У Гародні выйшла кніга, якую можна назваць кішэннай гісторыяй горада. Гэта 222 старонкі пад назваю “Пад крылом Каложы”. Гарадзенскі гісторык Андрэй Павач назваў гэтую кнігу гісторыяй “выдатнага горада свету”.
На думку выдаўца, рэдактара невялікага выдавецтва “Юрсапрынт” Аляксандра Рыжага, кніга выйшла вельмі ўдалай.
— Чаму кніга названая гісторыяй «выдатнага горада свету»?
— Яшчэ ў далёкім 1572 годзе Георг Браўн у кёльнскай энцыклапедыі «Civitates orbis terrarum» уключыў наш горад у лік найлепшых гарадоў свету. Але якім быў горад на самай справе тысячу гадоў, трыста, пяцьдзясят таму? Якія ён захоўвае сакрэты і загадкі? Бо сакрэты, вялікія ці маленькія, ёсць у кожнага. Ёсць яны і ў Гародні. Некаторыя з іх з’явіліся па непаразуменні, некаторыя — плён чыёйсьці багатай фантазіі. Сустракаюцца сакрэцікі, а ёсць Сакрэты з вялікай літары, якія сыходзяць глыбока ў далеч стагоддзяў, як падземныя хады, непакояць уяўленне не аднаго пакалення гарадзенцаў. Да прыкладу: «Калі і кім была пабудаваная Каложа?» Або «Як называлася адна з першых кніг па гісторыі Гародні?», «Якія гарадзенскія вароты ўпрыгожвае цытата з твораў Жан-Жака Русо?» Усё гэта і многія іншыя сакрэты горада — у нашай кнізе. У нашай «кішэннай» гісторыі «выдатнага горада свету», якую заўсёды можна зняць з кніжнай паліцы і ўзяць з сабой у будучыню.
Кніга ўтрымлівае нават такія факты, якіх не ведаў прафесар Вячаслаў Швед. Пра гэтае невялічкае выданне ён кажа наступнае: “Кніжку прачытаў з вялікай цікавасцю. Думаў, мяне, прафесіянала, цяжка здзівіць, але і я знайшоў невядомыя факты. Добрая літаратурная мова, цікавая падача матэрыялу, сувязяў паміж рознымі часткамі кнігі — і ўсё праз прызму Каложы. Раю ўсім пачытаць. Дзякуй спадару Рыжаму за добрую кнігу. Набывайце і атрымлівайце асалоду ад гісторыі роднага горада, напісанай закаханым у Гародню аўтарам”.
Набыць гэтае цікавае выданне накладам 1000 асобнікаў можна ў невялічкай крамцы пры выдавецтве па адрасе: Гародня, вул. Маркса, 11, і ў гарадзенскіх кнігарнях.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі