Свет зноў у небяспецы: два магнацкія роды, што сапернічаюць за ўладу, прагнуць завалодаць таямнічым апаратам доктара Дзі, што схаваны недзе ў Англіі, і двум злашчасным ратавальнікам Рэчы Паспалітай і ўласных шкураў зноў даводзіцца выпраўляцца ў падарожжа. Новая кніга Людмілы Рублеўскай “Авантуры студыёзуса Вырвіча” (Мінск, “Выдавецкі дом “Звязда”, 2014) — гэта чарговая порцыя неверагодных прыгодаў, фантастычных выратаванняў і незвычайных сустрэч, якія чакаюць герояў падчас выканання новага квэсту: разгадка малюнка, накрэсленага механічнай лялькай, і пошук сакрэтнай зброі, да якой гэты малюнак вядзе.
Дарэчы, доктар Джон Дзі, загадкавы персанаж, які лунае ценем над прыгодамі герояў кнігі, існаваў насамрэч: гэты ангельскі матэматык, астраном, астролаг і алхімік сапраўды лічыўся адным з самых адукаваных людзей свайго часу і пакінуў нашчадкам у спадчыну нямала дзіўных адкрыццяў і распрацовак, у тым ліку рытуалы энохіянскай магіі. Людміла Рублеўская нездарма закручвае галоўную інтрыгу кнігі вакол яго вынаходніцтва — ужо сама асоба доктара Дзі вартая не аднаго рамана. А калі дадаць сюды пару-тройку Радзівілаў і іншых каларытных персанажаў, гістарычны фон твора атрымліваецца вельмі яркім і стракатым.
Першая кніга серыяла пра Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка пад назвай “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” выйшла ў 2012 годзе і намінавалася летась на прэмію Гедройца, трапіўшы ў яе шорт-ліст. Маргарыта Аляшкевіч, адзін з рэцэнзентаў леташняй прэміі Гедройца, параўнала кнігу з фільмамі, знятымі паводле камп’ютарных гульняў пра раскрадальніцу грабніц Лару Крофт: “У адным з эпізодаў скарбашукальніцкай сагі Лара Крофт адмаўляецца ехаць у Егіпет — там горача, пясок і галоўнае — усё вядома, піраміды гэтыя, ну-у-удна. І едзе ў Сібір — катацца на сабаках па замерзлым возеры і руйнаваць машыну часу. Гэх, не была ты, дзеванька, у Слуцку XVIII стагоддзя! Там і экзотыкі табе сармацкай пакаштаваць, і цмока жалезнага зваяваць, і ў бочцы з тухлым селядцом фрызуру папсаваць, і на тросах падвясных палётаць, ну і скарб рэдкі пашукаць — усяго ад Людмілы Рублеўскай дасталася б…”
Кажучы пра новую кнігу пра прыгоды Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка, можна згадаць усе сюжэтныя хады і стылістычныя асаблівасці, якія згадваліся ў аглядзе папярэдняга выдання: павароты сюжэту загадзя вывераныя, канцы з канцамі зведзеныя, deus ex machina, то бок “бог з машыны”, нечаканы ратавальнік ці памочнік, выскоквае ў патрэбны момант, каб уратаваць падарожнікаў, якія вось-вось загінуць, галоўныя героі — спрэс супермэны і рыцары без страху і папроку, а калі ўжо іх і можна ў чымсьці папракнуць, то нават гэтыя недахопы і прамашкі цалкам стасуюцца з паняццямі пра шляхетную годнасць. Твор чытаецца гэтак жа лёгка і напісаны гэтак жа захапляльна. Як і ў мінулай кнізе, мы з прыемнасцю здагадваемся, што маленькая цыдулка з дзіцячымі крамзолямі, якую Лёднік разглядае ў пачатку кнігі, у сярэдзіне дапаможа выцягнуць герояў з турмы, як і ў мінулай кнізе, усе непатрэбныя персанажы своечасова паміраюць, каб нішто не замінала патрэбным, як і ў мінулай кнізе, аўтарка выцягвае са скрыні і прад’яўляе чытачам усе самыя цікавыя факты з беларускай і не толькі гісторыі, каб расквеціць аповед: “Дзе дарогі, там яміны… Індусы, дарэчы, патлумачылі б, што Яма — імя бога падземнага царства, уладальніка чатырохгаловых сабак, якія блукаюць нябачнымі сярод людзей, выглядаючы іхнія грахі. У адной руцэ Ямы — дубінка, якой ясна як трэба карыстацца ў адносінах з грэшнікамі, а ў другой — пятля, з дапамогай каторай бог індускім сваім спосабам вымае душу з цела”.
Аднак у адрозненне ад папярэдняга выдання, кніга “Авантуры студыёзуса Вырвіча” з кожнай старонкай робіцца ўсё больш падобнай да грымучай сумесі фэнтэзійнага і любоўнага раманаў — неверагоднай дакладнасці механізмы, ажылыя цмокі і акультныя таямніцы суседнічаюць тут з гісторыямі пра незаконных дзяцей, здрады і бедных ахвяраў гвалту. Не абыходзіцца і без сцэнаў катавання і нязменнага хэпі-энду. Такім чынам, патэнцыйная аўдыторыя кнігі звужаецца, бо яна робіцца менш універсальнай і больш скіраванай на пэўную чытацкую групу, але, з іншага боку, магчыма, і пашыраецца: гэта ўжо не столькі гістарычны раман, колькі папулярнае жаночае (ці, калі хочаце, дзяўчынкавае) фэнтэзі — і тут яшчэ добрае пытанне, на што чытачоў знойдзецца больш.
Не знікае нікуды і патрыятычны пафас, заўважаны ў першай кнізе, больш за тое, у “Авантурах студыёзуса Вырвіча” ён робіцца яшчэ гучнейшым, выклікаючы часам нават здзіўленне. Бо калі адзін персанаж кнігі выклікае другога на двубой і, каб заахвоціць не надта схільнага лезці на ражон саперніка гэты выклік прыняць, расказвае яму, як згвалтаваў яго жонку, то наступны патрыятычны дыялог глядзіцца ў гэтым кантэксце больш чым нечакана: “Я не за іх, я за сябе б’юся <…> Я аднаго ад усіх гэтых магнатаў ды князькоў хачу — каб пакінулі нас у спакоі! Перасталі гандляваць Беларуссю! Каб вырашалі свае амбіцыі, як павукі ў слоіку: перагрызіцеся вы там усе і пакіньце нам нашую зямлю!”
Калі заканчваецца чарговы сезон якога-небудзь папулярнага серыяла, яго стваральнікі часта інтрыгуюць гледачоў, паварочваючы ў апошнія пяць хвілін перад доўгім перапынкам сюжэт так, каб людзі, седзячы перад тэлевізарамі, ажно ўзвылі: а-а-а-а, ну што там будзе далей?! А далей можа быць што заўгодна: памерлыя героі ажываюць, пераможаныя пачвары паўстаюць з пекла, кола пачынае круціцца наноў. Людміла Рублеўская са сваімі чытачамі больш шчырая: яна адразу дае ім зразумець, што непераможнага тэрмінатара Германа Ватмана зброя не бярэ, і ён абавязкова з’явіцца ў трэцяй кнізе, якая, як паказвае эпілог, абавязкова будзе надрукаваная. Пакінуўшы сваіх герояў у ідылічным спакоі, аўтарка на самых апошніх старонках нагадвае: новы кароль Рэчы Паспалітай так яшчэ і не выбраны, а значыць, працяг гісторыі наперадзе.