Гарадзенскія філатэлісты ладзяць выставу, прысвечаную чэмпіянату свету па хакеі.
Яна пройдзе з 15 па 25 траўня на гарадзенскім паштамце. Больш за тысячу экспанатаў прадставілі беларускія калекцыянеры разам са сваімі польскімі калегамі па збіранні. Уся тэматыка — спартыўная: тут і хакей, і ровары, і гісторыя алімпіяды, і спартовыя аўтамабілі. Пра прадстаўленыя зборы расказвае кіраўнік Гарадзенскага абласнога таварыства калекцыянераў паштовых мініяцюр Фрыдэрык Гушча:
— На выставе прадстаўлена 17 калекцый. У асноўным гэта калекцыі гарадзенскіх збіральнікаў. З Мінска — адзін удзельнік, са Свіслачы — адзін, з Берасця — два, з Польшчы — тры, астатнія з Гародні. Тут прадстаўлены рэдкі матэрыял. У адной з калекцый ёсць маркі з першай Алімпіяды 1896 года. Першыя маркі на свеце, якія былі прысвечаныя першай Алімпіядзе.
У дзень адкрыцця прайшло спецыяльнае гашэнне, на якім намаляваны хакеіст, а кожны ўдзельнік у якасці прыза атрымаў невялічкую статуэтку з хакеістам.
Самы стары калекцыянер Уладзімір Мітронічаў, якому каля 80 гадоў, якраз прадставіў стэнды з маркамі на тэму чэмпіянату свету па хакеі. Менавіта яго прэзентацыя стала першай і адкрыла выставу.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі