Гульня “Ката пячы” лічыцца ў асноўным калядным ігрышчам моладзі, якое некалі шырока бытавала ў Цэнтральнай Беларусі. У наш час яе сляды можна знайсці ў Бярэзінскім, Барысаўскім, Вілейскім, Лагойскім, Мінскім раёнах Міншчыны, у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці на мяжы з Мінскай. А вось у Дзяржынскім раёне, у аграгарадку Скірмантава, яе праводзяць на Загавіны перад Піліпаўкай, каб наесціся скаромнага і нагуляцца перад 40-дзённым постам (ён доўжыцца з 28 лістапада да 6 студзеня). У параўнанні з іншымі рэгіёнамі пагулянка мае свае адметныя рысы. Але варта ўсё ж спачатку адзначыць прыродны, сацыяльны і культурны асяродак, у якім гэтая традыцыя захоўваецца.
Аграгарадок Скірмантава знаходзіцца за 22 кіламетры ад раённага цэнтра Дзяржынск і за 49 кіламетраў ад Мінска. Тут знаходзяцца вытокі рэк Пціч, Іслач, Сула, Уса, Волма. Паселішча вядомае з 1802 года, а цяпер славіцца тым, што тут самы высокі пункт Мінскага ўзвышша — гара Дзяржынская (раней Святая) — 345 метраў над узроўнем мора. Непадалёк — “Якуцкія горы”, парк актыўнага адпачынку ў вёсцы Якуты, дзе можна пакатацца на санках і лыжах, квадрацыклах з маляўнічых узгоркаў. Вакол Скірмантава — маляўнічыя лясы, багатыя на грыбы і ягады. Некалі тут быў моцны саўгас, пабудаваны вялікі Дом культуры, двухпавярховыя дамы для жыхароў з усімі выгодамі. У культурным плане Скірмантава праславілі аматарскія самадзейныя калектывы “Весялуха” (створаны ў 1982 годзе, калі быў адкрыты Дом культуры, а найменне “народны” атрымаў у 1993 годзе) і “Сваякі” (створаны ў 1987 годзе, найменне “народны” мае з 2003 года).
Якуты — месца, дзе нарадзілася і вырасла стваральніца гэтых калектываў і захавальніца мясцовай традыцыйнай культуры Зося Адольфаўна Радзько. “Сваякі” — гэта ўсё яе радня. Бацька быў гарманістам, іграў на балалайцы і мандаліне, маці спявала, так што Зося змалку далучылася да культурнай спадчыны свайго краю. А потым перадала ўсё, што ведала і ўмела, маладому пакаленню. У тым ліку і гульню “Ката пячы”. У ёй бяруць удзел жанатыя і нежанатыя людзі. Сярод нежанатых — моладзь, якая гатовая да шлюбу. На такіх пагулянках некалі адбываўся падбор пар. Пакуль Зося Адольфаўна была жывая, гулялі заўсёды ў яе хаце пад яе кіраўніцтвам, цяпер гульнёй кіруе яе нявестка Наталля Пятроўна Радзько, дырэктар Дома культуры, а ўдзельнікі калектываў захоўваюць гульню ў памяць пра сваю настаўніцу і цудоўнага чалавека. Штогод 27 лістапада яны зранку пачынаюць рыхтавацца да скаромнай вячэры ў складчыну, зносяць усё ў хату, дзе запальваецца печка, варацца гарачыя стравы і выпякаецца галоўны атрыбут ігрышча — пірог у выглядзе ката. Галаву, тулава і ногі пякуць асобна падчас вячэры. А ў гэты час спяваюць, танцуюць, жартуюць, расказваюць анекдоты і раз-пораз пытаюцца ў гаспадыні: “Ці спёкся кот?” Забавы з “катом” — самыя цікавыя падчас пагулянкі.
Традыцыйныя танцы таксама прыгожыя і выконваюцца з вялікім імпэтам — “Ночка” (танцуюць прыпяваючы), кракавяк, каробачка, нарэчанька, лысага, полька і іншыя. Гуляюць у такія гульні, як “Раменьчык”, “Лешч”, “З лыжкай”, “Цыбулька”. Нагуляўшыся, зноў сядаюць за стол, спяваюць, жартуюць. “Была ў мяне курачка-нясушка, ды я яе прадала. А за тыя грошы музыкі харошы наняла, эх, наняла. Ой, музыкі харошы, вы іграйце да ночы “Каваля”, эх, “Каваля”. І пра каваля спяваюць. А прыпеўкі салёныя для смеху як жарнуць — усе ўпокат. Сусед да суседкі заляцаецца, а жонка міргае іншаму….
І мы разам з імі ад душы смяяліся. А ўжо ж калі выносяць “ката”, то гульні, забавы і жарты звычайна ліюцца бурным ручаём смеху, таму ўсе чакаюць менавіта гэтага моманту. Між тым на кухні Наталля Пятроўна і Сяргей Уладзіміравіч ствараюць са спечаных частак фігурнага печыва “ката”: вушкі з сала, вусы з макароны, роцік з чырвонага памідора, вочкі з разынак або сушаных чорных ягад, а хвост са свойскай каўбасы. І вось ужо яго ўрачыста нясуць у пакой: “Ад печкі да кута нясу лысага ката”. Там ужо загадзя прыбілі цвік да столі і падрыхтавалі пояс, за які яго прывязваюць. Сяргей Уладзіміравіч у ролі гаспадара першым спрабуе пад’ехаць да “ката” на вілках і, падскочыўшы, адкусіць “хвост”, але яму не шанцуе. За тое, што не праявіў належны спрыт, яму і астатнім гульцам даюцца заданні: пахадзіць буслам, высока падымаючы ногі і колючы “дзюбай” жанчын, напаіць жураўля праз рукаў кажуха, пахадзіць пеўнем каля курыцы, сарваць вішаньку — падскочыць і без дапамогі рук вуснамі забраць з вуснаў дзяўчыны ягадку або цукерку… Поўнай жанчыне старэйшага ўзросту могуць загадаць узлезці на табурэтку і тры разы пракрычаць: “Мама, рыхтуй падушкі, замуж хачу!”
Пагулянка “Пячы ката” — яўна эратычнага зместу. Сталыя жанатыя пары дзеляцца сваім вопытам, жартаўліва і ў мастацкай форме перадаюць яго моладзі, каб хутчэй падбіраліся пары для сумеснага самастойнага жыцця, каб ніхто не застаўся адзінокім. Так было. І хіба не актуальна сёння дапамагчы іншым быць шчаслівымі, умець жартаваць і весяліцца, развіваць свае творчыя здольнасці. Людзі розных узростаў і прафесій, скірамантаўцы вельмі таленавітыя, творчыя. Яны — яркі прыклад таго, што традыцыйныя гульні і забавы сучасным людзям таксама цікавыя. А калі хто таксама хоча спячы “ката”, паспрабуйце. Рэцэпт просты: 1 кілаграм пшанічнай мукі, паўлітра малака, 50 грамаў дражджэй, 2 сталовыя лыжкі цукру, 1 чайная лыжка солі, 2 яйкі. Падыдзе цеста — асадзіць 1 раз, а калі падыдзе яшчэ раз — замясціць і сфармаваць цеста патрэбнай формы з часткамі цела “ката”. Гэтыя часткі цела злучаюцца пры дапамозе драўляных шпажак або тонка абструганых палачак. “Кот” атрымліваецца “лысы”, затое смачны. Гуляйце на здароўе!
Рэгіна Гамзовіч
Фотарэпартаж Аляксея Сталярова