Гарадзенская інтэрнэт-супольнасць адзначыла чарговую, ужо 8 гадавіну існавання гарадзенскага форуму. Для гарадзенскіх карыстальнікаў forum.grodno.net гэта была адна з самых вялікіх імпрэзаў за апошні час, дзе былі і жарты, і конкурсы, і выступ ужо вядомага ў горадзе гурта INOUT. Падчас конкурсаў можна было выйграваць прызы, адзін з якіх быў даволі сур’ёзны — бясплатная рэгістрацыя на гадавую візу.
Пра святкаванне і пра апошнія 8 гадоў працы расказвае адміністратар гарадзенскага форуму Аляксей Радс: “Гэта чарговая гадавіна форуму. За апошні год наведвальнасць форуму павялічылася, і зараз мы будзем купляць новае абсталяванне для абслугоўвання. Трэба набыць новы сервер, бо стары з аб’ёмам трафіку ўжо не спраўляецца. Само мерапрыемства атрымалася вясёлым і пазітыўным”.
Цяпер форум — гэта не толькі месца для абмену думкамі, але і пляцоўка, дзе можна набыць розныя рэчы, у тым ліку антыкварыят і рэчы для калекцыяў.
Імпрэзу наведала больш за 300 чалавек, аднак склалася ўражанне, што кожны год колькасць ахвочых трапіць на такое мерапрыемства памяншаецца.
Андрэй Мялешка
Фота Сяргея Марозава