У горадзе над Нёманам у арт-галерэі “Крыга” адбылася першая ў 2014 годзе сустрэча з навукоўцамі пад назвай “Сустрэчы на Крызе”. Яе правяла нядаўна звольненая з Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна. Сустрэча, што сабрала амаль тры дзясяткі гарадзенцаў, мела назву “Стаць беларусам: рэгіянальны і сацыяльны склад беларускага Адраджэння, канец ХІХ – пачатак ХХ ст.” Сваю гутарку спадарыня Іна прысвяціла 130-годдзю з дня нараджэння Антона Луцкевіча.
Пра свой выступ і яго асаблівасці спадарыня Іна расказала “Будзьма беларусамі!”:
– Я прадставіла вынікі даследаванняў беларускіх навукоўцаў, сярод якіх Анатоль Сідарэвіч, Уладзімір Ляхоўскі, Андрэй Казакевіч, Алесь Смалянчук, Сяргей Токць і многія іншыя. Расказала, як выглядала першая генерацыя беларускага культурнага Адраджэння канца ХІХ – пачатку ХХ ст., вынікам працы якой стаў акт 25 сакавіка 1918 года. Гэта якраз тое пакаленне, дзякуючы якому мы жывем у незалежнай дзяржаве.
– Што змянілася ў людзях з канца ХІХ стагоддзя да падпісання акта незалежнасці?
– Змяніліся вонкавыя абставіны. Усё ж такі мы маем сваю незалежнасць. І тут можна разважаць пра тое, што беларусы даволі паспяховыя ў гэтым сваім нацыянальным праекце, таму што, як падкрэслівае Алег Латышонак на прыкладзе сваёй бабулі, якая нарадзілася за Мікалаем ІІ, а памерла за Аляксандрам Лукашэнкам, мы можам сказаць, што за жыццё аднаго пакалення беларусы прайшлі шлях ад тутэйшых да сучаснай незалежнай дзяржавы. Умовы змяніліся, а што да таго, што ў людзей у галовах, – гэта вельмі складанае пытанне. Беларусы такі народ, што думае адно, гаворыць другое, а робіць трэцяе. І сапраўды цяжка зразумець гэтую ментальнасць.
– Як вы лічыце, ці ёсць новае пакаленне адраджэнцаў якое з’явілася ў 70-80-я гады ХХ стагоддзя? Якім шляхам яны ідуць?
– Правільным шляхам. Прыйдзем куды трэба. Але мне цікавейшае больш маладое пакаленне. У прыватнасці, з вялікай цікавасцю пазнаёмілася з тэкстам Марціновіча. У “Нашай Ніве” друкаваўся тэкст пад назвай “Мова – гэта не балюча”. І сапраўды, бачыш такую моладзь, сучасную, нацыянальна свядомую, і разумееш, што ў нас усё будзе добра.
Наступная сустрэча Іны Соркінай у “Крызе” будзе заснаваная на ўласных даследаваннях і будзе прысвечаная беларускім мястэчкам.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі