Ранкі могуць пачынацца па-рознаму: у цёплым ложку, у халодным кузаве, ад крыкаў паліцэйскага ці ад моцнай залевы. Усё залежыць ад тваіх геаграфічных каардынатаў і шанцавання, і нават грошы часам аказваюцца ні пры чым. Кніга Ромы Свечнікава “Рома едзе” не дае парадаў, як выжыць у той ці іншай краіне без даляра ў кішэні ці як праехаць праз Кітай на матацыкле: магчыма, усе гэтыя спосабы працуюць толькі аднойчы, і потым іх кожны раз даводзіцца шукаць наноў. Яе хутчэй можна назваць эмацыйнай рэакцыяй на тое, што адбываецца з аўтарам падчас яго доўгай дарогі, і гэтая рэакцыя расказвае чытачу больш, чым каляровыя рэпартажы ў часопісах, бо рэальнасць часцей за ўсё зусім не падобная да яркіх фотаздымкаў, а вось прыватная гісторыя заўсёды застаецца прыватнай гісторыяй і ні на якую аб’ектыўнасць увогуле не прэтэндуе.
Усе падарожныя нататкі ў свеце
Пра падарожжы пісалі, пішуць і будуць пісаць ледзь не ўсе, хто выпраўляецца з дому ў дарогу. Гэта можа быць водгук пра сайце турыстычнай кампаніі, фотасправаздача ў блогу, рэпартаж ці кніга на памяць удзячным нашчадкам — спосабаў расказаць пра свае прыгоды заўсёды было безліч. Свае бадзянні па свеце апісваў, напрыклад, Герадот — існуе меркаванне, што яго важкая “Гісторыя” вырасла са сціплага намеру проста апісаць убачанае на свае вочы. На сённяшні момант падарожных нататак напісана столькі, што нават сабраць больш-менш поўную бібліяграфію гэтага жанру падаецца справай немагчымай.
І ўсё ж, нягледзячы на сваю масавасць, падарожныя нататкі — жанр даволі спецыфічны: далёка не кожнаму будзе цікава чытаць, як нехта туляецца па свеце, і глядзець на гэты самы свет вачыма аўтара. Асабліва гэта датычыць твораў, якія не чапляюць чытача чымсьці прыватным. Сёння, напрыклад, цяжка ўявіць ахвочага пачытаць нататкі, скажам, Амеліі Эдвардс, ангельскай аўтаркі ХІХ стагоддзя, пра яе падарожжа праз Даламіты, хоць твор гэты ў цэлым даволі незвычайны: тагачаснай жанчыне выправіцца ў далёкае і небяспечнае падарожжа было не так і проста. Гісторыя пра чыесьці бадзянні прывабіць сённяшняга чытача, які часцей за ўсё і сам не з гліны злеплены і таксама шмат дзе пабываў і шмат чаго пабачыў, толькі выклікаўшы ў яго эмацыйны водгук, уцягнуўшы ў перажытыя аўтарам прыгоды і зрабіўшы іх удзельнікам.
Мультымедыйны праект “Рома едзе” на сайце часопіса 34mag.net мае менавіта гэтыя якасці: наведнік сайта можа не толькі чытаць нататкі пра розныя краіны, наведаныя Ромам Свечнікавым, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў дарозе, глядзець фотаздымкі і відэа, але і адсочваць перамяшчэнні аўтара і героя матэрыялаў на карце і нават падтрымаць яго вандроўку праз Paypal і інш. “1 ліпеня 2012 года дваццацігадовы беларускі хлопец Рома Свечнікаў кінуў вучобу ва ўніверсітэце, развітаўся з сям’ёй, сябрамі і ўтульным пакоем у менскім чатырохпавярховіку ды выправіўся ў бестэрміновае кругасветнае падарожжа. З сабой ён узяў заплечнік з рэчамі першай неабходнасці, люстраны фотаапарат, маленькі лэптоп і нешта каля двухсот даляраў наяўнымі”, — расказваецца на сайце пра пачатак праекта, і чытач разумее, што яго герой — такі самы беларус, як ён, што ўсе гэтыя прыгоды здараюцца з чалавекам, які, магчыма, жыў з ім на суседняй вуліцы і вучыўся ў той самай ВНУ. Выдадзеныя кнігай, нататкі страчваюць мультымедыйнасць, ператвараюцца ў зусім іншы твор, аўтаномны і статычны, і пачынаюць выглядаць трошкі інакш.
Паўсвету пад адной вокладкай
“Гэта не звычайныя запіскі падарожніка: тут амаль адсутнічаюць апісанні гарадоў, парады турыстам ды іншы капірайтарскі стаф. Гэта падарожжа ўнутр сябе, у свядомасць пакалення, у час і норавы неспасцігальнага несвядомага арганізма з сямі мільярдаў клетак”, — піша ў прадмове да кнігі Danila Berencef, рэдактар часопіса 34mag.net. Кніга 1 (працяг, несумненна, будзе) выйшла ў загадкавым выдавецтве Logvino Literatūros namai і складаецца з 9 частак, якія расказваюць пра прыгоды Ромы ў Грузіі, Арменіі, Іране, Азербайджане, Алтаі, Манголіі, Кітаі, Лаосе і Тайландзе.
Асноўная ўвага ў кнізе аддаецца людзям, з якімі аўтара зводзіць дарога. Кароткія гісторыі выпадковых сустрэчных, імклівыя гутаркі і абмен меркаваннямі, часам на мове жэстаў, бо іншых агульных моваў у суразмоўцаў няма — гэтыя знаёмствы доўжацца ўсяго нічога. Здараецца, што аўтар зусім не паспявае пазнаёміцца са сваім мімалётным спадарожнікам, здараецца, што ў яго няма часу пра яго расказаць: асобным эпізодам падарожжа, якія могуць доўжыцца некалькі дзён ці нават тыдняў, у кнізе прысвечана ўсяго некалькі радкоў. Гэта амаль гонза-журналістыка, суб’ектыўны аповед непасрэднага ўдзельніка падзеяў, які кідае рэдактару ўрыўкавыя чарнавікі і тут жа імчыцца далей, не засяроджваючыся асабліва на тэксце. Сам рэдактар у прадмове да кнігі гэта пацвярджае: “Атрымліваючы кавалкі тэксту з разнастайных Viber’аў, WhattsApp’аў і GoogleDrive’аў, я ўсяго толькі спрабаваў скруціць незаўважнымі шрубкамі ўсе гэтыя фрагменты пазлу, пакінуць тую спрадвечнасць літар і словаў, дзікунства стылю і апавядання, якія свісталі з усіх фортачак зыходнага матэрыялу”.
Сутыкаючыся з рознымі людзьмі, карыстаючыся іх гасціннасцю (а часам і церпячы ад іх нядобразычлівасці і зламыснасці — у Лаосе, напрыклад, у падарожнікаў скралі лодку), аўтар задумваецца пра сутнасць такіх знаёмстваў: “За апошні год самыя розныя людзі ў самых дзіўных сітуацыях дапамагалі мне прарывацца наперад. Я паспяваў сказаць ім дзякуй, і мы назаўжды расставаліся. Часта сувязь ірвалася яшчэ да моманту, калі мы даведваліся імёны адзін аднаго. Здараецца, мяне свідруюць думкі пра тое, што менавіта мяне варта называць спажыўцом у самым дрэнным сэнсе гэтага слова — я спажываю не тавар, але добрае стаўленне людзей, і часта ў аднабаковым парадку”.
Кніга “Рома едзе” чытаецца імкліва, за некалькі гадзінаў. Гэта суцэльны экшн, шчырае захапленне дарогай і тым жыццём, якое ёй вызначаецца, і развагі аўтара на палях тых прыгодаў, пра якія ён расказвае. Гэты аповед вельмі жывы і цэльны, і сумна толькі тое, што ён будзе раздзелены на два (калі не на тры) папяровыя тамы: калі меркаваць з працягу, які паступова з’яўляецца на сайце 34mag.net, прычыны гэтага маюць хутчэй нелітаратурны характар.
Ганна Янкута