У свет выйшаў дзевяты нумар альманаха сучаснай беларускай культуры pARTisan. Тэма нумару – “Горад Сонца-2”.
«Па горадзе папаўзьлі чуткі, што яго выкупляюць марсіяне, якія чамусьці называюць сябе ас-сырыйцамі. Яны зьбіраюцца на месцы выкупленых палацаў збудаваць 35-павярховыя тэлескапічныя шкляныя вежы ў выглядзе велізарных фаласаў. Гэтыя вежы яны назавуць гатэлямі, і жыць у іх будуць, мабыць, таксама ас-сырыйцы-марсіяне, бо вядома, што ў Горад Сонца ўжо даўно ніхто іншы, апроч іх, не прыяжджае» (А. Клінаў, «Горад Багоў»).
Вайна Гораду Сонца абвешчаная! Захопнікі ўжо вызначылі свае стратэгічныя мэты.
Заўтра менчукі заснуць у сваім, да драбніцаў знаёмым горадзе, а прачнуцца ў чужым, варожым. Паслязаўтра тое самае здарыцца з жыхарамі іншых гарадоў і мястэчак. Вакол пагрозы пераўтварэння Мінску ў безаблічны правінцыйны горад без мінулага й будучыні вядуць дыскусію аўтары дзевятага нумару альманаха pARTisan.
Артур Клінаў у праграмным артыкуле «Горад Багоў» акрэслівае маштабы небяспекі й заклікае: «Горад Сонца ўнутры нас. Вайна — у нашых мазгох. Барбары — гэта мы. Час абвесьціць мір, Тэрыторыю Вайны — Тэрыторыяй Міру. Трэба спыніцца. Час абжываць гэтую зямлю. Зьлезьці з каня, згрузіць з падводаў сьціплыя манаткі й збудаваць дом. Свой дом. Але не на месцы таго, што ўжо стаіць, а побач. І пачаць жыць у гэтым доме, паміраць у гэтым доме. І каб дзеці нараджаліся ў гэтым доме, і дзеці дзяцей — таксама ў тым жа доме. І каб побач стаяў іншы дом, за ім наступны, за ім яшчэ, яшчэ й яшчэ. І каб разам яны ўтваралі горад. Наш горад. І калі прыйдуць барбары, ас-сырыйцы, марсіяне-інвэстары, каб зьнесьці яго, — будзьма бараніць свой дом, бараніць свой горад.
Горад Сонца ўнутры нас! Горад Сонца — гэта мы!»
Ці ёсць шанец уратаваць Горад Сонца? Ці магчыма стрымаць нашэсце архітэктурнага кічу? Ці ёсць альтэрнатыва сённяшняй хаатычнай інвестыцыйнай палітыцы ў гістарычным цэнтры Мінску, якая назаўсёды можа пазбавіць горад унікальнага шанцу стаць адной з найбольш цікавых і унікальных еўрапейскіх сталіцаў?
У матэрыяле «Горад Сонца-2. Праект пабудовы ідэальнага гораду» галоўны рэдактар альманаху pARTisan Артур Клінаў, у якасці аднаго з аўтараў найноўшай канцэпцыі развіцця цэнтру Мінску, прапануе праграму канкрэтных захадаў дзеля выратавання Гораду Сонца і гістарычнага цэнтру: «…Мы не ўратуем горад, калі проста ўцягнемся ў барацьбу за кожны асобны квартал ці будынак. Праблема мусіць быць вырашана сыстэмна й на самым высокім дзяржаўным узроўні. На сёньня існуе адзіны шанец уратаваць гэтыя помнікі архітэктуры — прыняць комплексную інвэстыцыйную праграму па Горадзе Сонца. Мы прапануем гораду й краіне ідэю вялікага праекту, мэта якога — пераўтварэньне Менску ў адзін з буйнейшых у Эўропе турыстычных і культурных цэнтраў. Аднак у дадзенай сытуацыі мы мусім весьці аргумэнтацыю з пазыцыяў эканомікі, давесьці ў лічбах, што атрымае краіна, калі рэалізуе такі інвэстыцыйны праект. Калі праграма «Горад Сонца» выйдзе на праектную магутнасьць, мы зможам рэалізоўваць турыстычных паслугаў на палову мільярда даляраў у год. І гэта толькі грошы, якія замежныя госьці будуць пакідаць непасрэдна ў горадзе. А ёсьць жа яшчэ мільярды даляраў, якія інвэстары ўкладуць у разьвіцьцё інфраструктуры — будаўніцтва гатэляў, музэяў, рэстаранаў, сэрвісаў, забаўляльных комплексаў».
Мільён і болей замежных турыстаў штогод. Ці гэта рэальна? Так, рэальна, адказвае Клінаў. Мінск валодае велізарным, але да сёння амаль не раскрытым турыстычным патэнцыялам. Аднак каб турысты прыехалі, горад мусіць выпрацаваць і рэалізаваць пэўную канцэпцыю. Горад мусіць мець ідэю, стратэгію свайго развіцця. На чым грунтуецца гэтая стратэгія, з якіх канцэптуальных частак складецца, чытач даведаецца, прачытаўшы матэрыял «Горад Сонца-2. Праект пабудовы ідэальнага гораду».
Антон Астаповіч у матэрыяле «Горад без аховы» раскрывае юрыдычныя тонкасці «будаўнічай ліхаманкі» ў цэнтры Мінску і папярэджвае тых, хто апантана імкнецца «прыхарошыць» горад: «Сёння ты круты інвестар, а заўтра ты на тэрыторыі гістарычна-культурнай каштоўнасці «Пішчалаўскі замак», то бок Валадаркі. Так што думайце, паны інвестары. Інвестыцыі з парушэннем закону небяспечныя і цяпер, а ў перспектыве вы не толькі можаце іх страціць, а будзеце вымушаныя плаціць велічэзныя кампенсацыі за незаконныя дзеянні».
Сяргей Харэўскі ў эсэ «Горад ночы» настальгуе па незваротным і канстатуе: «Мінск рызыкуе ўвайсці ў гісторыю як сталіца, што страціла 95% сваёй аўтэнтычнай мураванай спадчыны без вайны».
У матэрыяле «Каханы горад» архітэктар Уладзімер Папруга, стваральнік альтэрнатыўнай канцэпцыі рэканструкцыі гістарычнага цэнтру, апавядае пра асноўныя ідэі свайго праекту рэгенерацыі старажытнага Мінску.
Ці можам мы амаль цалкам аднавіць стары горад? Ці магчыма вярнуць страчанае за стагоддзі? Ці можа Мінск стаць падобным да Вільні? Пра гэта, а таксама іншыя горадабудаўнічыя праблемы гістарычнага цэнтру чытайце у інтэрв’ю з Уладзімерам Папругам.
Міхал Анемпадыстаў у артыкуле «Горад Дрэва. Водар дрэва» сцвярджае неабходнасць захавання драўлянай забудовы Мінску: «…спрэчкі вакол таго, што менавіта варта захоўваць з культурнай і архітэктурнай спадчыны, а што не, падаюцца не зусім карэктнымі, бо вартасць мы вызначаем самі, і мерай гэтай вартасці з’яўляецца натуральнае для чалавека пачуццё самапавагі й любові да свайго, роднага й звыклага. Іншымі словамі, захоўваць можна (і варта) усё тое, што дапамагае нам у самаідэнтыфікацыі, падкрэслівае культурную адметнасць і непаўторнасць, увасабляе і візуалізуе традыцыю. І наадварот, калі наўзамен самапавагі й годнасці прыходзіць пачуццё непаўнавартасці, то ніякія ахоўныя спісы й адмысловыя праграмы не ў стане ўратаваць створанае й назапашанае продкамі й перадаць яго нашчадкам».
Таксама ў тэматычным блоку: архітэктар Ігар Байцоў апавядае пра гісторыю пабудовы Гораду Сонца, Кастусь Чарнец з эсэ «Горад. Паверхня і выбух», апытанне спецыялістаў і простых грамадзянаў пра тое, як яны ставяцца да планаў будаўніцтва хмарачосу на Кастрычніцкай плошчы.
Вольга Гапеева ў эсэ «На руінах уласнага цела» разважае пра пакручасты шлях, які праходзіць чалавек, перш чым здолее спасцігнуць і палюбіць «горад свайго цела», пра цялесную архітэктоніку й цялесныя мадыфікацыі.
У нумары таксама:
Традыцыйная аўтарская калонка Андрэя Хадановіча;
Вольга Архіпава разважае пра творчасць мастака Сяргея Рымашэўскага;
Ірына Батакова у матэрыяле «Копія няіснай рэальнасці» апавядае пра фотапраекты Андрэя Шчукіна і Дзяніса Нядзельскага
Ліза Міхальчук з аглядам найбольш запамінальных выставаў у галерэі «Падземка»;
Ілля Сін прэзентуе Тэатар псіхічнае неўраўнаважанасці;
музычныя навіны ад Алесі Серады;
У тэматычным блоку “Нямецкі pARTisan” – сучасная нямецкая проза (Марыца Бадрожыч, Ільма Ракуза, Кірстэн Фукс) у перакладзе Ірыны Герасімовіч.
Таксама у нумары – спецпраект Андрэя Лянкевіча і Яны Флемінг «Міkі-Mauzer» – эратычныя фота вядомай беларускай рок-зоркі – Янкі Маўзера.
Даведка. Горад Сонца – унікальны, без аналагаў у свеце, урбаністычны ансамбль 30–50-х гадоў 20 стагодзя, які знаходзіцца на тэрыторыі Мінску.
Прэзентацыя 9-га нумару альманаха pARTisan адбудзецца 4 чэрвеня (чацвер) у 17.30 ў будынку “БелЭкспа” (Я. Купалы 27, другі паверх) у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”