Гурт з вакалам і баянам Ільлі Паплёўкі запісаў вельмі драйвовы рок-альбом і пры гэтым ні разу не скарыстаў гітару.
Баян актыўна выкарыстоўваюць на беларускай сцэне адзінкі. Гэты інструмэнт аздабляе песьні гуртоў BosaeSonca, Handmade, часам гучыць у Вайцюшкевіча, з папсавікоў да яго актыўна зьвяртаюцца “Леприконсы” і “Дрозды”. А вось франтмэн з баянам – зьява ў нашай музыцы наогул выключная. За выняткам інструмэнтальных гуртоў Portmone i праектаў Ягора Забелава, пахваліцца можна мала чым. Таму радуе зьяўленьне гурта Haina на чале з баяністам Ільлём Паплёўкам.
Гэтай камандзе няма яшчэ і году. Музыкі далі парачку канцэртаў ды вырашылі адразу заняцца запісам сваіх першых песень. На іх дэбютным рэлізе – шэсьць трэкаў, таму ён падпадае пад вызначэньне міні-альбому, а не паўнавартаснага альбому (хоць па часе гучаньня іх дыск карацейшы за апошні альбом Вольскага ўсяго на 7 хвілінаў).
Зь першага ж трэку “Міма” робіцца зразумела, што мы маем справу з арыгінальнай творчай прапановай. Музыка Haina акрамя згаданага баяну грунтуецца на гучаньні яшчэ двух інструмэнтаў – скрыпкі ды бубнаў. І пры гэтым аніякіх гітараў, хоць каманда яўна абрала рок-кірунак. Іх песьні пададзеныя з надрывам, часам нават зь непадробным адчаем. Асабліва ўдалася кампазыцыя “Ціхі акіян”. Вакал пры гэтым мяккі ды адначасова экспрэсіўны. Ільля нібы лагодна напявае пра кветачкі ды сонейка, а потым нечакана ўстаўляе: “Страшна, калі становіцца по…уй” (“Больш-менш”). Нягледзячы на адчувальную сырасьць, усё ж цяжка даць веры, што ўвесь матэрыял “Мішэняў” быў запісаны адным махам усяго за дзень. Фактычна, гэта live з канцэрту на студыі з абсалютна жывой энэргетыкай. І гэты запіс сьведчыць, што Haina – гурт перадусім канцэртны, фэстывальны. Ён гучыць значна цікавей за першую каманду Ільлі Паплёўкі “Абшар”.
“Абшару”, дарэчы, у свой час было дадзена таксама нямала авансаў, якія, на жаль, так і ня спраўдзіліся. Захвальваць новы праект адпачатку ня варта, але сказаць, што Haina стварае музыку, вартую ўвагі, проста неабходна.
Ідэя: 10
Выкананьне: 8
Тэксты: 9
Запіс: 7
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін