Акторка і лідар гурта S°unduk Ганна Хітрык расказала ў вялікім інтэрв’ю, чаму пачала музычную кар’еру і чаму пасля кожнага канцэрту яе апаноўвае жах, ды паспрабавала патлумачаць адрозненне сваёй цяперашняй групы ад папярэдняй “Дзецідзяцей”.
Дэкрэтны адпачынак яўна прыдуманы не для Ганны. Найперш таму, што грошы маладым маці налічаюцца мізэрныя. А па-другое, ёй зусім не сядзіцца ў хаце, натура такая. Праз пару месяцаў пасля нараджэння дзіцяці яна ўжо вярнулася ў Купалаўскі. Спачатку ў “Пінскую шляхту”, а паступова ізноў увайшла і ў іншыя ролі. Кажа, што некаторыя спектаклі сканчаюцца даволі позна, так што яе гадаваламу сыну Сцёпіку не вельмі зручна. Але кіраўніцтва тэатра ідзе насустрач і ад удзелу ў некаторых пастаноўках яе вызваляе. З музыкай у Ганны тое самае: неўзабаве пасля нараджэння сына яна аднавіла рэпетыцыі, працу ў студыі і канцэртную дзейнасць. Пры гэтым Сцёпа не застаецца без матчынай увагі.
– Ганна, ты пачала музычную кар’еру, калі ўжо была вядомай акторкай. Табе чагосьці не ставала?
– Нечага тады ў тэатры сапраўды бракавала. Мы тады хапаліся за ўсё, бо не было такога, што як толькі ты пачынаеш граць у тэатры, табе адразу даюць дваццаць роляў. Але, па вялікім рахунку, мне заўжды ўсяго мала. І цяпер мне ўсяго мала! Мы стварылі “Дзецідзяцей” у грымёрках і ставіліся да нашага праекту не вельмі сур’ёзна. Не тое што да самой задумы, а з музычнага гледзішча. Не лічылі сябе музыкамі і спевакамі, проста хацелася ладзіць вечарыны для сваіх. Першы канцэрт мы хацелі сыграць з вольным уваходам. Але ж арэнду за так ніхто не дасць, таму давялося рабіць квіткі. Гэта была Малая зала КЗ “Мінск”. Надзіва, быў аншлаг, потым яшчэ разок і яшчэ… І мы вырашылі, што мы ўжо музыка-а-а-а-нты.
– Дык а памятаеш, калі прыйшло адчуванне, што музыка – гэта для вас ужо сур’ёзна?
– Мусіць, гэта было на “Рок-каранацыі – 2007”. Нас тады паклікалі там выступіць, а мы нават і не спадзяваліся нешта атрымаць. Думалі: вось мы ўдзельнічаем у нейкай намінацыі, перамогі мы, канечне, не атрымаем, бо яе возьме нехта іншы, мы ж несапраўдныя музыкі. А тут раптам нас прызналі адкрыццём года. Было прыемна… Праўда, і дагэтуль я дык дакладна музыкам і спявачкай сябе не лічу. Проста падабаецца мне гэтая справа, і ўсё тут.
– Розніца між выступам у тэатры і на канцэрце для цябе вялікая?
– Так, вядома, розніца істотная. Вось я ведаю, што хутка будзе канцэрт, і кожны дзень жудасна хвалююся з гэтай нагоды. Выдумляю спачатку адзін варыянт, як яго пачаць, правесці, скончыць, якую песню ўсярэдзіну паставіць, а якую выканаць пры канцы, а потым перадумваю па-іншаму. І так пачынаецца яшчэ задоўга да выступу. Пераймаюся наконт новых песняў, на якой мове яны пішуцца і чаму не пішуцца на такой мове… Асобна я хвалююся пра тое, што ніхто не прыйдзе, гледачоў будзе мала ці наогул нікога, бо яно патрэбна толькі мне і больш нікому… Карацей, гэта проста жах! Мне вось муж Сяргей кажа, што са сваёй групай я зусім звар’яцею… А ў тэатры я таксама хвалююся: за сваю ролю, як прыме глядач. Але там я дакладна ведаю задачу рэжысёра і зусім не паруся, ці прыйдуць людзі, бо на прэм’еры заўжды будзе поўная зала.
– Значыць, ты хвалюешся заўжды, але з канцэртамі гэтае хваляванне большага маштабу?
– Так, за кожную песеньку хвалююся. А яшчэ пасля канцэрту за кожны водгук хвалюешся, калі чытаеш, што спадабалася, а што не. Пішуць: здаецца, яна хлусіць, яна акторка тэатральная, а ім лёгка апранаць усялякія масачкі. А ты гэта ўсё як дура чытаеш, а муж крычыць, што наогул адключыць інтэрнэт, бо гэта ўжо немагчыма. А я перажываю, бо надта блізка прымаю ўсё да сэрца.
Дзецідзяцей – Не надо
– Мінула паўтара года з таго часу, як “Дзецідзяцей” не граюць. Можа, цяпер ты зможаш назваць галоўную прычыну спынення дзейнасці?
– Тут не адкажу, бо прычына ў плыні чалавечых адносінаў, а іх няма чаго абмяркоўваць колькі б часу ні прайшло. Гэта было і было, я вельмі радая таму, што яно было. І мне вельмі падабаюцца песні таго часу. Багата ёсць чаго згадаць. Старыя фотаздымкі я не палю. Ды і з хлопцамі мы працягваем разам працаваць у тэатры.
– Ці сочыш ты за музычнай дзейнасцю Міхася Зуя і Змітра Ясяневіча?
– Я ж іх не ненавіджу і не жадаю нічога кепскага, хоць мы не сябруем ужо. У нас працягвае працаваць сайт “Дзецідзяцей”, там ёсць спасылачкі на тое, што робяць Ili-Ili . Гэта нармальна – цікавіцца тым, што яны робяць цяпер. Бачыла два кліпы, паслухала іх сінгл. Некаторыя песні мне спадабаліся. Мяркую, што ім мой “Том першы” таксама наўрад ці спадабаўся цалкам.
– Можаш патлумачыць, чым прынцыпова адрозніваецца S°unduk ад “Дзецідзяцей”?
– Музыку і словы да песняў “Дзецідзяцей” пісалі тры чалавекі: я, Сеня, Міша. Цяпер музыку мы ствараем разам з усім гуртом, астатняе пішу я. Мусіць, камусьці не хапае цяпер у маіх песнях Сені ды Мішы. Дагэтуль не разгадала, чым бралі “Дзецідзяцей”. Дзяўчаты, напрыклад, пісалі, што былі закаханыя ў Мішу Зуя, таму і хадзілі на нашы канцэрты, дапусцім. Некаму падабалася, як мы між сабой размаўлялі, такое часта пісалі ў водгуках. Хтосьці проста любіў нашы песні і не браўся ўлазіць у абмеркаванне, хто вінаваты ў распадзе гурта, і працягвае хадзіць ужо на “Сундук”. Ёсць меркаванні, што наогул нічога не змянілася, проста не пяюцца некаторыя песні… Шмат меркаванняў выказваюць людзі. Такое было і за часам “Дзецідзяцей”, ёсць і цяпер, калі пішуць пра “Сундук”… А я не збіраюся выпендрывацца ды казаць, што буду пісаць песні, зусім не падобныя да “Дзецідзяцей”. Мы тады гуляліся з рознымі кірункамі і цяпер гуляемся, фольк-ноты нейкія ўстаўляем. І там былі песні па-беларуску, і тут будуць.
– Але ж у “Сундука” абодва альбомы расійскамоўныя.
– А вось якраз на канцэрце 1 сакавіка будзе прэм’ера нашай першай беларускамоўнай песні. Яна завецца “Вясна”. Бо я ўжо не магу, вельмі яе чакаю, таму і напісала. І ў першы дзень вясны мы яе выканаем.
Sounduk – Сундук, live-відэа
– Ты задаволілася тым, чаго дасягнула на гэты момант у музыцы?
– Канечне, не. Гэта вельмі жахлівае адчуванне, калі адыграеш канцэрт, і прыходзіць такая эйфарыя. А потым вяртаешся дамоў, пачынаеш згадваць, як усё было, што было ўдала, а што не вельмі. На другі дзень чытаеш водгукі, на трэці таксама нехта нешта напіша. А потым пачынаеш разумець, што наступны канцэрт будзе як мінімум праз два месяцы. І гэта час такой пустэчы, такой цішыні, такога жаху… Лёгка сказаць – зрабі канцэрт у Гродне, недзе яшчэ там. Але я не маю дару ўсіх збіраць і ўсё вырашаць. Аніякага дырэктара і адміністратара ў нас няма. Ледзьве прыдумваю, як гэта зрабіць у Мінску. Раз на паўгода, можа, яшчэ ў Маскву з’ездзім. Карацей, было б смешна казаць, што я гэтым задаволеная.
– Чым будзе адметны канцэрт 1 сакавіка?
– Гэты канцэрт для нас асаблівы, бо пасля яго мы выпраўляем нашу Юлечку Глушыцкую ў працяглы адпачынак – да мужа, у Маскву, яны чакаюць папаўнення. А самі будзем рыхтаваць новы альбом. Таму ў такім складзе апошні канцэрт у сезоне ў нас будзе. Будзем сустракаць вясну!
Размаўляў Сяргей Будкін
Sounduk – Предпочтения
Даведка:
Ганна Хітрык нарадзілася 25 чэрвеня 1980. У 1998–2001 вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “акторскае майстэрства тэатра лялек”. На 3-м курсе рэжысёр Аляксандр Гарцуеў запрасіў дзяўчыну ў спектакль «Брат мой, Сіман…», пастаўлены на сцэне Купалаўскага тэатра. Так пачалася праца Ганны ў якасці драматычнай акторкі. Цяпер яна адна з самых запатрабаваных мінскіх акторак, актыўна ўдзельнічае ў жыцці тэатра й культурных падзеях горада. Грала таксама ў Сучасным мастацкім тэатры і ў Тэатры юнага гледача. У 2005 годзе Ганна і іншыя акторы ўтварылі музычны гурт «Дзецідзяцей», дзе яна была вакалісткай. Гурт праіснаваў 5 гадоў і ў чэрвені 2010 года спыніў дзейнасць, маючы тры паўнавартасных альбомы. У кастрычніку 2010 прадставіла свой новы праект S°unduk, які ўжо запісаў два студыйныя альбомы.