20 снежня ў гомельскіх дзетак была магчымасць сустрэць Новы год і Каляды казачана і па-беларуску разам з менскім гуртом “Вурай”. Вечарына адбылася дзякуючы намаганням гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы і філіялу Веткаўскага музея страабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.
Спачатку дзеці, якіх прывялі бацькі ў філіял Веткаўскага музея, крыху саромеліся калядоўшчыкаў. Але потым цалкам разняволіліся: спявалі разам з імі песні, гулялі ў гульні, вадзілі карагоды, не палохаючыся ні Казы, ні нават калматага Смаргонскага Мядзьведзя.
А напрыканцы ў малых была магчымасць пастасавацца з беларускамоўным Дзедам Марозам і атрымаць ад яго падарункі. Не за так, натуральна, а за якую-небудзь песеньку ці распаведзены верш. Каляды для дзяцей з гуртом “Вурай” – гэта, бадай, найлепшая альтэрнатыва стандартным ранішнікам у школах і дзіцячых садках.
– Мы даўно зразумелі, што трэба беларусікаў гадаваць з маленства, у гэтым узросце дзеці вельмі ўражлівыя, усё запамінаюць, усё разумеюць. Частка з іх рэдка чуе беларукую мову, але мова дзяцей ды мова казкі — міжнародная. Мы намагаемся ладзіць мерапрыемствы і для самых маленькіх, ездзім у экскурсіі, знаёмім з беларускай культурай дзетак ды іх бацькоў. Вельмі прыемна, што адных малянят я сёння налічыў каля трох дзясяткаў — гэта вельмі добры паказчык таго, што попыт на нашую культуру і мову ёсць нават у такім узросце, – каментуе старшыня Гомельскай абласной філіі ТБМ Яўген Якавенка.