На Пакроў, фальклорны гурт “Мярэжа” прадставіў інтэрнэт-рэліз альбома жніўных песень з беларускага памежжа – прасторы, на якой сустракаюцца дзве сутнасці, знітаваныя мяжой, і адбываецца дыялог культур. Менавіта ў спевах і праз спеў гурт спрабуе асэнсаваць гэтыя ўзаемапранікненні. У склад гурта уваходзяць Анастасія Шпілеўская, Дар’я Зуева, Юлія Літвінава, Юлія Пракоф’ева, Святлана Чакушка і Таццяна Зубава.
На гэты раз спявачкі пастараліся перадаць усе суквецце тэмпаў, рытмаў, ладаў і танальнасцяў памежнага жніва ў яго рэгіянальнай варыятыўнасці. Прадстаўленыя каларытныя ўзоры зажынак, дажынак і ўласна жніўных песень паходзяць з Віцебска-Пскоўскага, Магілеўска-Смаленскага, Гомельска-Бранска-Чарнігаўскага, Берасцейска-Ровенскага, Гродзенска-Беластоцка-Віленскага памежжаў.
Аўтэнтычныя творы ўзяты з архіву Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, асабістых архіваў Юліі Літвінавай і Святланы Чакушкі, а таксама друкаваных фальклорных крыніц.
Але, перадусім, Żyta. Życejka – гэта гісторыя жанчыны. Жанчыны-маці і жанчыны-дачкі, жанчыны-жонкі і жанчыны-каханкі. Гэта жыццёвыя перажыванні і трывогі, шчырыя споведзі і разважанні. Гісторыі кожнага з нас. Усім тым жанчынам, якія спявалі, і тым, што запісвалі, з падзякай прысвячаецца.