Фэст прайшоў недалёка ад літоўскага мястэчка Варняй, сёлета – пятнаццаты, юбілейны. Osterweg – адзіны беларускі гурт сярод выступоўцаў, якія з’ехаліся з Аўстраліі, Грэцыі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Нідэрландаў, Германіі, Польшчы, Украіны, Фінляндыі, Швецыі, Эстоніі. Osterweg выступіў на адной сцэне з гуртамі, добра вядомымі ў нашым рэгіёне (калі не па ўсім свеце) нават па-за коламі прыхільнікаў метал-музыкі: Skyforger, Moonsorrow, Nokturnal Mortum.
Беларускі гурт адкрыў другі дзень фэсту прамовай пра ваўкалакаў і інструментальным сэтам. На дудзе граў заснавальнік гурта Аляксандр Osterweg, на флейце, акарыне, варгане і раўшпфайфе – Аляксандра з рускага неафольк-гурта “Крыница”. Мабыць, для антуражу падчас выступу нехта з публікі завыў воўкам. “А добра ў вас атрымліваецца”, – пачулася з іншага боку пляцоўкі. Osterweg слухачы віталі бел-чырвона-белым сцягам, не паленаваўшыся прынесці яго з іншага боку фестывальнай пляцоўкі, дзе той увесь фэст пазначаў: “Беларусы жывуць тут!” А як жа, адзіны прадстаўнік краіны, варта падтрымаць.
На KILKIM ŽAIBU гурт граў версію сярэднявечнага Totentanz, перапрацоўку кампазіцыі нарвежскага Burzum, аўтарскія інструментальныя творы. Публіка, дзелячыся ўражаннямі ад выступу Osterweg, параўноўвала гурт з магілёўскім праектам Pragnavit. Аляксандр Osterweg не адмаўляе ўплыву магілёўскіх музыкаў, расказвае пра супрацоўніцтва з імі падчас запісу альбома. Пра сваю музыку Аляксандр кажа: “Я не прэтэндую на нейкую аўтэнтычнасць ці сярэднявечнасць. Так, медыевальная музыка мяне натхняе, але ўсё, што вы чуеце, – гэта неафольк як я яго сабе ўяўляю”.
Праект Osterweg распачаўся ў 2010 годзе як студыйны, у пачатку 2014-га пад лэйблам Crivia-records выйшаў дэбютны альбом. Заснавальнік гурта Аляксандр Osterweg адпачатку не планаваў канцэртныя выступы. Усе партыі падчас запісу альбома ён адыграў сам. Каб паказаць праграму Osterweg цалкам пад “жывыя” інструменты, трэба сабраць вельмі шмат музыкаў, таму пакуль ужывую гучаць толькі духавыя, астатнія – у запісе. Дуду, на якой грае Аляксандр, ён замовіў у нямецкага майстра Ёнса Гюнцэля, знакамітага вырабам інструментаў для гурта In Extremo. “Справа ў Ёнса пастаўленая на канвеер, – кажа Аляксандр. – Я і раней замаўляў у яго інструменты, апошнімі гадамі якасць пагоршылася. Цяпер прыглядаюся да беларускіх майстроў, планую замовіць дуду ў Тодара Кашкурэвіча”. Яшчэ ў планах гурта – пашырэнне складу музыкаў, прэзентацыі дэбютнага альбома ў Беларусі і за мяжой.
Алена Ляшкевіч
Фота Генадзя Шуляка