28.12.2016 | Грамадства Літаратура

Ганна Янкута: “2016 – Год жанчын”

У канцы года звычайна падводзяцца вынікі і асэнсоўваюцца падзеі, што адбыліся за апошнія дванаццаць месяцаў. І ў апошнія дні снежня мне хацелася б успомніць пра жаночыя праекты і дасягненні 2016-га, а таксама тыя падзеі ў грамадскім, культурным і палітычным жыцці, якія тычыліся жанчын.

Адной з важных падзей года зрабіўся флэшмоб, у якім жанчыны (а часам і мужчыны) пісалі ў фэйсбуку пад хэштэгам #яНеБаюсяСказаць (іншыя варыянты — #яНебоюсьСказати, #яНеБоюсьСказать) гісторыі пра перажыты гвалт, дамаганні знаёмцаў і выпадковых спадарожнікаў у транспарце і г.д. Флэшмоб пачала ўкраінская журналістка і грамадская актывістка Анастасія Мельнічэнка, і ён хутка зрабіўся спачатку ўсеўкраінскім, а пасля — расійскім і беларускім. Флэшмоб паказаў маштаб праблемы гвалту ў дачыненні да жанчын і выклікаў бурныя дыскусіі і пра саму акцыю, і пра тое, як змагацца з такой сітуацыяй. Гэтую тэму працягнуў праект “Карта гвалту” (“Карта насилия”), арганізаваны грамадскім аб’яднаннем “Радзіслава” для дапамогі жанчынам, што пацярпелі ад гвалту. На сайце праекта можна прачытаць жаночыя гісторыі пра перажыты гвалт, і гэтыя гісторыі, як і флэшмоб #яНеБаюсяСказаць, робяць праблему бачнай, прымушаючы ўвесь час помніць, што побач, магчыма, нават у суседняй кватэры ці суседнім доме, могуць адбывацца страшныя рэчы. Больш падрабязна пра “Карту гвалту” расказала Наста Захарэвіч, якая з сакавіка гэтага года вядзе для Радыё Свабода калонку, дзе разважае пра сучаснае становішча жанчын у Беларусі і каментуе актуальныя падзеі.

Часопіс “Імёны” прэзентаваў 25 лістапада, у Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын, фільм пра хатні гвалт “Кожная трэцяя. За зачыненымі дзвярыма”. Над фільмам працавалі журналістка Дар’я Царык, фатограф Аляксандр Васюкевіч і прадзюсарка Ганна Шпакова. Сам часопіс — адзін з самых яркіх сацыяльных праектаў 2016 года, мэта якога — расказваць пра праблемы, з якімі сутыкаюцца самыя неабароненыя людзі ў Беларусі, а таксама даваць чытачам магчымасць дапамагчы гэтым людзям. Дарэчы, стваральніца часопіса Кацярына Сінюк прызнаная асобай года — 2016 паводле версіі “Нашай Нівы”.

Каб навучыць жанчын абараняцца ад нападнікаў фізічна і псіхалагічна, у гэтым годзе ў Мінску прайшоў шэраг трэнінгаў па Wen-Do. Wen-Do — гэта комплекс самаабарончых і асертыўных (ад анг. assertiveness — здольнасць чалавека не залежаць ад чужых уплываў і ацэнак) тэхнік, распрацаваных жанчынамі для жанчын. Журналістка 34mag.net krushinka схадзіла на заняткі па Wen-Do і падрабязна расказала пра іх у артыкуле “Шлях самурайкі”.

У верасні гэтага года беларусы і беларускі вельмі актыўна сачылі за развіццём падзей вакол супрацьабортнага заканадаўства ў Польшчы. На масавыя акцыі “Чорнага пратэсту” супраць новага законапраекта пра поўную забарону абортаў дэманстранткі выходзілі ў чорным — у жалобе па жанчынах — будучых ахвярах палітыкі цяперашняга польскага ўраду. Гэтыя падзеі моцна закранулі беларускую інтэрнэт-аўдыторыю: у сацыяльных сетках актыўна абмяркоўвалася права жанчыны на ўласнае цела. Сярод шэрагу матэрыялаў на гэтую тэму можна згадаць калонку яшчэ адной аўтаркі Радыё Свабода — Юліі Шаровай.

Некалькі дыскусій 2016 года былі звязаныя з вобразам жанчыны ў беларускай рэкламе і медыях. Першую такую дыскусію выклікаў ролік моўных курсаў “Мова Нанова”, які з’явіўся ў траўні, дзе дзве дзяўчыны мыюць машыну беларускаму рэперу Vinsent’у. Стваральнікі роліка назвалі яго правакацыяй і жартам, аднак многія журналісты і актывісты ўбачылі ў ім праявы сэксізму. Наступная дыскусія ўзнялася вакол промароліка конкурсу “Заспявай 3.0” — конкурс для маладых музыкаў рэкламавала напаўаголенае жаночае цела. Год сімвалічна завяршаецца яшчэ адной дыскусіяй вакол выкарыстання аголенага цела — гэтым разам у рэкламе бялізны Mark Formell. Дыскусія пачалася са звароту актывістак арганізацыі “Цэнтр па прасоўванні праў жанчын — Яе правы” ў кампанію з просьбай спыніць выкарыстанне сэксісцкай рэкламы. Адмоўны адказ кампаніі выклікаў спрэчкі ў фэйсбуку і пацягнуў за сабой шэраг публікацый у розных СМІ, у тым ліку прысвечаных праблемам сэксуальнай аб’ектывацыі ўвогуле. Так, на сайце “Цэнтра па прасоўванні праў жанчын — Яе правы” з’явіўся разгорнуты матэрыял “Як адрозніць сэксісцкую рэкламу і чаму яе нельга выкарыстоўваць”. А ў ліпені 2016-га mediakritika.by разам з Цэнтрам гендарных даследаванняў ЕГУ правяла даследаванне на тэму гендарных аспектаў мовы варожасці ў беларускіх СМІ, як дзяржаўных, так і незалежных. Поўны тэкст даследавання можна знайсці на сайце mediakritika.by.

У канцы 2015 года Анка Упала ў сваёй калонцы на Радыё Свабода падняла пытанне пра ўжыванне ў беларускай мове фемінітываў  — жаночых варыянтаў назваў прафесій і родаў дзейнасці, якія першапачаткова ўжываліся толькі ў мужчынскім родзе. У 2016 года тэма фемінітываў таксама заставалася актуальнай. У жніўні ў “Корпусе8” праходзіла прысвечаная гэтай тэме фотавыстава “Каляжанка”, на адкрыцці якой арганізатаркі ініцыявалі дыскусію пра неабходнасць змяняць мову і ўжываць фемінітывы, каб паказаць прафесійную роўнасць паміж жанчынамі і мужчынамі і зрабіць бачным унёсак жанчын у развіццё культуры, грамадскую і палітычную дзейнасць. Артыкул Дар’і Трайдэн пра фемінітывы можна прачытаць на сайце mediakritika.by.

Цягам усяго 2016 года сайт “MAKEOUT”, прысвечаны гендару, сэксуальнасці і асаблівасці іх праяў у Беларусі, прапаноўваў чытачам праблемныя матэрыялы, прысвечаныя ў тым ліку жанчынам, гендарнай роўнасці і змаганню супраць абмежаванняў, якія грамадства накладае на жанчын. 27 траўня праект “MAKEOUT” атрымаў прэмію “Ты можаш!” ад рэдакцый Еўрарадыё і 34mag.net за дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека. На сайце можна знайсці матэрыялы на самыя розныя тэмы, і прыватна мне хочацца адзначыць пераклад урыўка з кнігі Ліндзі Ўэст пра менструацыю — то бок публікацыю на тэму, якая дагэтуль лічыцца табуяванай.

У самым пачатку года, 19 лютага, выйшаў фемінісцкі нумар інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”, назва якога, “(Не)жаночае аблічча”, адсылае да кнігі нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. У нумары змешчаныя пераклады замежнай жаночай паэзіі, ключавых фемінісцкіх эсэ Эдрыен Рыч і Джойс Кэрал Оўтс, падрыхтаваныя Віктарам Жыбулем і Аксанай Данільчык матэрыялы пра беларускую жаночую паэзію 20-30-х гадоў, а таксама эсэ беларускіх аўтарак і літаратуразнаўцаў пра жаночы твар беларускай літаратуры. Сярод іншага ў нумары надрукаваны ўрывак з рамана Альгерда Бахарэвіча “Белая муха, забойца мужчын”, які выйшаў у канцы 2015-га, аднак да чытачоў трапіў ужо ў гэтым годзе. Гераіні рамана Бахарэвіча, якія амаль усе пацярпелі ад гвалту, спрабуюць адпомсціць мужчынам і знайсці сабе бяспечную прастору, якая ў рамане ўвасабляецца ў выглядзе захопленага імі замка. Прэзентацыя часопіса прайшла ў выглядзе дыскусіі, падчас якой удзельніцы нумару, а таксама запрошаная ў якасці спікеркі пісьменніца Раіса Баравікова абмеркавалі ролю і вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры. Бліжэй да канца года, 1 лістапада, паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева правяла літаратурную дыскусію “Забіць у сабе анёла, або Як быць паэткай у сучаснай Беларусі” з удзелам Валянціны Аксак, Вольгі Гапеевай і Насты Кудасавай, дзе закраналіся пытанні пра тое, кім насамрэч ёсць беларускія паэткі, што іх цікавіць і з якімі анёламі і дэманамі яны змагаюцца. А ў самым канцы года кніга Насты Кудасавай “Маё невымаўля” была названая паэтычнай кнігай года паводле версіі Радыё Свабода.

Што тычыцца спорту, тут варта адзначыць сацыяльна-спартўны праект для жанчын “Здольная”. Мэта праекта — матываваць жанчын на актыўныя заняткі спортам. Арганізатаркі праводзяць адкрытыя трэніроўкі па розных відах спорту, на якія можа запісацца любая жанчына, нават без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі, і дзе ствараецца атмасфера ўзаемнай падтрымкі. Больш падрабязна пра “Здольную” напісала Міла Навакоўская для сайта “MAKEOUT” у артыкуле “Здольная”: павер ва ўласныя сілы”. А сярод галоўных жаночых спартыўных дасягненняў года — бронзавы медаль плыўчыхі Аляксандры Герасімені на алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра на дыстанцыі 50 м вольным стылем і “Сонечны  дубль” тэнісісткі Вікторыі Азаранкі, якая перамагла запар на турнірах “Прэм’ер” у Індыян-Уэлсе і “Miami Open” у Маямі.

2016 год прынёс шмат усяго — і яркія падзеі, і значныя дасягненні, і цяжкія выклікі, і непрыемныя навіны. Жаночыя арганізацыі, ініцыятывы і асобныя людзі сваёй штодзённай працай зрабілі гэты год напраўду годам жанчын: хоць грамадства змяняецца вельмі павольна, пастаянныя дыскусіі, праблемныя артыкулы і сацыяльныя праекты выносяць вострыя тэмы на паверхню і вядуць да дыялогу, а гэта — першы крок да змен. І ў канцы гэтага снежня я віншую ўсіх — і жанчын, і мужчын — з Калядамі і Новым годам. Хай ён будзе шчаслівым, паспяховым і бяспечным для ўсіх нас і натхніць на новыя ідэі, праекты і перамогі.

 

Ганна Янкута


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика