Група стане музычным госцем фестывалю сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» і дасць паўтарагадзінны канцэрт на Замкавай гары.
NRM. Фота з сайта ultra-music.com
Сярэднявечнае свята пройдзе ў Браславе 5 чэрвеня. У гэтым годзе яго ўпрыгожыць коннае шэсце.
Як распавяла Край.бай дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак, свой удзел у сярэднявечным фестывалі ўжо пацвердзілі дзевяць клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі і Латвіі. Сярод іх: клуб «Варгенторн», «Нагльфар», «ВИР», «Железный желудь», «TRUE VARING», «Полацкі Звяз», «Белый барс», «KROMA KOLNA» і стралковы клуб «Залатая арда».
У планах у арганізатараў вярнуць у праграму свята археалагічную пляцоўку, дзе сваю кнігу «Курганныя могільнікі захаду Браслаўскага паазер’я» прадставіць археолаг Мікалай Плавінскі.
– Акрамя таго, – дадала Надзея Дударонак, – у гэтым годзе ў нас ёсць магчымасць запрасіць «Майстэрню ўражанняў». Спецыяльна да 950-годдзя Браслава акцёры паставяць «Легенду аб Браславе».
Як і планавалася, падчас фестывалю на Замкавай гары будуць працаваць рамесныя шэрагі і выстава членаў клуба народных майстроў «Ля возера». Музычным госцем свята стане гурт NRM. Музыкі, па словах суразмоўніцы, дадуць паўнавартасны паўтарагадзінны канцэрт.