This movie requires Flash Player 9
29.12.2014 | Музыка Тузін. Перазагрузка

Global Reload. Караткевіч загучаў па-французску

Сумесны праект грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала Tuzin.fm  працягваецца. Другая песня “Глабальнай перазагрузкі” – твор «Le chêne d’hiver» на словы Уладзіміра Караткевіча, які выканаў гурт Karpatt з Парыжа.

Французы з ахвотаю адгукнуліся на прапанову пакласці на музыку беларускі верш у перакладзе. «Гэта проста выдатная ідэя аб’яднаць людзей з розных краінаў, адкрыць ім нешта новае і даць магчымасць падзяліцца сваім з дапамогай паэзіі, якая цудоўна гучыць на якой заўгодна мове!» – кажа аўтар песень, гітарыст і вакаліст гурта Фрэд Рала. Пераклад верша Уладзіміра Караткевіча «Зімовы дуб» на французскую мову зрабіла Ларыса Гіймэ. Гэта не першая такая праца для яе: у творчым багажы перакладчыцы і п’еса  Янкі Купалы «Тутэйшыя», і п’есы сучасных беларускіх драматургаў.  Французскія музыкі скарысталі са згоды Лявона Вольскага асноўную тэму клавішных з арыгінальнай версіі песні на гэтыя словы, запісанай для нявыдадзенага праекта на вершы Караткевіча.  Гармонія куплетаў, рытм ударных, баса і кантрабаса належыць Karpatt.

«Вядома ж, цяпер для мяне дуб будзе не толькі зялёным, але і зімовым, – усміхаецца Фрэд Рала і дадае: – Паэзія Караткевіча вельмі прыгожая і вобразная, яна падаецца пяшчотнай з вельмі кранальнай натуралістычнай метафарай». Музыкі збіраюцца выконваць гэты твор на сваіх канцэртах і мараць сыграць яго ў Беларусі. Да слова, парыжане ў нас былі ўжо тройчы і ўспаміны засталіся прыемныя: «Беларусь – краіна з раскошнай прыродай і чароўнымі лясамі. Нас тут здзівіла найперш неўтаймаваная шалёнасць людзей, якія бясконца здольныя дзяліцца сваімі пачуццямі з сапраўднай глыбінёй. Беларусаў з французамі якраз аб’ядноўвае гэтая ўласцівасць – прыхільнасць да пачуццёвасці, музыкі ды эмацыйнасці.  А яшчэ ў вас вельмі кранальныя народныя спевы», – кажа Фрэд ад імя ўсяго свайго гурта. Акрамя яго ў Karpatt уваходзяць Гаэтан Лера (гітара) і Эрвэ Жэгусо (кантрабас). Яны разам граюць з 2002 года. Працуюць у жанры класічнай французскай песні, запісалі пяць студыйных альбомаў і адзін канцэртны, маюць пастаянныя гастролі па ўсёй Еўропе, Азіі ды Афрыцы.

Твор «Le chêne d’hiver» ў арыгінале завецца па першым радку — «Страціў лес свой зімні чуб…» Уладзімір Караткевіч напісаў яго 21 лістапада 1981 года, а выйшаў верш у пасмяротным зборніку творцы «Быў. Ёсць. Буду» (1986).

Праект «Global Reload» ладзяць грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» і партал Tuzin.fm.  Ён з’яўляецца лагічным працягам праектаў «Тузін.Перазагрузка» і «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» і мае сваёй мэтай як узняць інтарэс да сваёй культуры сярод беларусаў, так і пазнаёміць з беларускай культурнай спадчынай замежную аўдыторыю.

Сяргей Будкін

Падзякі ў падрыхтоўцы прэм’еры: Іне Мацыенка і амбасадзе Францыі ў Беларусі, Ларысе Гіймэ, Аляксею Стрэльнікаву, Марыі Бунос, Лявону Вольскаму

 Karpatt ­– Le chêne d’hiver (poème Uladzimir Karatkievič, traduit du biélorusse par Larissa Guillemet)

La forêt perdit son toupet d’hiver,

Elle dépensa ses feuilles jusqu’à la dernière.

Il reste, il reste seul habillé,

Derrière les fenêtres le chêne rouillé.

 

Le chêne frileux, le chêne pingre,

Il réchauffe ses branches avec ses fringues.

Le vent ébouriffe, ébouriffe et remue

Le jaune chêne d’hiver.

 

Le vent hurle dans des centaines de conduits,

Il lance dans les fenêtres la neige et la pluie.

Reste avec moi, reste avec moi jusqu’au mois de mai

Mon frère, le chêne rouillé.

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика