Музычная каманда “BosaeSonca” існуе з 2006-га году. За час існавання калектыў не раз мяняў свой склад, стыль гучання ды падыход у творчай працы. Шляхам шматгадовых пошукаў “BosaeSonca” стварылі сваю ўласную вольную пляцоўку для музычных экспрэсій і эксперыментаў музыкаў гурта, якія апроч BS граюць і ў іншых музычных калектывах. У складзе нязменных апошнімі гадамі 4-х музыкаў (Алесь Кот-Зайцаў – гітара, вакал, Аляксандр Ясінскі – баян, Ян Саладуха – бас, Канстанцін Шакуноў – барабаны), “BosaeSonca” запісалі свой дэбютны альбом. Але назваць гэтую плыту дэбютнай у поўнай меры не атрымліваецца. Ідэі ды і самі песні, што прэзентаваныя на плыце, па словах музыкаў, выношваліся і «саспявалі» досыць працяглы час. Як вынік – альбом створаны і запісаны зусім не пачаткоўцамі, а ў пэўнай ступені складзенымі і дарослымі музыкамі.
«Я вельмі рады, што «Залаты альбом» атрымаўся досыць канцэптуальным, – зазначае лідэр каманды, Алесь Кот-Зайцаў, – гэта натуральная праблема гурта з 6-ці гадовай гісторыя, які выдае першы дыск – хочацца ўзяць лепшыя з напісаных песень, але ў той жа час зрабіць не «the best», а сапраўдны канцэптуальны альбом. Мяркую, у выніку ў нас усё ж атрымлася».
Канцэртная прэзентацыя плыты адбылася ў рамках праекту «Жывы Тузін» пры падтрымцы гурта «Ili-ili». Канцэрт прайшоў 24-га студзеня ў менскім клубе «Loft». Там жа быў прэзентаваны CD «Залатога альбому», выдадзены лэйблам «Vigma».
“Залаты альбом” складзены з 11 трэкаў. CD-выданне дапоўненае адмысловым бонус трэкам – песняй «Золатам» у рэп-версіі BajSan`a.
Адметнасьцю плыты стала гучанне ў аранжыроўках струннага трыо, а таксама нязвыклае выкарыстанне баяна – інструменту, які за апошні час стаў візітоўкай гурта «BosaeSonca». Большасьць песень, прадстаўленых на «Залатым альбоме», ужо выконваліся гуртом падчас жывых выступаў, але не абыйшлося і без прэм’ерных трэкаў. «Залаты альбом» гурта «BosaeSonca» у мр-3 версіі прадстаўлены на музычным інтэрнэт-партале «Тузін гітоў», а таксама на афіцыйным сайце каманды bosaesonca.by.
Спампаваць альбом адным архівам