“Каб паспяхова весці вайну, патрэбныя тры рэчы – па-першае, грошы, па-другое – грошы, а па-трэцяе – яшчэ раз грошы”. Такі адказ даў маршалак Франц Джан Джакома Трывульцыа каралю Людовіку XII на пытанне, што больш за ўсё неабходна для вайны. За стагоддзі, што прайшлі з тых часоў, мала што змянілася – звычайна перамагае той, хто здолеў сабраць больш грошай перад вайной. Нашы продкі разумелі гэта не горш за нас – і менавіта ў часы ваеннага ліхалецця адкрыўся першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі манетны двор – Берасцейская мынца.
Сярэдзіна XVII стагоддзя зрабілася для Рэчы Паспалітай сапраўднай катастрофай. Распачатае ў 1648 годдзе паўстанне Багдана Хмяльніцкага ахапіла ўкраінскія землі, а потым прывяло у 1654 годзе да Пераяслаўская рады і вайны з Маскоўскай дзяржавай. І нарэшце на знясіленую ад двух канфліктаў Рэч Паспалітую з поўначы ўдарылі шведы – вясной 1655 г. пачаўся Шведскі Патоп.
Тры вайны разам маглі зруйнаваць эканоміку нават самай квітнеючай дзяржавы. А Рэч Паспалітая, на жаль, нягледзячы на яе ўрадлівыя землі і працавіты народ, з эканамічнага пункта погляду квітнеючай дзяржавай не была. Слабая цантральная улада, “залатыя шляхецкія вольнасці” прыводзілі да таго, што большая частка прыбыткаў дзяржавы ішла ў кішэні магнатэрыі, а дзяржаўная скарбніца пуставала. Таму напрыканцы 1650-х гг. улада княства і кароны не магла нават выплочваць грошы войску.
Менавіта таму у 1659 годзе кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Ян II Казімір Ваза вырашыў правесці грашовую рэформу. Аніякіх прагрэсіўных крокаў падчас рэформы, зрэшты, не прапанавалася – увогуле, яна была здзейснена паводле прынцыпа “як топішся, так і за брытву ўхопішся”. Грошы для войска і дзяржавы патрэбныя былі тут і цяпер. Тут на гістарычнай сцэне з’явіўся персанаж з імем, годным рымскага імператара, – гэта быў італьянскі навуковец, астраном, вынаходнік, географ, дыпламат і авантурыст Тытус Лівіюш Бараціні.
Сэнс грашовай рэформы быў у тым, что мынцы княства і кароны пад кіраўніцтвам Бараціні павінны былі выбіць шмат медных солідаў або шэлегаў. Апошнія затым пускалі ў зварот па курсе звычайнага соліда – то бок 1/3 срэбнага гроша. Фактычная каштоўнасць шэлегаў (якія па прозвішчу Бараціні амаль адразу пачалі называць барацінкамі) была значна, значна меншая – 300 барацінак біліся з фунта медзі, які каштаваў не больш як 45 солідаў. З 300 манет 171 ішла ў дзяржаўную скарбніцу, 45 – сабекошт медзі, а 84 – прыбытак арандатара манетнага двара, то бок непасрэдна Бараціні. Рэформа сталася настолькі папулярнай, што ў 1659 годзе было вырашана пабудаваць яшчэ дзве мынцы – у Берасці і Уяздове. На той час большая частка Беларусі была захоплена маскоўскім войскам, таму берасцейская мынца пачала працаваць больш чым праз 6 гадоў, у 1665 г.
Ян Казімір добра разумеў, што такая “прагрэсіўная” рэформа можа даць толькі кораткачасовыя выгады, але потым можа дэзарганізаваць усю грашовую сістэму дзяржавы. Але выбару ў манарха не было, і біццё барацінак пачалося. Медныя шэлегі біліся розныя для княства і кароны: першыя – з Пагоняй на рэверсе, другія – з польскім арлом. Таксама адрозніваліся барацінкі, выбітыя на родных манетных дварах. Для таго каб пазбегнуць гіперінфляцыі, быў усталяваны ліміт прыблізна ў мільён злотых для Польшчы і столькі ж – для ВКЛ.
Але Тытус Лівіюш Бараціні быў не только навукоўцам, але і бізнэсоўцам. Ён адразу ж зразумеў, што права біць соліды – гэта фактычна рэалізацыя прыгаворкі “з рога ўсяго многа”. І біццё шэлегаў разгарнулася ў велізарных маштабах, нягледзячы на ўсе ліміты. У 1662 годзе Сейм Рэчы Паспалітай нават паспрабаваў абвінаваціць прадпрымальнага італьянца ў парушэнні лімітаў, але Бараціні змог давесці, што іншага выйсця, акрамя далейшага выпуску манет, у дзяржавы няма. Мынцы зноў пачалі працаваць на ўсю моц. Аб аб’ёмах выпуску прадукцыі сведчыць той факт, што толькі за першы месяц працы берасцейская мынца выбіла барацінак на 246 500 злотых (гэта 22 185 000 манет!). Увогуле ж у Берасці было выбіта больш за 240 мільёнаў манет на 2,6 мільёна злотых – гэта перавышае ліміты для княства і кароны разам узятыя.
Паглядзім уважліва на берасцейскі шэлег. На аверсе манеты – выява караля Яна II Казіміра. Вакол партрэта – надпіс па-лацінску IOAN CAS REX (“Кароль Ян Казімір”), пад партрэтам – манаграма Бараціні TLB. На рэверсе – Пагоня, пад ёй – манаграма вялікага падскарбія літоўскага Гераніма Крышпіна Кіршэнштэйна (HKPL). Па выглядзе берасцейскія соліды адрозніваліся ад шэлегаў Віленскага і іншых манетных двароў выявай Пагоні. На берасцейскай манеце вершнік трымае ў левай руцэ выгнуты шчыт, на віленскіх барацінках у вершніка за спінай крылы, а шчыта няма.
Грашовая рэформа Яна Казіміра цалкам дасягнула сваёй мэты – Рэч Паспалітая здолела заплаціць жаўнерам, выплаціць абавязкі і ўрэшце захаваць сябе як незалежную і моцную дзяржаву. Але найгоршыя чаканні таксама цалкам здзейсніліся. Неабмежаванае біццё барацінак (а іх, згодна з рознымі падлікамі, выбілі каля 1,8 мільярда, прыкладна кожны дзясяты шэлег быў выбіты фальшываманетчыкамі) спрыяла паглыбленню манетнага хаосу ў Рэчы Паспалітай. Здараліся нават жаўнерскія бунты супраць медных манет. Так, ужо ў 1665 годзе каронны гетман Ежы Любамірскі падняў рокаш супраць караля – і да яго далучыліся многія жаўнеры выключна таму, што ён паабяцаў скасаваць выплаты барацінкамі. Цалкам медныя соліды былі выведзеныя са зварооту праз стагоддзе, у 1766 годзе, пры апошнім каралі Рэчы Паспалітай Станіславе Панятоўскім…
Дзяніс Буркоўскі