Сёлета ўвесь свет успамінае ахвяраў Першай сусветнай вайны, якая хоць і лічыцца ў рэйтынгу самых кровапралітных войнаў шостай (па колькасці загінулых яе абганяе шэраг войнаў на тэрыторыі Кітая, Мангольскай імперыі, а на першым месцы, зразумела, стаіць Другая сусветная), яе маштабы і тэхналогіі жахнулі чалавецтва. Упершыню на полі бою з’явіліся танкі і былі выкарыстаныя атрутныя газы, пашырылася выкарыстанне самалётаў і падводных лодак, а пра паспяховае развіццё артылерыі можна пачытаць у любым рамане пра падзеі тых гадоў: большасць іх герояў гіне менавіта ад кулямётных ран. Першая сусветная зрабіла вялізарны ўплыў на ўсе бакі жыцця, у тым ліку на літаратуру.
На першую-другую разлічыся!
Калі гаварыць пра еўрапейскую ваенную літаратуру, не ўдакладняючы, якую менавіта вайну мы маем на ўвазе, у галаву адразу ж прыходзіць шэраг вядомых нам са школы аўтараў і твораў: “На Заходнім фронце нічога новага” і “Тры таварышы” Эрыха Марыі Рэмарка, “Бывай, зброя!” Эрнэста Хэмінгуэя, “Агонь” Анры Барбюса, “Смерць героя” Рычарда Олдынгтана. Усе гэтыя аўтары належаць да так званага “страчанага пакалення”, якое ў раннім узросце прайшло вайну і спазнала адчай паваеннага часу: вярнуўшыся з фронту дадому, многія нядаўнія салдаты не змаглі адаптавацца да мірнага жыцця. Хтосьці піў, хтосьці вар’яцеў, хтосьці забіваў сябе. Такім чынам, вайна, якую мы ведаем з замежнай літаратуры, — гэта найперш Першая сусветная. Магчыма, у гэтым вінаватыя старыя школьныя праграмы і бацькоўскія бібліятэкі, дзе абавязкова прысутнічаюць многія кнігі з гэтага спіса, якія выдаваліся неймавернымі тыражамі. Потым мы ўжо згадваем і “Смерць — маё рамяство” Рабэра Мэрля, і “Ваеннага лётчыка” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, але спачатку ўсё адно — Рэмарк і Хемінгуэй.
Калі з еўрапейскай ваеннай літаратуры пераключыцца на беларускую, сітуацыя тут жа мяняецца. Мы адразу прыгадваем “Млечны шлях” Кузьмы Чорнага, “Мёртвым не баліць” і “Жураўліны крык” Васіля Быкава (зрэшты, тут можна пералічваць амаль усе яго творы), “Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля, “Хатынскую аповесць” Алеся Адамовіча — і Першай сусветнай вайны тут няма. Вайна для беларускага чытача — гэта перш за ўсё Другая сусветная, ці Вялікая Айчынная, як называюць на постсавецкай тэрыторыі той перыяд Другой сусветнай, які зачапіў уласна Савецкі саюз. Першая сусветная вайна ў гэтым кантэксце ўспамінаецца вельмі рэдка, і на гэта ёсць некалькі прычынаў.
З таго часу, як гісторыя Вялікай Айчыннай вайны легла ў аснову сучаснай беларускай ідэалогіі, якая распрацоўваецца на дзяржаўным узроўні, згадкі пра гэтую вайну ўвесь час усплываюць у нашым жыцці: штогод шырока і маштабна адзначаецца Дзень Перамогі 9 траўня, ва ўсіх універсітэтах уведзены асобны курс “Вялікая Айчынная вайна”. Калі з Другой сусветнай вайной у нас усё, здаецца, проста і зразумела, нягледзячы на безліч пытанняў, якія дагэтуль не асэнсаваныя да канца і застаюцца адкрытымі, — беларусы змагаліся ў ёй поплеч з іншымі савецкімі народамі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і разам з іншымі савецкімі народамі выйшлі з яе пераможцамі, то з Першай сусветнай усё нашмат складаней.
Пачнём з таго, што ў пачатку Першай сусветнай вайны такой дзяржавы, як Беларусь не існавала ўвогуле. Вайна скончылася 11 лістапада 1918 года, а Беларуская народная рэспубліка была абвешчаная незадоўга да гэтага — 25 сакавіка 1918 года — і неўзабаве саступіла месца БССР. Вайна прайшлася па тэрыторыі цяперашняй краіны, разбураючы вёскі, знішчаючы гаспадарку і забіваючы людзей — мірнае насельніцтва і салдат, што былі прызваныя ў расійскае войска, — і гэтая віхура не пакінула ані міфаў, ані канцэптаў, на якіх потым магла б пабудавацца нацыянальная свядомасць ці хаця б дзяржаўная ідэалогія, як у выпадку з Другой сусветнай: варта згадаць, напрыклад, тых жа партызанаў — “беларускіх сыноў”.
Па-другое, беларуская літаратура ў часы Першай сусветнай вайны была яшчэ занадта маладая, каб ва ўсёй паўнаце асэнсаваць тое, што адбываецца. Не было яшчэ ні “Узвышша”, ні “Маладняка”. Былі ўжо, што праўда, і газета “Наша ніва”, і дакастрычніцкі Янка Купала, і Цётка, якая ў 1916 годзе памерла ад эпідэміі тыфу, і Максім Багдановіч, які ўлетку 1916 года акурат быў у Мінску і займаўся справамі бежанцаў, і Змітрок Бядуля, які ў гэты ж час працаваў у гарадскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Аднак пошук уласнай ідэнтычнасці цікавіў у тыя часы беларускіх пісьменнікаў нашмат больш, чым асэнсаванне ваенных падзеяў: калі ўласнае месца ў свеце яшчэ не знойдзенае, як можна замахнуцца на гісторыю сусветнага маштабу? Не існавала яшчэ мовы, якой можна было сказаць пра акупацыю, масавыя бойні і задушлівы газ, хоць і была ўжо напісаная “Прысяга над крывавымі разорамі” з яе “Вузка! Цесна! Мала!” Гэтую мову вынайдзе потым Васіль Быкаў.
Паказальна, што, адкрыўшы мову, якой можна пісаць пра сусветную вайну, беларуская літаратура да асэнсавання Першай сусветнай так і не вярнулася. Не толькі ваеннае і паваеннае пакаленні пісьменнікаў, чыя цікавасць да Другой сусветнай вайны зразумелая, але і сучасныя пісьменнікі да гэтай тэмы не звяртаюцца, аддаючы перавагу традыцыйнай партызаншчыне, хай сабе і выяўляючы яе з іншага боку. У гэтым плане цікава параўнаць аповесць “Лавец святла поўні” Юрыя Станкевіча (нар. 1949) і апавяданне “Пятнаццаць лішніх хвілін” Сяргея Балахонава (нар. 1977) — два творы, якія паказваюць Другую сусветную вайну вайной “усіх супраць усіх”. Першая ж сусветная, як заўсёды, застаецца па-за ўвагай пісьменнікаў. Рэдкія выключэнні — раманы Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”, дзеянне якога пачынаецца акурат падчас “вайны з немцамі 1914—1918 гадоў”, і “Трэцяе пакаленне”, вельмі характэрны твор, які паказвае, што падзеі, які адбыліся пасля Першай сусветнай, адцягнулі ўвагу пісьменнікаў ад самой вайны.
На імперыялістычнай вайне нічога новага
Першая сусветная вайна ў беларускай літаратуры асацыюецца найперш з творчасцю Максіма Гарэцкага і яго “запіскамі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы” “На імперыялістычнай вайне”. Вайне прысвечаныя і іншыя творы пісьменніка — апавяданні “Генерал”, “Рускі”, “Літоўскі хутарок”, “На этапе”, згадваецца вайна і ў аповесці “Ціхая плынь”, і ў рамане “Віленскія камунары”, і ўсё ж “На імперыялістычнай вайне” — гэта наш варыянт “На Заходнім фронце нічога новага”: голая праўда вайны, вынесеная нават у назву. Назва твора і дае тлумачэнне, чаму тэма Першай сусветнай вайны ў беларускай літаратуры такая непапулярная: гэтая вайна дзвюх імперыяў да Беларусі ніякага дачынення не мае. Беларусы траплялі на яе выпадкова, як Лявон Задума, які мусіў адслужыць у расійскім войску і які зусім не адчувае сябе абаронцам Радзімы.
Запіскі “На імперыялістычнай вайне” не толькі адкрылі для беларускай літаратуры ваенную тэму, якая атрымае сваё развіццё нашмат пазней, але і зрабіліся першым творам дакументальнай прозы, першым сур’ёзным творам non-fiction, напісаным на аснове ўласнага досведу аўтара, атрыманага падчас першых месяцаў вайны. Максім Гарэцкі (як і яго герой Лявон Задума) быў цяжка паранены, а таму твор можна раздзяліць на дзве часткі — дзённік, дзе натаваліся ваенныя падзеі, і ўспаміны пра лячэнне і вяртанне дадому. Вайна тут паказаная вачыма маленькага чалавека, які проста апісвае ўсё, што з ім здараецца, не асабліва спрабуючы гэта асэнсаваць. Менавіта таму побач з апісаннямі крывавых баёў у рамане нярэдка сустракаюцца згадкі пра надвор’е ці побытавыя гісторыі. Апавядальнік неаднаразова скардзіцца на сваю няздольнасць думаць і не задае сабе пытанняў, што ён на вайне робіць, бо дакладна ведае адказ: ён тут для таго, каб памерці. Водгукі развагаў з’яўляюцца ў амаль выпадковых рэпліках “Няможна ж без патрэбы пасылаць людзей на смерць” (капітан Смірноў), “Калі ўжо яна кончыцца, звязаліся з дрэнню, трэба нам было лезці за сербаў, яны там штогоду ваююць. Колькі нашага брата выйшла на вайну, а што нам: прыбавіцца хоць па дзесяціне ай што? Чаго не хапае багатым чарцям, што лезуць у вайну? Здаецца, і сыты і п’яны. З жыру шалеюць, сволачы, а ты за іх жыццём накладай” (бамбардзір-наводчык Валодзін). Сам апавядальнік таксама часам задумваецца пра сэнс праўдзівага геройства і выжывання на вайне, і ўсё ж нашмат мацней яго хвалююць успаміны пра дом і сям’ю.
Запіскі “На імперыялістычнай вайне” — твор, напісаны па гарачых слядах падзеяў, які ўтрымлівае толькі канкрэтыку, апісанне карцін, якія ўразілі і жахнулі аўтара. Для таго ж, каб глыбей асэнсаваць падзеі, што адбываліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, быў патрэбны час. Але калі час прайшоў, перад пісьменнікамі ўжо стаялі іншыя тэмы: спачатку спроба зразумець сэнс рэвалюцыі 1917 года, якая перавярнула ўвесь лад жыцця, а потым — проста выжыць у рэпрэсіях, у Другой сусветнай вайне. Першая сусветная ў нашай літаратуры так і засталася ў цені, забытая вайна пачатку стагоддзя, пасля якой было столькі крывавых падзеяў, што да яе дагэтуль не вяртаюцца ні ў мастацкай прозе, ні ў нон-фікшн.