30 траўня ў канцэртнай зале “Мінск” можна было сутыкнуцца з даволі дзіўнай публікай — на канцэрт GAMMA RAY і HELLOWEEN прыйшлі, скажам шчыра, не зусім тыповыя для гэтай установы наведвальнікі. Ды і сама зала на гэты вечар змяніла аблічча: не часта ў яе рэстаране пабачыш столькі доўгавалосых людзей у чорных майках.
Але галоўныя змены адбыліся, зразумела, на сцэне. Дзеля падзеі гэткіх маштабаў (а для фанатаў power metal гэты канцэрт па значнасці можна параўнаць з супольным выступам Стаса Міхайлава і Алены Ваенгі для кіроўцы маршруткі) шматлікі тэхнічны персанал пабудаваў сапраўднаю хэві-метал-інсталяцыю. Пасярэдзіне ўзвышаўся пандус для барабаншчыка, каб яго ігра не толькі адчувалася ўсім целам, але і была бачная гледачам, а па баках стаяла пара платформаў, каб астатнім музыкам было куды ставіць ногі, залазіць і, канечне ж, каб было адкуль скакаць.
Спачатку выступалі GAMMA RAY, і на першай жа песні зрабілася зразумела, што публіку асабліва не турбуе той факт, што яна ў канцэртнай зале і што тут падчас імпрэзаў трэба сядзець. Персанал КЗ з жахам у вачах глядзеў, як увесь гэты страката-чорны натоўп абступіў сцэну з усіх бакоў і заняў праходы, нават не паспрабаваўшы атрымаць асалоду ад сядзення на metal-канцэрце. Але самыя страшныя прароцтвы аховы і вахцёрак не здзейсніліся, і публіка не ўвайшла ва ўгар так, каб ламаць крэслы ці нават слэміцца. Усе даволі чынна стаялі на месцы ды рытмічна матлялі галавамі, час ад часу ўскідваючы “казу” пасля просьбы музыкантаў ці проста ад лішку пазітыўных эмоцый.
А пазітыўных эмоцый было многа. “Гама рэй” адыгралі амаль усё, чаго ад іх чакалі — у тым ліку “Send Me A Sign” і “Anywhere In The Galaxy”, але чамусьці забылі пра эпічны кавер “It’s A Sin”. Пасля іх сэта публіка пайшла тушыць вогнішча хэві-метала ў сваім сэрцы халодным півам, а сцэну занялі тэхнікі, якія хуценька яе разабралі і сабралі па-іншаму, гэтым разам для HELLOWEEN. Не прайшло і 15 хвілін, як на сцэне зноў пачаўся метал-перфоманс някіслых маштабаў. Промні пражэктараў зноў вырывалі з дыму доўгія валасы і агрэсіўныя формы гітар, а з калонак гучала проста суцэльная сцяна гуку (дарэчы, чамусьці не такога якаснага, як у GAMMA RAY).
У праграме былі ўсе класічныя атрыбуты сапраўднага рок-канцэрта з вялікай літары. Хтосьці пастаянна скакаў з пандусаў, вакалісты раз за разам прымушалі слухачоў крычаць “Гэй!”, а гітарныя сола інакш, як стоячы ў адзіным промні святла на ўсю залу, не выконваліся. Пад канец два гурты нават разам выйшлі на сцэну. Канцэрт праляцеў вельмі хутка, і самыя стойкія фанаты змаглі вылавіць музыкантаў пасля ды пафатаграфавацца з імі — будзе што ўнукам паказаць!
Андрэй Мухамор, фота – Аляксандр Ждановіч