Гурт “Сплін” паказаў у Мінску сваю новую канцэртную праграму “Акустыка ў горадзе”. Музыкі сыгралі добравядомыя песні часам у вельмі незвычайных аранжыроўках і прадставілі творы з новага альбома, а сам Аляксандр Васільеў ажыццявіў на канцэрце сваю даўнюю мару – упасці з крэсла перад перапоўненай залай.
Зала КЗ “Мінск” у гэты вечар была поўная, нягледзячы на даволі нятанныя квіткі. “Сплін” вырашыў паездзіць з рэдкай праграмай – акустычнай. Калісьці даўно, з дзесяць гадоў таму, музыкі пайшлі на такі эксперымент і выдалі альбом “Акустыка”, запісаны ўжывую ў тэатры Станіслаўскага. Праўда, цяперашнія выступы ў межах праграмы “Акустыка ў горадзе” хутчэй за ўсё застануцца хіба ў памяці народнай, бо пра намер афіцыйна выдаваць такі дыск не вялося.
Людзі расселіся вельмі хутка. Праўда, музыкі вырашылі пачакаць лішніх 20 хвілін, каб ужо дакладна “ўсе прарваліся праз заторы”, як патлумачыў падчас вітання Аляксандр Васільеў. Лідар “Спліна” паведаміў, што прывёз у Мінск шмат старых і новых песняў. Пачаўся канцэрт даволі нечакана з выканання “Будь моей тенью” з альбома 16-гадовай даўніны “Коллекционер оружия”. Наогул трэк-ліст “Акустыкі ў горадзе” быў поўны сюрпрызаў. Васільеў спяваў удзячнай мінскай публіцы ўсё больш новае ці вельмі добрае старое і абышоўся без зацяганых суперхітоў. Не прагучала ані “Выхода”, ані “Орбита”, ані “Моего сердца”, ані “Людей”… Затое была “Бони и Клайд” у вельмі цікавай аранжыроўцы, “Первый снег”, “Джим” з каронным радком “Любовь – это когда хорошим людям плохо”, а таксама цудоўная “Петербургская свадьба” аўтарства Аляксандра Башлачова. У пэўныя моманты Васільеў вельмі нагадваў рускага Тома Ёрка, калі, канечне, яго ў прынцыпе магчыма з кімсьці параўнаць.
Прачытаў лідар “Спліна” і свой вострасацыяльны вершык пад назвай “Мы пилим бюджет”, папярэдзіўшы, што ён не мае дачынення да Беларусі. “Хутчэй да Вэнесуэлы”, – рэзюмаваў Васільеў ды пачаў:
Мы пилим бюджет. Осторожно, опасная зона!
Мы пилим бюджет по инструкции, в рамках закона,
Нам все механизмы известны и схема знакома.
Мы пилим бюджет. Выше локтя закатан манжет…
(Паказвае пры гэтым рукой, да якога месца закатаны манжэт).
Потым быў дзіўнаваты нумар “Корабль ждёт” з апошняга па часе альбома “Сигнал из космоса”, які спявак суправадзіў каментаром: “Мы спявалі яе нашаму прэзідэнту – і нічога”. Пад канец ён выканае песню “Феллини”, якая некалі не спадабалася беларускаму кіраўніку дзяржавы. Праўда, “Урок географии” на мінскім канцэрце музыкі вырашылі не граць.
На “Гні сваю лінію” зала пачала пакрысе падымацца з наседжаных месцаў, і тут, нібыта паводле сцэнару, давялося ўстаць і спеваку, бо зламалася ножка ад крэсла, на якім ён сядзеў. “У мяне заўжды была мара ўпасці з крэсла пры перапоўненай зале”, – не разгубіўся ён. “Сплін” паказаў у Мінску, мусіць, з палову свайго новага альбома, выхад якога чакаецца ўвосень. Сярод свежых трэкаў былі, напрыклад, “Страшная тайна”, прысвечаная амерыканскай паэтцы Сільвіі Плат, “Летела жизнь”, “Шел чудак”, якая аказалася пра Хрыста.
Прыёму, што зладзілі ў беларускай сталіцы, Васільеў быў сапраўды рады: “Вы нам так пляскаеце, нібы мы павялічылі ВВП вашай краіны”. Пасля праз паўзу: “А што, мы маглі б!” Ізноў праз паўзу: “Толькі галоўнае зразумець, што такое ВВП”. На знак падзякі публіцы музыкі далі яшчэ немалы біс-сэт, скончыўшы песняй-пажаданнем “Всего хорошего”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч