У пракат выходзіць «Горад грахоў — 2», сіквел стылізаванага неануару паводле графічнага рамана Фрэнка Мілера.
У Бейсін-Сіці па-ранейшаму ноч круглыя суткі. Граміла Марв (Мікі Рурк), апамятаўшыся недзе ў новабудоўлях, з цяжкасцю прыгадвае, як там апынуўся — зразумела, ён увязаўся ў бойку і, зразумела, не змог спыніцца. Стрыптызёрка Нэнсі (Джэсіка Альба) працягвае круціць задам ва ўстанове “У Кейдзі”: да ласо ў якасці сцэнічнага рэквізіту дадаўся рэвальвер, у грымёрцы схаваная бутэлька гарэлкі, і часам дзверы салуна расчыняюцца, каб пусціць стомлены прывід паліцэйскага Хартыгана (Брус Уіліс), які дакорліва хітае галавой. Узброеныя да зубоў шлюхі на чале з Гейл (Расарыа Доўсан) зноў патрулююць Стары горад. Дуайт (Джош Бролін) падзарабляе фотапаляваннем за нявернымі мужамі, калі на парозе з’яўляецца яго былая (Ева Грын) і, відавочна пераігрываючы, намякае, што багаты муж яе б’е. Нарэшце, у горадзе новы твар: малады піжон з залатой рукой (Джозэф Гордан-Левіт), які вырашыў пазмагацца ў покер з самім сенатарам Роркенам (Паўэрс Бут) і неабачліва яго абыграў.
У рэальным свеце з прэм’еры першага фільма непрыкметна прабегла амаль цэлае дзесяцігоддзе. У Бейсін-Сіці час нелінейны: у гісторыі Нэнсі і сенатара Роркена прайшло, мяркуючы па яго рэпліцы, чатыры гады, у той час гісторыя Дуайта — Броліна — нібыта прыквел гісторыі Дуайта — Клайва Оўэна (да пластычнай аперацыі), і Марв, мабыць, не выжыў на электрычным крэсле, а проста туды яшчэ не сеў; разабрацца ў паслядоўнасці падзей даволі складана, але, зрэшты, якая розніца. У ажылых малюнках Фрэнка Мілера не змянілася нічога. Не пацёк багаты грым Мікі Рурка, не дадалося маршчынак у Альбы і Расарыа Доўсан, тых, хто не захацеў здымацца, або зацяжараў (як Дэван Аокі), або, дапусцім, памёр (як Майкл Кларк Дункан і Брытані Мэрфі), выкраслілі або замянілі іншымі акцёрамі.
Калі ў першым фільме жанчыны выконвалі, у прынцыпе, службовыя функцыі, то тут адным з цэнтральных стаў персанаж Евы Грын, юбер-фам-фаталь на імя Ава (цёзка не самой Грын, а Гарднер) — уласна, вынесеная на афішу «жанчына», або «дамачка», карыстаючыся слоўнікам Хамфры Богарта, «дзеля якой варта забіваць». Каб у гэтым не заставалася сумненняў, Ава-Ева практычна ўсю ролю адыгрывае галяком. Праўда, у «Горадзе…» зададзены такі ўзровень ўмоўнасці, што несумненна ўласнае, хай і апрацаванае камп’ютарам, цела актрысы выглядае не больш рэальным, чым, да прыкладу, скачок Мікі Рурка ў паліцэйскую машыну на поўнай хуткасці. Інакш кажучы, у ім столькі ж цяперашняга сэксу, колькі ў пасечаных целах з белымі фантанчыкамі крыві — сапраўднага гвалту; нуль.
І тут узнікае фундаментальная праблема фільма, якая ў першым «Горадзе…» збольшага кампенсавалася яго хвацкім наватарствам, а цяпер паўстала ва ўсёй сваёй глянцавай галечы. Гэта кіно, зробленае жарцікам. Прыгожа, вынаходліва, часта дасціпна, але з паперы і ў гумовых пальчатках, і таму не здольнае дамагчыся ад глядзельнай залы нічога, акрамя «гы-гы». Другая частка значна карацейшая за першую, але ўжо на сярэдзіне яе і без таго слабы пульс знікае зусім: застаецца манатоннае закадравае бубненне і сілуэты, на якія мы глядзім, атрымліваецца, ужо чацвёртую гадзіну. Плюс даволі сярэдняя літаратура. Увесь нуар — гэта дзве-тры гісторыі, іх ужо расказалі ў першай частцы, і на сіквел засталіся агрызкі — нават шматспадзеўны сюжэт пра Гордана-Левіта заканчваецца пшыкам.
Здзеклівае папярэджанне аб тым, што ў фільме кураць, якое запальваецца перад пачаткам на ўвесь экран, выглядае ў выпадку «Горада грахоў» парадаксальна дарэчным — «прышпіліце рамяні» ў і без таго бяспечнай паездцы. Чым больш плоці ў апошніх карцінах Роберта Радрыгеса, тым больш заўважна, што ён даўным-даўно стаў вегетарыянцам. Нічога, што ў фільме яшчэ ломяць пальцы пасатыжамі, дастаюць вочы з вачніц і паказваюць зад 60-гадовага Рэя Ліёты. Важна, што кураць, — вось ён, сённяшні выклік. Зрэшты, і пачак цыгарэт герой, апамятаўшыся, выкідае ў акно.
Станіслаў Зэльвенскі, vozduh.afisha.ru