11.04.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Гусары, маўчаць! Ці трэба забараніць форумы?

Я таксама не маю ўжо аніякага часу на ўдумлівае чытанне навін. Іх нават унутры Беларусі зрабілася так шмат, што, каб «быць у курсе», трэба не ўставаць з-за кампа круглыя суткі. А таму ранішняе спатканне з інтэрнэтам зводзіцца да прагляду загалоўкаў і чытання найбольш папулярных рэплік на форуме. Першае агучвае навіну, другое тлумачыць, як да яе ставіцца большасць. Гэтае пагружэнне ў калектыўную чытацкую свядомасць — хіба не самы нейтральны шлях да азнаямлення з сацыяльнай рэальнасцю, бо страхуе ад хібаў рэдакцыйнай палітыкі, ад самацэнзуры асцярожных рэдактараў, ад маны рэкламадаўцаў ды іншых хітрыкаў. Калі нехта нешта недагаварыў, недапатлумачыў, стаіў — пра гэта паведаміць чытацкая грамада. Калі, канечне, мадэратары дазволяць.

Але, выглядае, гэты просты і эфектыўны алгарытм «быцця ў курсе» — пад пагрозай.

У «Клубе рэдактараў» на БТ выказаная прапанова форумы пад артыкуламі «вось узяць і забараніць». Здавалася б, проста цемрашальства, не вартае ні крытыкі, ні ўвагі. Але як казаў акцыяніст Браян Топ, герой серыяла Spaced, спрабуючы патлумачыць сэнс сучаснага мастацтва дурненькай суразмоўніцы, «усё нямнога складаней».

Мы жывем у часы, калі ідэі, якія выказваюцца ў праграме «Клуб рэдактараў», ужо нейкі час уводзяцца ва ўжытак рэдакцыямі найбуйнейшых сусветных выданняў з бездакорнай рэпутацыяй. Я рызыкну пакінуць гэтую фразу ў тэксце, нават дапускаючы, што ў наступным «Клубе рэдактараў» яна можа быць вырваная з кантэксту і працытаваная без згадак пра далейшае.

Калі ў вас ёсць анлайн-падпіска на New York Times, ці калі вам, як і мне, падабаецца іранічны погляд на рэчы часопіса newyorker.com, ці вы гледзіце вечарамі на лэптопе BBC ці Euronews, вы маглі заўважыць, што такой опцыі, як каментаванне пад артыкуламі ці відэасюжэтамі, там няма. У пэўных выпадках опцыя гэтая некалі была, але знікла. Каменты скасавалі, як і прапануе галоўны медыйны эксперт Беларусі ў праграме «Клуб рэдактараў». На гэтым, уласна, падабенства ідэй, якія віруюць у важных беларускіх галовах у Беларусі і здзяйсняюцца ва ўсім астатнім свеце, заканчваецца.

Бо, па-першае, канечне, Палата лордаў не збіралася на экстраннае паседжанне з мэтай строга забараніць форумы па ўсёй Вялікабрытаніі і ўвесці адказнасць за іх захаванне. Рашэнне пра фармат «без фідбэку» ў кожным выпадку прымалася па ўнутраных рэдакцыйных прычынах. І прычыны гэтыя, як і сама роля форумаў у заходнім свеце і ў нас, вельмі адрозніваюцца.

Спачатку паспрабую патлумачыць, што такое форум у краіне з буйнымі незалежнымі медыямі, кожны артыкул у якіх з’яўляецца вынікам факт-чэкінгу, шматгадовага прафесійнага выхавання журналістаў, памножаных на неабмежаваную свабоду выказвання. Навіна ці каментар тут — узважаная з усіх бакоў пазіцыя, якой чытач можа давяраць. Каментары тут — ці згода з гэтай пазіцыяй, ці (звычайна) даволі маргінальная спроба яе аспрэчыць.

Паглядзіце, што ўяўляе сабой палеміка пра любы допіс пра Расію, ЗША, Сірыю ці іншую тэму Вялікай Гібрыднай Вайны на адным з велізарных сайтаў, якія дагэтуль не прыбралі форумы са стужкі, Die Zeit Online? Флудам тут займаюцца ці то «вольгінскія тролі», ці то лічбавыя істоты, вельмі падобныя на іх. Спасылкі на фэйкавыя навіны, што суправаджаюцца папрокамі ў тым, што фэйкавымі навінамі займаецца само медыя. Спроба дагрукацца да нямецкіх кансерватараў, крытыка Меркель з пазіцый «рускага свету» і іншыя рэчы, якія відавочна не супадаюць з меркаваннем большасці немцаў (пра якое мы даведваемся ад сацыёлагаў). У свеце, дзе свае кібер-войскі мае нават Башар Асад, а права выказацца амаль ніяк не рэгулюецца, форум ператвараецца ў сметніцу, вошканне пікейных камізэлек у інфармацыйным брудзе. Прэмадэрацыя дапамагае адсекчы найбольш відавочных «занепакоеных у пагонах», але допісаў аплачаных троляў заўсёды будзе болей, чым рэплік звычайных грамадзян. Рашэнне NYT ці BBC пра скасаванне каментавання, такім чынам, грунтуецца на гігіене, а не на жаданні заплюшчыць чытачам і гледачам вочы на праўду.

Зусім іншую ролю маюць форумы ў Беларусі. Прафесіяналамі ўжо напісана, што выраз П’ера Бурдзье «грамадскага меркавання не існуе», у Беларусі мае дадатковыя канатацыі. У Францыі яго не існуе, бо незалежныя сацыёлагі некарэктна ставяць пытанні, у Беларусі — праз тое, што незалежных сацыёлагаў вымелі з краіны. І калі да цябе ў Мінску набліжаецца цётачка з анкеткай і пытаецца пра тваё стаўленне да ўлады, адзінае, што хочацца сказаць, — што ты адданы партыі раяліст з жыццёвым крэда «ўсягда!». Працяглы час таму мы спрачаліся з адным інфармаваным чалавекам пра тое, ці пералічвае хто-небудзь «сапраўдныя» вынікі беларускіх выбараў для «ўнутранага карыстання», каб ведаць, напрыклад, ці сапраўды перамог той ці іншы кандыдат у дэпутаты. Мяне запэўнілі, што ніхто гэтай «гамбургскай арыфметыкай» не займаецца, бо, калі ў краіне ёсць хаця б 10 чалавек, што ведаюць праўду, пра гэтую праўду даведаюцца ўсе астатнія. Такім чынам, грамадскага меркавання тут не існуе катэгарычна, ні ў якай форме, нават для чыноўнікаў, якія на яго мусяць азірацца.

Гэта вельмі камфортна, бо ў такой сістэме наменклатура можа рабіць што заўгодна і запэўніваць (у першую чаргу — сябе!), што большасць іх ухваляе. Адзіная — падкрэслю, адзіная! — сувязь хаця б з якой рэальнасцю, якая захоўваецца ў такіх умовах — вялікія лічбы эмацыйнай рэакцыі на той ці іншы каментар пад афіцыйнай заявай. І калі суд выносіць «жэстачайшае» рашэнне за дрыфт на плошчы Перамогі ці адпраўляе падлетка на 8 гадоў у калонію па выніках незразумелай справы, разгляданне якой вялося за закрытымі дзвярыма, адзінай крыніцай аптымізму (маўляў, беларусы зусім не такі помслівы народ, у імя якога выносяцца рашэнні) з’яўляюцца форумы.

Жаданне забараніць форумы тут тоеснае націску на незалежную сацыялогію. Гэта спроба разбіць люстра, у якім, хай сабе з вялікімі скажэннямі, нешта ўсё ж праглядае. Тэзіс, што сама ідэя нібыта адпавядае нейкаму «сусветнаму вопыту» з’яўляецца чыстай маніпуляцыяй. На Захадзе каментаванне адмяняюць, каб брэх і віскат на форуме не замінаў людзям бачыць праўду, у нас — каб гэтая праўда не праглядала акурат з допісаў пад артыкуламі.

Гэты тып маніпуляцыі з аглядкай на «сусветны вопыт» робіцца ўсё часцейшым. Разгон вулічных акцый аб’яўляецца нават больш гуманным, чым у Еўропе і ЗША, бо мы ж нікога слезацечным газам не труцілі. Але ў Еўропе сілу выкарыстоўваюць супраць агрэсіўных мітынгоўцаў, якія б’юць вітрыны, падпальваюць машыны і пагражаюць жыццю і здароўю грамадзян і паліцыі. Чым пагражалі жыццю і здароўю грамадзян знямоглыя беларускія пенсіянеры, для мяне дагэтуль загадка. Але на тых, хто глядзіць толькі БТ, гэта дзейнічае.

У гэтай сітуацыі ёсць дзве нагоды для аптымізму. Па-першае, не тая цяпер эканамічная сітуацыя, каб ідэя, выказаная па БТ, магла ажыццявіцца ў заканадаўчай забароне. Свіст форума — выпусканне пратэстнага пару. Закон вайралу, згодна з якім навіна з закрытым каментаваннем шэрыцца шпарчэй, бо каментаванне пераносіцца ў сацыяльныя сеткі, чулі, мабыць, нават нашы дарагія забараняльнікі.

Па-другое, як напісала Юлія Латыніна, дыгітальная Рэфармацыя пачалася, «яшчык» прайграў (сам «Клуб рэдактараў» я гляджу не па БТ, а ў інтэрнэце).

Старыя медыі адыходзяць у мінулае. А адным з трох адрозненняў новых медыяў з’яўляецца менавіта «фідбэк». Без яго сайт ператвараецца ў газету, youtube — у тэлевізар. І нават калі праз наступ троляў з мінулага нехта і вырашыць скасаваць форум, рашэнне гэтае будзе прынятае рэдакцыяй. А не каралём ці Папам Рымскім.

 

Віктар Марціновіч


5 Каментаў у “Гусары, маўчаць! Ці трэба забараніць форумы?”

  1. Андрэй Кіштымаў says:

    Для наших СМИ единственная функция/миссия форумов – служить доказательством того, что эти СМИ существуют. Есть комментарии – значит, публикация состоялась. Это – аналог аплодисментов оратору. Причем, оратору, говорящему в пустоту. Хотя и наличие эха не следует путать с ответом.

  2. netflix says:

    а мне падабаецца думка. забараніць форумы і каментары пад артыкуламі непасрэдна, каб гэты самы фідбэк разыходзіўся па сац.сетках. бо надта злоўжываюць і саўбелкі і нн’ы мадэрацыяй, калі да каментароў дадаюцца ідэйнаправільныя думкі.

  3. Мiкалаус says:

    Что касается таких сайтов, как budzma.by, на котором публикуется автор, обсуждающий запрещение форумов, то вопрос надо ставить диаметрально: как стимулировать форумы? ))

    • Віктар Марціновіч says:

      Микалаус, сайт “Будзьмы” работает без “подающих”, котоыре за 1.5 доллара за запись направляют дискуссию в конфликтное\комментируемое\спорное русло, провоцируя реплики на явную чушь, которую обязаны “накидать” “подающие” для старта полемики. Тут все честно и к тому же с премодерацией. Здесь ищут смыслы, а не поливают в комментах :) Поэтому, при нормальных показателях по читаемости (встроенный плагин шэров на ФБ покажет вам, что это утверждение не голословно), вы не встретите здесь барахтания троллей, которое потом продается рекламодателям как признак того, что “говнишко читают”. Если комментатор здесь написал автору, что тот мудак, значит есть как минимум один читатель, который верит в то, что автор мудак. Оттого, я стараюсь читать и отвечать на комментарии.

  4. Мiкалаус says:

    Спасибо, не слыхал – за то что просветили про подающих/накидывающих, их стоимость, про разогрев и продаваемость сайтов рекламодателям. Хотя смысл моей реплики был в том, что айкю пишущих должен стимулировать айкю читающих и комментирующих, что т.наз. фидбек д.б. соответствующим. Конечно, ваша устоявшаяся среда/окружение не требует/ не обязывает расширять/создавать новые среды, даже если онлайн-волной прихватывает кого-н. со стороны. Это у Алексиевич могут быть проблемы с ее консервативным офлайн-клубом. Что касается фейс-контроля и избранности – что ж, подождем появления искусственной премодерации, которая с помощью каких-н. нейронных сетей будет вычислять айкю и намерения комментирующих.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика