Дэструктыўны пажарны аркестр сагрэў сваёй музыкай усіх, хто рызыкнуў у лютыя маразы зайсці на яго сольны канцэрт у Мінску.
Канцэрт гурта “Гаротніца” – самае тое ў зімовы пятнічны вечар, калі на вуліцы пад мінус 20. Праект заснаваў чарнаскуры беларус Андрусь Такінданг, якому аднаго гурта “Рэха” падалося замала. Ён сабраў музыкаў з розных мінскіх фармацый: бубнач грае ў хард-кор камандзе “Сквот”, трубач – з акадэмічнай капэлы “Сонорус”, кларнетыст і басіст працуюць у сімфанічным аркестры, гітарыст – з таго ж “Рэха”, вакалістка Валерыя пачынала сваю кар’еру ў “Крыві”… Сямёра музыкаў не спяшаючыся адладжваюцца, хоць ужо мінула 40 хвілін, як іх выступ мусіў пачацца. Аказваецца, у клубе “Графіці” час імпрэзы прызначаюць з запасам, каб кожны паспеў замовіць сабе пад’есці ды выпіць і паразмаўляць з сябрамі, фонам гучыць The Cranberries. Валерыя падбягае пасля настройкі да бармена ды просіць паставіць “чаго павесялей” і задавольваецца запісам канцэрту Боба Марлі. Праз 10 хвілін яе воплескамі запросяць на сцэну, і амаль дзве гадзіны яна будзе дзяліцца сваёй невычэрпнай энергіяй з публікай.
“Гаротніца” грае прыемную і мяккую музыку, дзе добра ўжываюцца элементы ска і джазу, класікі ды року. Тэксты піша Андрусь, усе яны, як правіла, сумныя і трагічныя. Нямала песняў магло б гучаць на нашых радыёстанцыях замест надакучлівага і прымітыўнага шансону. “Цяпер халодна, але хутка будзе горача”, – абяцае Валерыя, размахваючы вялікім піўным келіхам, у які налітая чорная гарбата. Яна скідае швэдар і застаецца адно ў майцы. Усхопліваецца і публіка – “Гаротніца” не мае ніводнага запісанага альбома, аднак людзі іх песні ведаюць і часам падпяваюць. Недзе пяцёра смялейшых пачынаюць танчыць ля сцэны амаль у самым пачатку. Музыкі, па ўсім бачна, выконваюць адзін са сваіх каронных нумароў – маргінальны рок-н-рол “Фінка для дзяўчынкі” з вушараздзіральным бэкам Такінданга, які ні на секунду не перастае граць пры гэтым на сваёй домры. Потым гэтую песню сыграюць яшчэ на біс, і замест Андруся спяваць у мікрафон будуць самі гледачы. Канцэрт праходзіць на адным дыханні. Асалоду атрымалі ўсе.
Пасля канцэрту Андрусь Такінданг кажа, што яго гурт існуе пяць гадоў і ўвесь гэты час знаходзіцца ў стадыі распаду. Яны раз-пораз збіраюцца дзеля канцэртаў, бо надта ім падабаецца гэтая справа, але да студыі за гэты час музыкі так і не дабраліся. “Мы ж дэструктыўны аркестр”, – кажа заснавальнік “Гаротніцы”, і гэтыя словы нібы даюць адказ на ўсе магчымыя далейшыя пытанні. Ён запрашае на жывыя выступы гурта, бо гэта адзіная магчымасць пазнаёміцца з іх музычнай філасофіяй.
“Гаротніца” ў сеціве
Сяргей Будкін, фота Аляксандра Дзешчанкі.