Фолк-метал гурт TerraKod прэзентаваў сінгл “Мята” на партале ultra-music.com. Рэліз змяшчае дзве версіі загалоўнай песні – беларускую і польскую, а таксама канцэртны баевік “Брудныя танцы”. Абедзве песні ўвойдуць у склад альбому, над запісам якога музыкі працуюць цяпер. Назва яго пакуль трымаецца ў сакрэце. Сінгл дае зразумець, якім будзе лонгплэй: цяжкая гітарная музыка з нязменнай дудой і гендэрна роўнай вакальнай парай наперадзе.
Каментуе вакаліст калектыву Байсан, – “Песня “Мята” – лакмус душы рок-музыканта. Менавіта таму яна была абраная для першага сінглу з альбому. Мы імкнемся максімальна гарманічна спалучаць народныя матывы з сацыяльнай лірыкай – таму героем гэтай песні не мог стаць ніхто акрамя Эрнэста Хэмінгуэя. Мы не маралісты і наша творчасць – шчырая рэфлексія на жыццё, як яно ёсць. Такім, глабальна і будзе ўвесь альбом – чад, дуда і брудныя танцы.”
Хутка мае адбыцца паказ выступу гурта ў эфіры буйнейшага тэлевізійнага тв-шоў Польшчы “Tylko muzyka – Must Be The music”. На пачатку восені музыкі ўзялі ўдзел у адборачным канцэрце ў Варшаве разам з гуртамі Drum Exctasy і Rostany. Выканаўшы інспіраваную творчасцю Ларысы Геніюш кампазіцыю “Птушкі без гнёздаў (Ночы)” яны атрымалі цёплыя водгукі журы і “3 супраць 1” у галасаванні. Эфіры перадачы адбываюцца штонядзелю.
Сваімі ўражаннямі ад польскага тэлебачання дзеліцца вакалістка гурта Кася, – “Пры ўсіх за і супраць телівізійных шоў – гэта вялікі досвед для нас. Нам было прыемна атрымаць адзнаку ад зусім незнаёмай публікі – і слухачоў і журы. Стаячая авацыя – лепшы камплімент для музыкі любога жанру. Было кранальна. Мы вырашылі “закрыць гэты гештальт” і запісаць версію “Мяты” па-польску, таму сінгл атрымаўся дзвюхмоўным.”
Бліжэйшы выступ каманды адбудзецца 16га лістапада ў Берасці разам баявымі таварышамі па рок-н-ролу – гуртом Sciana.
фота гурта – Дзіана Рудакова / Вольга Латышава