У адным з сусветаў амерыканскага фантаста Роберта Аспрына прысутнічае гульня, якая называецца цмачыным, ці драконавым покерам. Асаблівасць гульні — у тым, што безліч правілаў робіць яе бясконца складанай: значэнне карт можа мяняцца ў залежнасці ад колькасці гульцоў, дня тыдня, колеру сцен у памяшканні і гэтак далей. Лёгка ўявіць, з якой цяжкасцю прадзіраліся пачаткоўцы праз свае першыя партыі, якія пастаянная змена значэнняў карт даводзіла да абсурду. Чытанне рамана “Смерць лесбіянкі” Наталкі Харытанюк (“Логвінаў”, 2013) чымсьці нагадвае гульню ў цмачыны покер. Аўтарка прапануе чытачам такую зменлівую карціну свету, што ўхапіць законы, згодна з якімі ён жыве, ці ўхапіцца за тую ці іншую падказку проста немагчыма. Законы парушаюцца на кожным кроку, характары герояў змяняюцца да непазнавальнасці, аўтарка ўвесь час падкідвае нам усё новыя і новыя намёкі і ключы, пра якія тут жа забываецца, а містычныя інтэрпрэтацыі множацца як звар’яцелыя і ўсё для таго, каб прывесці нас у канцы твора да яго пачатку: забойства не адбылося, пракляцце не збылося, у чыстай рэшце — толькі вершы і Полацк, у якім “манеры — на першым месцы”.
Сцёб, містыка, дэтэктыў
Так у трох словах можна ахарактарызаваць тое, што чакае чытача рамана “Смерць лесбіянкі”, прычым менавіта ў такой чарговасці. На першым месцы — галаваломны сцёб, той самы, які Б. Дубін вызначыў як “разнавіднасць публічнага інтэлектуальнага эпатажу, які палягае ў правакацыйным і агрэсіўным, на мяжы скандалу, зніжэнні любых сімвалаў”. Вось вам універсітэт, дзе студэнты выскокваюць з акна. Вось вам актуальны беларускі літаратурны працэс з яго конкурсамі маладых літаратараў, якія пішуць гісторыі жахаў (ці можна прыдумаць які-небудзь больш нехарактэрны для беларускай літаратуры жанр? Што цікава, сярод аўтараў “трымценнікаў” аказваюцца паэт-неакласік і паэт-экспрэсіяніст), потым пад Новы год едуць у Полацкі ўніверсітэт, дзе паводзяцца, мякка кажучы, даволі нестандартна: “На факультэце нас чакала яшчэ тая праява: маладыя літаратары, пакуль ніхто не пачаў апекавацца імі, заапекаваліся самі сабой — яны пачалі гуляцца ў спайдэрмэнаў. Восем чалавек спрабавалі перасоўвацца па прыступках на выпрастаных руках і нагах. Па гістарычных сходах васямнаццатага стагоддзя. Побач з галавой Сакрата”. Вось вам і старэйшае пакаленне, журы конкурсу: “Адна — феміністка, Ганна Куліч. Другая — каталіцкая паэтка, Караліна Шыманоўская. Трэцяя, Радаслава Журовіч, піша ў паганскай традыцыі, хаця даўно ўжо нічога зусім і не піша. Чацвёрты — аўтар беларускіх дэтэктываў Віталь Глебка, уважліва сочыць за ўсімі трыма і ўвесь час нешта запісвае ў свой нататнік — што б хто пры ім ні сказаў”. Усе гэтыя бездапаможныя літаратары, за выключэннем хіба што Віталя Глебкі, абсалютна губляюцца на фоне гераіні твора і яе цёткі.
Апавядальніца рамана і яго ж галоўная гераіня скача па сюжэце, мяняючы як пальчаткі версіі падзеяў і іх інтэрпрэтацыі, нагрувашчваючы адзін на адзін вобразы і сімвалы, жанглюючы імі, нібыта шарыкамі, і так іх да канца не раскрываючы (бумеранг, двайніцтва і інш.), кідаючы загадкавыя рэплікі (“Нічога не расказвай следчаму”) і тут жа пра іх забываючы, уводзячы загадкавых герояў (афіцыянт у парыку, надзетым на левы бок) і адразу ж выкідваючы іх з сюжэта. Магчыма, менавіта таму мяжа паміж містыкай і сцёбам заўважная не заўсёды. Калі галоўнай гераіні сняцца дзіўнаватыя сны ці калі яна разважае пра вір, то тут усё больш-менш зразумела. Калі ж цётка гераіні, дэкан факультэта, выцягвае катану і малюе ёй у паветры іерогліфы ці калі яна пярсцёнкам валіць следчага з ног, то гэта ўжо альбо чысты сцёб дзеля сцёбу, альбо нейкія новыя, нябачаныя яшчэ ў літаратуры далягляды містычнага.
Для стварэння містычнага фону аўтарка неаднаразова згадвае то Эзру Паўнда, то Ўільяма Батлера Ейтса, то Фрыдрыха Ніцшэ, то Флэна О’Браена, то Марсэля Пруста, і гэта адсылае чытача да апавядання “Палімпсест” з першага зборніка прозы Наталкі Харытанюк “Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката” (“Логвінаў”, 2010). Чужыя тэксты — важныя персанажы рамана “Смерць лесбіянкі”, нягледзячы на сцверджанне гераіні-апавядальніцы, што яна “наагул нічога паўтараць не хацела. І ў гэтым — інтрыга… гісторыі”. Агулам кнігу прасцей за ўсё параўнаць з “Прыгодамі Алісы ў Краіне цудаў”, асабліва што датычыць развязкі, якая дазваляе адным махам разабрацца з усімі супярэчнасцямі тэксту, але пакідае чытача ў лёгкім расчараванні.
З дэтэктывам усё яшчэ цікавей. Фармальна перад намі менавіта дэтэктыў: на старонках рамана адбываецца забойства, і героі так ці гэтак спрабуюць яго раскрыць, прапаноўваючы версію за версіяй. Ёсць тут і традыцыйны для класічнага дэтэктыву фінальны збор усіх дзейных асобаў, кожная з якіх падазраецца, для канчатковага праяснення справы, што праўда, так да канца не зразумела, хто сярод прысутных бярэ на сябе ролю галоўнага змагара за справядлівасць — сама гераіня, ад чыйго імені вядзецца аповед, яе цётка ці ўласна следчы. Такую структуру, што праўда, сам жа твор і аспрэчвае: па старой добрай метараманнай традыцыі, яго героі абмяркоўваюць развіццё сюжэту і прыходзяць да высновы, што дэтэктыў тут увогуле ні пры чым:
— Ясна. Дэус экс машына, — паціскае плячыма Віталь. — Так нецікава — гэта пярэчыць дэтэктыўнаму жанру.
— Але гэта вам не дэтэктыў, — абураюся я.
Праўда, уяўленні герояў пра дэтэктыў часам бываюць памылковымі: адчуваючы набліжэнне эратычнай сцэны, “абавязковай эратычнай сцэны ўсякага дэтэктыву”, якой ні ў адным класічным дэтэктыве так напраўду і не знойдзеш, галоўная гераіня пужаецца — і аўтарка літасціва дазваляе ёй гэтую сцэну абмінуць.
Смерць + лесбіянка
Назва рамана “Смерць лесбіянкі” адразу ж адсылае нас да безлічы ўсіх гэтых “Смерцяў у аблоках”, “Смерцяў на Ніле”, “Смерцяў міс Розы Эмат” і іншых смерцяў, якія так часта сустракаюцца ў назвах дэтэктываў Агаты Крысці і іншых аматараў крымінальных галаваломак. Тое, што раман называецца менавіта “Смерць лесбіянкі”, падкрэслівае важнасць сэксуальнай арыентацыі забітай, яе ключавое значэнне для сюжэту і праграмуе пэўныя чытацкія чаканні — ці то эпатажнай правакацыі, ці то татальнай дэканструкцыі самога паняцця “лесбіянка”, ці то яшчэ якога-небудзь радыкальнага кроку. У выніку гэтыя чаканні не спраўджваюцца, але не таму, што аўтарка вырашыла з чытачом пагуляцца, а хутчэй таму, што сам раман і яго назва існуюць у двух паралельных сусветах, якія паміж сабой амаль не перасякаюцца
Тэма лесбіянак упершыню ўсплывае ў размове паміж гераіняй і яе цёткай у даволі нечаканым кантэксце:
Яна моўчкі наліла кавы і спытала, пра што былі мае вершы.
— Пра estrangement legitime, — горда адказала я.
— Пра лесбіянак? — чамусьці перапытала цёця. У яе голасе не было чуваць ні каліўца астуды — хутчэй, цікаўнасць і здагадка.
— Пра перамогі і паразы, — разгублена адказала я.
Абсалютная выпадковасць такой згадкі, у якой прызнаецца і сама аўтарка (“чамусьці перапытала цёця”), зноў вяртае нас да разваг пра сцёб. У далейшым арыентацыя забітай згадваецца яшчэ некалькі разоў, у тым ліку дае падставы высунуць версію пра забойства дзеля захавання рэпутацыі. І ўсё ж ствараецца ўражанне, што тэма лесбійства ў рамане — як і тэма маладых літаратараў — даводзіцца да абсурду і робіцца адным з тых шарыкаў, якімі аўтарка жанглюе дзеля забавы, як жанглюе яна тэмай змагарства ці тэмай полацкіх таямніц.
— Гаротная, — загаварыла прафесарка, нібыта і не слухаючы мяне, — яна так гераічна цягнулася да кніг, каб пра ўсё расказаць нам. І так адпакутавала за сваю карму.
— За якую карму? — не здагадваліся мы з аўтарам дэтэктываў.
— Як якую? Лесбіянскую, канечне.
Размовы герояў пра нетрадыцыйную арыентацыю памерлай нагадваюць лёгкія падхіхікванні, а часам у іх нават усплываюць шараговыя забабоны.
Я нават скрозь сон паспяваю адзначыць сабе, што яна надта блізка да мяне прытуляецца. Дакладна лесбіянка, разумею я, дзівячыся празарлівасці прафесаркі.
У выніку сэксуальная арыентацыя гераіні робіцца не больш як чарговай падставай для гульні, такой самай падставай, як яе прафесія — літаратурная крытыка — ці феміністычныя погляды, пра наяўнасць якіх у кнізе толькі згадваецца. Кніга з такім жа поспехам магла б называцца “Смерць крытыка” ці “Смерць феміністкі” — сувязь назвы з сюжэтам у абодвух выпадках мацнейшай ці слабейшай не зрабілася б.
***
Самая вялікая праблема рамана “Смерць лесбіянкі” — яго перагрувашчанне выпадковымі гісторыямі і дэталямі, якія на агульны ход падзеяў у творы ніяк не ўплываюць. Магчыма, у гэтым вельмі шмат прыватнага, зразумелага толькі самой аўтарцы ці яе найбліжэйшаму атачэнню. А таму многія пачатыя сюжэтныя лініі застаюцца адкрытымі, нібыта завісаючы ў паветры, а частка дэталяў на такім стракатым фоне ўвогуле губляецца. Хісткасць вобразаў і дыялогаў, дзе героі пераскокваюць з пятага на дзясятае (як у згаданай вышэй размове пра вершы і лесбіянак), нечаканыя сюжэтныя павароты, не матываваныя папярэднім ходам падзеяў і агульнае парушэнне логікі дзеяння (“Упаўшы на зямлю, я не спяшалася расплюшчваць вочы: я прыслухоўвалася да свайго цела. Спрабуючы зразумець, ці ўсё цэлае, я, мусіць, крыху нават і заснула”) ствараюць уражанне твора, у якім кожны абзац і кожная рэпліка жывуць сваім уласным жыццём, і адзінае, што іх аб’ядноўвае, — гэта асоба гераіні-апавядальніцы. Кожны фрагмент гэтага твора мае свае правілы існавання, а сабраныя ўсе разам, фрагменты гэтыя ўяўляюць даволі дзіўную рухомую структуру, якая ніяк не змяшчаецца пад назвай “Смерць лесбіянкі” і ніякім чынам ёй не вызначаецца.
Ганна Янкута, budzma.by