Амаль чатырыста гадоў таму Джон Дон напісаў, што чалавека, які быў бы як выспа, то бок жыў бы зусім адасоблена ад іншых, не існуе. У 2005 годзе выйшаў раман Мішэля Уэльбэка, сама назва якога — “Магчымасць выспы” — сведчыць пра жаданне аспрэчыць гэтае меркаванне: чалавек можа быць выспай, больш за тое, гэтай выспай ён ужо зрабіўся. Засталося толькі даць яму акіян, у якім ён правядзе рэшту сваіх дзён — у поўнай адзіноце.
Раман “Магчымасць выспы” — гэта тры ўзаемазвязаныя гісторыі: коміка Даніэля і двух яго клонаў, Даніэля24 і Даніэля25, які прыйшлі на змену невядомым Даніэлю23, Даніэлю22 і г.д. З комікам усё зразумела — ён жыве ў нашым сённяшнім свеце, піша скетчы, зарабляе грошы, а вось з іншымі Даніэлямі складаней. Адзіныя заняткі клонаў, што ператварыліся ў сапраўдныя выспы, як разумеў іх Джон Дон, — млява і адстаронена каментаваць нататкі, пакінутыя іх далёкім продкам, што жыў каля двух тысяч гадоў таму, і чакаць прышэсця цьмяных Жыхароў Будучыні, якія мусяць цалкам замяніць сабой чалавечую расу. Так аўтару ўдаецца спалучыць дзве сюжэтныя лініі: рэалістычную лінію жыцця коміка, апісаную ім у нататках, і фантастычную лінію яго нашчадкаў-клонаў, якія робяць на палях гэтых нататак свае каментары і такім чынам паволі, увесь час трымаючы чытача ў напружанні, расказваюць, што адбылося з Зямлёй за гэтыя дзве тысячы гадоў. У іх расказе застаецца нямала лакунаў, якія пакідаюць шмат прасторы для фантазіі, але як бы там ні было, карціна будучыні ў кнізе разварочваецца зусім не аптымістычная. Яно і не дзіўна: Мішэль Уэльбэк вядомы аматарам сучаснай прозы як штатны французскі мізантроп, які не ніколі не абяцае сваёй планеце нічога станоўчага. Нешта падобнае мы можам знайсці ў змрочных творах Юрыя Станкевіча, якога з Уэльбэкам яднае не толькі цікавасць да апакаліптычных прадказанняў, але і пэўная схільнасць да ксенафобіі.
У нататках коміка Даніэля аўтар закранае мноства злабадзённых праблемаў — ад наступстваў сэксуальнай рэвалюцыі да ўплыву ідэалогіі і рэкламы на фармаванне вобразу мыслення людзей. Магчыма, не ўсе гэтыя праблемы будуць нам блізкія і зразумелыя (у нас і сваіх пакуль хапае), аднак нельга не прызнаць, што пісьменнік пільна сочыць за сучасным жыццём і прапануе чытачу самую яго квінтэсенцыю. Яго герой-комік піша іранічныя скетчы, трымаючы нос па ветры і бясхібна ловячы любыя змены ў побытавай філасофіі, якая навязваецца людзям праз сродкі масавай інфармацыі. Антысемітызм і чайлдфры, фізічны гвалт і парнаграфія ўсплываюць у яго творчасці менавіта тады, калі грамадства гатовае іх праглынуць. Такім чынам аўтар імкнецца ўхапіць і адлюстраваць няўлоўны рух чалавецтва да паступовага знікнення, да таго часу, калі на змену чалавеку звычайнаму прыйдзе неачалавек, то бок клон.
З кожнай старонкай рамана няўхільна старэючы, герой Уэльбэка ўсё больш разважае пра сэнс маладосці, смерці, самагубства і бяссмерця, але найбольшае месца ў яго развагах займае тэма сэксу. Сэкс ва ўсіх магчымых формах і праявах, а таксама філасофія фізічнай асалоды прысутнічае ледзь не на кожнай старонцы рамана: аўтар разглядае сэкс у розных катэгорыях — сацыяльных, маральных, фізіялагічных, — пішучы пра яго з пазіцыяў чалавека спажывецкае эпохі, прычым так, нібыта ў Францыі фемінізму ніколі не існавала. Сярод усіх гэтых разваг пра геданічны лад жыцця нечакана ўсплывае тэма кахання, якая паступова робіцца адной з цэнтральных тэмаў кнігі. Бо калі чалавек ператвараецца ў выспу, то бок паступова абрывае ўсе сацыяльныя сувязі, што можа адбыцца з каханнем? Калі ангельскі драматург Том Стопард у п’есе “Вынаходніцтва кахання” спрабуе вызначыць час, калі каханне нарадзілася, то Уэльбэк цынічна разлічвае момант, калі каханне памрэ. І высновы, для якіх ён прыходзіць, зусім не суцяшальныя.
Фантастычная лінія рамана даволі прадказальная і не вылучаецца асаблівай навізной сярод тэматычна блізкіх сучасных твораў. Намаляваныя Уэльбэкам постапакаліптычныя карціны не вельмі адрозніваюцца, напрыклад, ад тых, што вывела ў сваім рамане “Орыкс і Драч” канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд, паказаўшы заняпад сучаснага грамадства і радыкальны метад вырашыць усе праблемы адным махам. З’яўленне ў творы секты элахімітаў, якія вераць у хуткае прышэсце іншапланетнікаў, але потым пераключаюцца на веру ў фізічнае бяссмерце, узмацняе фантастычны складнік і трохі разбаўляе доўгія развагі галоўнага героя пра сэкс, мараль і біяхімію, аднак экшнам раман усё адно не назавеш: нягледзячы на ультрасучасную праблематыку, любоўныя драмы і гісторыю новага культу, кніга “Магчымасць выспы” застаецца няспешным чытвом, якое патрабуе ад чытача ўдумлівасці і немалой эрудыцыі.
Пераклад рамана, зроблены Змітром Коласам, можна было б назваць бездакорным, калі б не пэўная колькасць дзіўнаватых словаў накшталт “цурка” ці “пупка”. Што да эратычнай лексікі (а гэты пласт мовы грае ў творы далёка не апошнюю ролю), то тут вынаходлівасці перакладчыка магла б пазайздросціць нават газета “Наша Ніва”. Без ведання французскай мовы ацаніць перакладчыцкія рашэнні немагчыма, але многія з іх у любым выпадку падаюцца надзвычай удалымі: “Хіба сам Шэкспір быў бы здольны на такі дыялог? Хіба магло такое прыйсці ў галаву гэтай няшчаснай дзяроўні?” У пэўны момант была вялікая спакуса абвінаваціць перакладчыка ў дробным хуліганстве: у тэксце двойчы згадваюцца беларускі, але арыгінал не дасць схлусіць — Уэльбэк і праўда два разы піша пра нашых суайчынніц, якіх воляй лёсу занесла на старонкі моднага часопіса (с. 64) і на панэль (с. 80). Аднак крыўдаваць на французскага пісьменніка, які так непачціва ставіцца да славянак, не выпадае: калі верыць крытычным і чытацкім водгукам, Мішэль Уэльбэк любіць дражніць публіку не толькі мізантропіяй і ксенафобіяй, але і жанчынаненавісніцтвам. Што ніякім чынам не перашкаджае яму адпраўляць свайго героя Даніэля на пошукі рамантычнага і безнадзейнага кахання.
Ператварыўшы чалавека ў выспу, аўтар не пакідае сучаснаму грамадству ніводнага шанцу. І нават больш: Вярхоўная Сястра (даволі гуманная інкарнацыя оруэлаўскага Вялікага Брата) намякае на тое, што любы шанец у дадзенай сітуацыі быў бы шкодным. Аднак аўтар не выключае, што гісторыя чалавецтва можа развівацца цыклічна, не дае ён і канкрэтнага адказу пра лёс неалюдзей, якім для жыцця дастаткова марской вады і якія не маюць здольнасці кахаць, радавацца ці смуткаваць і могуць толькі нудзіцца, дрэйфуючы ў бясконцай самоце. Зрэшты, назва твора можа мець яшчэ адну інтэрпрэтацыю: нават для самага адзінокага чалавека, які даўно згубіўся ў бязмежных прасторах сусветнага акіяна, заўсёды існуе хай сабе цьмяная і хісткая, але ўсё ж магчымасць выспы.
Ганна Янкута