“Чаго не паспеў сказаць Сіліцкі?”. Пра гэта сябры і калегі вядомага палітолага і аналітыка размаўлялі ў Прэс-клубе ў Мінску.
Дыскусію пра навуковы даробак Віталя Сіліцкага, сумешчаную з прэзентацыяй зборніка аналітычных матэрыялаў “Беларускі штогадовік”, арганізавалі сайт экспертнай супольнасці Беларусі “Наше мнение”, Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), ЗБС “Бацькаўшчына” і Камітэт памяці Віталя Сіліцкага.
Сфера навуковых інтарэсаў першага дырэктара BISS Віталя Сіліцкага была вельмі шырокая: паліталогія, сацыялогія, бягучыя падзеі ў Беларусі і Усходняй Еўропе і нават нацыянальная самаідэнтыфікацыя.
Старшыня Камітэта дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць” Іна Кулей зазначыла, што да аналітыкі Віталя Сіліцкага прыслухоўваліся як беларускія чыноўнікі, так і еўрапейскія дыпламаты. Апошнія часта будавалі сваю палітыку па падставе менавіта ягоных рэкамендацый і прагнозаў.
“Творчай спадчыны Віталя Сіліцкага набярэцца на 5-6 тамоў, – выступіў філосаф і выдавец Валер Булгакаў. – Першым томам можна лічыць ягоную прыжыццёвую кнігу “Доўгі шлях ад тыраніі”, якая нарабіла галасу ў кабінетах чыноўнікаў. Прайшло 6 гадоў з дня смерці Сіліцкага, але я не бачу публічнага абмеркавання альбо прыватных ініцыятываў, каб пачаць працу над беларускай версіяй англамоўнай кнігі “Беларусь ад А да Я”.
Валер Булгакаў згадаў і доктарскую дысертацыю “Знешнія абмежаванні і кааліцыі: палітыка эканамічных рэформаў у краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы пасля вяртання левых”, абароненую ў Ратгерскім універсітэце ў ЗША. Па словах Булгакава, гэта вузкая тэма, аднак яе выданне было б яшчэ адной цаглінай у памяці выбітнага навукоўца, да таго ж ягоныя працы міжнародна прызнаныя.
Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі распавёў гісторыю пра памяць навукоўцаў, да якой сам меў дачыненне:
“Я працаваў Інстытуце сацыялогіі Акадэміі навук у сектары сацыяльнай псіхалогіі, якім кіравала Людміла Навуменка. Яна займалася праблемамі этнічнай ідэнтычнасці, засвоіўшы ў свой час падыходы ў Маскве этнапсіхалогіі і спрабуючы іх прышчапіць у нас. У Віталя Сіліцкага паўстала ідэя такога даследавання. Яно было праведзенае ў супрацы з грамадска-культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”. Віталь звярнуўся па дапамогу да Людмілы Навуменка. Даследаванне было зробленае ўпершыню, але яе пасля не згадвалі сярод аўтараў. Для Людмілы Навуменка гэта было вялікай крыўдай, на што яна мне нават скардзілася. Праз некаторы час пасля гэтай гісторыі абодва яе галоўныя героі – Людміла Навуменка і Віталь Сіліцкі – пайшлі з жыцця. Вечнасць прымірыла крыўду, аднак навукоўцы жывыя, пакуль нас цытуюць і выкарыстоўваюць нашыя думкі”.
Віталь Сіліцкі пайшоў з жыцця ва ўзросце 38 гадоў. Навуковец хварэў на рак ныркі. Актыўная навуковая і грамадская дзейнасць істотна паўплывала на экспертную супольнасць Беларусі, на паліталагічную думку, а таксама на прыняцце рашэнняў заходніх палітыкаў у дачыненні да Беларусі. Віталя Сіліцкага лічаць распрацоўшчыкам канцэпцыяў “прэвентыўнага аўтарытарызму” і “аўтарытарнага інтэрнацыяналу”.
Хрысціна Марчук
Фота аўтара