адну ноч і харчаванне ў дзень канцэрта. Магчыма візавая падтрымка. Транспартныя выдаткі артысты пакрываюць самастойна.