Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт не спыняе запрашаць беларускіх рок-зорак на выступы для сваіх студэнтаў. Пасля канцэртаў гуртоў “Ляпис Трубецкой”, «Без Билета» і «J:МОРС» у Вільню прыехаў адзін з самых моцных рок-гуртоў беларускай сцэны — AKUTE.
Дарэчы, выступ быў прымеркаваны да штогадовага свята другакурснікаў — медыума (бакалаўрыят у ЕГУ складае чатыры гады). Але, дазнаўшыся пра канцэрт гурта, на вечарыну завіталі прадстаўнікі ўсіх курсаў.
Максім Мілто, экс-прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ і віцэ-прэзідэнт Літоўскага саюза студэнтаў: “Файны канцэрт, файныя хлопцы. Дзякуй Богу, што не Паліна Смолава ды Дзіма Калдун… наогул прыемна было пачуць гурт ужывую, да гэтага толькі чытаў на Generation.by пра канцэрт Акутэ ў RE:PUBLIC. Магу сказаць, што чаканні пацвердзіліся, гурт неблагі, аднак хлопцам трэба яшчэ працаваць, перспектыва насамрэч ёсць”.
Стас, Раман і Павел, як і заўсёды, проста ўзарвалі залу сваімі шчырымі тэкстамі і неймаверна рухомай музыкай. Студэнты адрываліся на танцпляцы па поўнай: такая магчымасць патанчыць пад электрычна-касмічныя рытмы ёсць не кожны дзень. Гэтым разам хлопцы падрыхтавалі цікавую сумесь песняў з першага і другога альбомаў. Канечне, такія хіты, як “Адшукай” ці “Шчасце”, былі падтрыманыя гулкім падпяваннем, аднак і новыя — “Кроў бы вада”, “Шпіталь”, “Яны пад снегам” — выклікалі жывую рэакцыю студэнтаў.
Станіслаў Мытнік: “Дзякуй Вільні і ЕГУ за цёплы прыём, за танцы і за добрую арганізацыю канцэрту! Нам было вельмі прыемна граць для вас!”
Пасля выступу ЕГУшнікі яшчэ доўга пляскалі ў далоні і крычалі хорам “дзякуй!”. А хлопцы склалі гітары і прыступілі да другой, не менш цяжкай справы — фотаздымкі са студэнткамі-прыхільніцамі.
Нягледзячы на стомленасць пасля драйвовай гадзіны, Акутэ з задавальненнем знаёміліся з ЕГУшнай моладдзю і актыўна дыскутавалі наконт будучыні беларускага року.
Студэнты ЕГУ:
— Хлопцы такія малайцы! Не чула гурта да вечарыны, таму была вельмі здзіўленая: не ведала, што ў Беларусі ёсць такія таленавітыя музыкі!
— Гурт перспектыўны, гэта адразу заўважаецца: песні з сэнсам і, што галоўнае, на беларускай мове. Дзякуй хлопцам за прасоўванне беларускай культуры ў масы!
— На маю думку, гурт сапраўды перспектыўны: публіцы музыка падабалася, хлопцы яўна ажывілі нашае свята. Цудоўная думка была запрасіць Akute, таму палец уверх арганізатарам і ўдачы гурту! Прыязджайце да нас яшчэ!
— Першае, што мяне здзівіла, — гэта што ўсе навокал ведаюць песні гурта. Я думаў, буду такі адзін. Хлопцы малайцы, гэта сапраўды надзея беларускага року. Выступілі вельмі годна.
Тэкст: Крысціна Калбаснікава
Фота: Юля Музыкіна, Вольга Скрундзь