25 год. Такі юбілей буйным канцэртам 12-га лістапада адзначыць знакаміты беларускі гурт “Крама”. Да святкаванняў далучацца запрошаныя госці: “Neuro Dubel”, “Trubetskoy”, “J: Mopc”, “Палац”. Наколькі ж блізкая айчынная каманда прадстаўнікам бізнесу, а таксама ці павінен бізнес падтрымліваць нашую рок-музыку, і высветліў Marketing.by.
Іван Кобзік, намеснік дырэктара друкарні “Медисонт”, дырэктар выдавецкага дома “Молпресс”:
Увосені 1992-га года я працаваў на Першым канале Беларускага радыё, там я і пазнаёміўся з творчасцю «Крамы». Яна тады толькі ўтварылася і часта гучала на гэтым радыё, да нас у госці на эфір прыходзіў Ігар Варашкевіч. Так я і палюбіў гурт. Потым, адпаведна, мой сын падрос, таксама пачаў слухаць “Краму” з задавальненнем. Жонка таксама яе любіць. Я стараюся хадзіць на ўсе канцэрты гурта. І на апошнім, у “Beer&Wine”, дзе “Крама” сваё фірмовае піва прэзентавала, таксама быў.
Дарэчы, піва пакаштаваў, мне спадабалася. Парадаваўся, што так шмат было наведвальнікаў. Зразумела, канцэрт быў бясплатны. Але паглядзім, ці збярэцца столькі ж людзей у “Рrime hall” 12-га лістапада.
Я думаю, падтрымліваць беларускую рок-музыку бізнэс (ды не толькі бізнэс, а ўсе фанаты) павінны шляхам набыцця квіткоў і дыскаў. То бок не спрабаваць прайсці міма касы альбо спампаваць гэтую музыку. У спонсарскай жа падтрымцы, мне падаецца, такія выканаўцы патрэбы не маюць, яны змогуць і самі зарабіць. Аднак калі часы цяжкія, то падтрымаць трэба: альбо фінансава, альбо надрукоўкай афіш, альбо прадастаўленнем памяшкання – чым атрымаецца.
Намеснік дырэктара ТАА «Новый альянс» Алег Пашак:
“Крамай” я цікаўлюся выключна ў пазнавальных мэтах. Хаця іх “Гомельскі вальс” – супер! І яшчэ ёсць некалькі кампазіцый, якія мне падабаюцца. Але я больш захапляюся фолкам або world music.Лічу, што бізнэс павінен падтрымліваць беларускую музыку, таму што беларускую музыку не падтрымлівае ніхто. Па ідэі, ускосна і дзяржава павінна падтрымліваць – у выглядзе ратацыі на радыё і тэлебачанні. Нарэшце, у нас няма шоў-бізнэсу па сутнасці сваёй, адсюль і жаласны стан музыкантаў, асабліва якія прасоўваюць беларускамоўную музыку.
Як іх можна падтрымаць? Напрыклад, мы ў свой час дапамагалі аднаму вядомаму фолькаваму калектыву ў запісе альбома. Фінансавалі запіс альбома, бо гэта дарагая справа. У выніку цяпер у нас з гэтым гуртом добрыя адносіны, узаемапаразуменне, магчымасць нефармальна размаўляць. Хто гэты гурт – раскрываць не буду, бо калі дапамога пачынае ператварацца ў рэкламу, гэта ўжо не дапамога.
Зміцер Дайнека, бізнесмэн:
“Крама” мне вельмі падабаецца, яшчэ з іх з’яўлення. З Ігарам Варашкевічам мы пазнаёміліся, калі ён яшчэ ў “Бондзе” спяваў. Памятаю, калі ўпершыню пачуў ужывую гурт. Гэта было ў клубе “Аквариум” год 10 год таму, можа, нават больш. Яны мне тады вельмі спадабаліся: музыка добрая, тэксты і вакал Варашкевіча. Гэта музыка, якую хочацца слухаць. Слухаю іх і цяпер, слухаў і тады – тады толькі не кампакты былі, а касеты. Праўда, цяпер на рок-канцэрты я ўжо практычна ўжо не хаджу. Думаў завітаць на выступленне 12-га лістапада, але я з’язджаю, мяне не будзе ў Беларусі.Ці павінен бізнэс падтрымліваць рок-музыку? Не. Бізнэс павінен толькі плаціць падаткі. Астатняе – гэта асабістая справа ўладальніка бізнесу. Бо каб чалавек падтрымліваў нешта, трэба, каб яму гэта падабалася. Не ўсе ж музыку слухаюць, тым больш не ўсе слухаюць беларускамоўную музыку. Таму не павінен падтрымліваць. Але цудоўна, што ёсць людзі, якія дапамагаюць.
Сяргей Лазовік, менеджар кампаніі “Intersort”:
Упершыню я пачуў удзельнікаў “Крамы” ў 1998-ым годзе. Я тады вучыўся ў Магілёве і хадзіў на яе канцэрт. Гэта была складанка. І там выступала не “Крама” – там выступаў гурт “Бонда”. Я запомніў саліста – Ігара Варашкевіча. Ён тады ў галаўным ўборы, кепцы, быў, іграў “Стэфку”. Потым з “Крамай” пазнаёміліся. Адзін з заснавальнікаў каманды быў сябрам майго шэфа. І мы шмат часу бавілі разам: гурт ў нас выступаў на карпаратывах, я быў шмат разоў на канцэртах, набываў дыскі. “Крама” – гэта мая маладосць. Ведаю, што каманда і цяпер выступае. Але хочацца чуць песні старыя, нашага юнацтва.
Адам Палюховіч, адзін з заснавальнікаў кампаніі “Дайнова”:
Наогул я цікаўлюся беларускім рокам, але на жаль, пра гурт “Бонда” я даведаўся амаль тады, калі ён ужо рассыпаўся на “Краму” ды “Ulis”. З Ігарам Варашкевічам пазнаёміліся яшчэ ў 90-ых. Вельмі яркая, таленавітая асоба. Прынцыповая. Шчырая. Не крывіць душой. Адораны акцёр. Ды і “Крама” мне падабаецца. У іх і музыка, і тэксты не бяззубыя – яны яркія, тэстатэронавыя, адразу звяртаюць на сябе ўвагу. Гэта сапраўдны рок!
Увогуле “Крама” – гурт, які ў найбольшай ступені захаваў “Бондаўскі” стыль, але пры гэтым хлопцы прыўнеслі і асабістае. Усё ж такі Слава Корань і Ігар Варашкевіч у “Бондзе” былі дзвюма канструктыўнымі паловамі, а ў “Краме” ўжо Ігар рэалізаваў у большай ступені свой характар, сваю музычную, мастацкую накіраванасць. Цяпер вось ужо “Краме” 25 год спаўняецца. За гэты час гурт амаль ніяк не змяніўся. Проста “Крама” тых часоў – малады бадзёры Леа, а зараз – гэта мудры Леа.
Наконт дапамогі з боку бізнэсу музыкантам скажу так: калі чалавек бачыць, што ён можа прынесці карысць той ці іншай плыні, ён можа падтрымаць. Прычым гэта тычыцца не толькі рок-музыкі, але класічнай музыкі, народнай музыкі і мастацтва наогул.
Як дапамагчы? Верагодна, грашыма. Праўда, зараз магчымасці невялікія ў беларускага бізнэса. Альбо, можа, метадычнай, арганізацыйнай падтрымкай.
Аднак зазначу, што тут ёсць адно “але”. Ёсць бізнес ды вытворчасць, ёсць мастацтва, і ёсць яшчэ палітыка. Калі бізнэс праз мастацтва намагаецца паўплываць на палітыку, то вельмі памыляецца. Таму што справа бізнесу, як справа вытворцы ровараў альбо МАЗу, — рабіць імя гэтага ровара альбо МАЗу. То бок ёсць пэўная мяжа, якую бізнэс мусіць не пераступаць.
Павіншаваць гурт “Крама” з Народзінамі можна будзе 12-га лістапада ў клубе “Prime Hall”.