Заўтра, 20 ліпеня, вядомы спявак адзначае сваё 45-годдзе. “Народная Воля” сабрала пяць цікавых фактаў з яго біяграфіі.
Выхоўваўся жанчынамі
Зміцер Вайцюшкевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1971 года ў мястэчку Бярозаўка Лідскага раёна, якое вядома перш за ўсё шклозаводам “Нёман”. “Мяне выхоўвалі тры жанчыны: мая бабуля, мама і мая цётка, – згадваў Вайцюшкевіч. – Бабулі і мамы ўжо няма, а цётка Маруся, дай ёй Бог здароўя, жывая. Яны на мяне кожная па-свойму паўплывалі”.
Праўда, спявак не лічыць сябе ідэальным сынам. “З мамай недагаварыў, – казаў ён у адным з інтэрв’ю. – Але гэта асноўная гісторыя ва ўсіх. Усім здаецца, што мамы будуць жыць вечна. Я звычайна прыязджаў, кідаў заплечнік і ішоў да сяброў…”
Прыходзіць на канцэрты… з-за куста
Вайцюшкевіч пачынаў сваю кар’еру ў гуртах «Палац» і Kriwi, удзельнічаў у такіх праектах, як «Я нарадзіўся тут» і «Святы вечар». З пачатку «нулявых» з’яўляецца лідарам гурта WZ-Orkiestra. Яго выступленні збіралі поўныя залы, але ў нейкі момант ён трапіў у няласку да чыноўнікаў. Як кажа сам Вайцюшкевіч, «нават калі нейкая іронія і прысутнічае да таго, што адбываецца ў нас у краіне, і да формаў кіравання, то хто, як не артыст, павінен пра гэта выказвацца? Калі я і Міхалок у ролі дурняў, то мы два розныя дурненькія. Ён рэвалюцыйны, а я тонкі, далікатны». Зрэшты, спявак імкнецца ставіцца да сітуацыі з гумарам: «Я часам аджартоўваюся, што Саладуха прыдумаў мяне забараніць, каб не было канкурэнтаў такога ўзроўню. Я ж народны і яшчэ беларускі».
Таму цяпер Вайцюшкевіч часта выступае па прыватных замовах. Нядаўна спявак расказваў пра адну нестандартную гісторыю. «Будзе такая імпрэза – скажу вам пад сакрэтам – хлопец хоча зрабіць дзяўчыне прапанову, падарыць пярсцёнак. Ну а я буду ў кустах чакаць, пакуль ён падорыць, а потым выскачу з песняй».
Мае свой хутар
Для большасці спевакоў музыка застаецца адзінай справай і сэнсам жыцця. У Вайцюшкевіча ўсё больш гарманічна. “Наогул, было б нядрэнна на нейкі час забараніць усіх музыкантаў. Каб яны адчулі, сваё гэта ці не сваё. І ў тым ліку папулярную беларускую музыку”, – казаў у адным з інтэрв’ю Зміцер. Як прызнаецца Вайцюшкевіч, ён хацеў бы “распазнаваць галасы птушак і ведаць назвы траў, якія растуць на беларускіх лугах, і іх уласцівасці”. Але галоўная справа жыцця спевака – натуральна, акрамя музыкі – яго хутар Вайцюшкі, размешчаны ў Навагрудскім раёне.
Вайцюшкевіч з гонарам называе сябе аграэкагаспадаром, які плаціць падаткі. “Я вярнуўся ў Вайцюшкі, – кажа спявак. – Туды, дзе пахаваны мае бацькі. Я вярнуўся ў якасці артыста, які праводзіць фестывалі самадзейнасці, запрашае духавыя аркестры. У нейкім сэнсе я хацеў бы паказаць, як можна жыць і не эмігрыраваць. Я хацеў бы (…) жыць там, дзе вырас. Я туды вярнуўся, і мне гэта падабаецца. Натуральна, прырода, Нёман. Раней мы не маглі прыязджаць туды без музыкі. А зараз мне падабаецца цішыня. У музыцы вельмі цяжка вызначыць ідэал і да яго прыйсці”. Зрэшты, зусім без музыкі на хутары не абыходзіцца. Напрыклад, зусім нядаўна, 2–3 ліпеня, там прайшло “Традыцыйнае Купалле на Нёмане”.
Быў жанаты тройчы
Асабістае жыццё Зміцера Вайцюшкевіча было насычаным. Яго першай жонкай была спявачка Вераніка Круглова, салістка гурта Kriwi. Двойчы запар, у 1998-м і 1999-м, Вераніка станавілася “Рок-князёўнай” на прэстыжнай айчыннай прэміі “Рок-каранацыя”. Як казалі відавочцы, глядзець на Круглову і Вайцюшкевіча – дуэт на сцэне і сямейную пару ў жыцці – было адно задавальненне. Але на пачатку “нулявых” іх сям’я распалася, і пахавала пад сабой гурт. Бо Круглова з’ехала ў Берлін, дзе зрэдку дае канцэрты.
Пра другую жонку, мастачку Алену Мелех, вядома няшмат. У шлюбе з Вайцюшкевічам у іх нарадзіўся сын Андрэй. Адносіны паміж дзвюма жанчынамі Зміцера не склаліся. “Не ведаю я, дзе Вайцюшкевіч! – раздражнёна казала на пачатку “нулявых” Круглова. – Калі яго сям’я не дазваляе яму стаяць са мной на адной сцэне – гэта, урэшце, не мае праблемы. Я ж не буду з сачком бегаць па горадзе і вылоўліваць Вайцюшкевіча на рэпетыцыю”. “У сямейным жыцці наламаў кучу дроў, якія мне давядзецца разграбаць”, – прызнаваўся Вайцюшкевіч.
Цяпер Зміцер шчаслівы ў трэцім шлюбе з Галінай Казіміроўскай. Яна рэгент аматарскага хору Concordia, які ўзнік каля дзесяці гадоў таму. Цікава, што спачатку ў асноўным складзе хору былі праграмісты кампаніі ІВА, а сярод наведвальнікаў – тагачасны пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Галіна і Зміцер выхоўваюць сына Язэпа. Альбом святочных дзіцячых песенек-апавяданняў пра анёлаў-ахоўнікаў “Анёлкі” спявак ствараў у тым ліку для свайго сына. У Беларусі пара жыве ў Астрашыцкім Гарадку. Як кажа Вайцюшкевіч, магчыма, яго сын будзе вучыцца ў той жа школе, што і Мікалай Лукашэнка.
Апошнія паўгода жыве ў Польшчы
Сёлета Вайцюшкевіч атрымаў паўгадавую стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы і цяпер жыве ў Варшаве. Падаць заяўку прапанавала жонка спевака. Вайцюшкевіч, як кажуць, трапіў у апошні вагон цягніка: праграма разлічана для асоб да 45 гадоў. «Я напісаў, што хачу займацца музычным тэатрам. І вось, мяне ўзялі». Пра сваё жыццё ў Польшчы Вайцюшкевіч кажа наступнае: «Мне аплачваюць кватэру ў самым цэнтры Варшавы, я маю грошы, каб нармальна там жыць і развівацца. Нада мною няма аніякага бізуна ці начальніка – я магу займацца чым сам хачу. Высветлілася, што я для іх такі чалавек аўтарытэтны, і мне сказалі: «Нех пан робіць цо хцэ».
Спявак усур’ёз думае пра ўласныя перспектывы. «Сёння я займаюся ў Варшаве тым, што сабе выдумаў на будучыню, – казаў у адным з інтэрв’ю Вайцюшкевіч. – Можна сказаць, рыхтую сабе пляцоўку для працы ў Польшчы. Каб была прафесійная пляцоўка з прафесійнымі дырэктарамі, менеджарамі, якія будуць у стане рабіць мне раз на месяц там некалькі канцэртаў ці раз на некалькі месяцаў ладзіць тур па Польшчы». Таксама Зміцер шмат ходзіць на спектаклі. «Мару стварыць тэатр беларускага мюзікла, тэатр, дзе будуць спяваць беларускія песні. Я разумею, што мне стварыць свой прыватны тэатр у Беларусі наўрад ці пакуль магчыма», – кажа ён. Але з’язджаць у эміграцыю спявак не збіраецца. «Мне прапаноўвалі застацца ў Амерыцы, у Польшчы, у Парыжы, – прызнаецца Вайцюшкевіч. – Прычым я і там жыў бы сваёй творчасцю… Але ж мяне трымаюць тут Вайцюшкі, труны маіх бацькоў… І слухачы».
Дзяніс Марціновіч, Народная воля