У чацвер сусветныя СМІ паведамілі сенсацыйную навіну пра тое, што на конкурсе “Місіс Свету-2014”, які праходзіў у ЗША ў штаце Мэрыленд, перамагла беларуская спявачка і тэлевядучая Марына Аляксейчык.
З гэтай нагоды пра нашую краіну загаварылі паўсюль. Але ў сеціве амаль адразу пачалося абурэнне наконт знешняга выгляду беларускай канкурсанткі ў першым дэфіле.
Шоу адбылося 19 лістапада. Удзельніцы конкурса выйшлі на сцэну ў нацыянальных касцюмах альбо ў мастацкіх уборах з рысамі строю, якія гавораць аб іх нацыянальнай прыналежнасці.
Вось так Марына Аляксейчык (крайняя злева) уяўляе сабе нацыянальны беларускі строй.
“Няма ў беларускім строі ніякіх какошнікаў ні ў адным з рэгіёнаў”, – сцвярджае мастак, майстар народнага касцюма, сябра СЭТ Наста Глушко. На яе думку, строй стылізаваны папсова і груба, ідэі нацыянальнага каларыту Беларусі не перадае ніяк, бо відавочна ўяўляе сабой пародыю на рускі народны строй.
“І гэта нават не сам рускі строй, а павярхоўнае ўяўленне пра яго. Какошнік у беларускай традыцыі адсутнічае, ён характэрны для фіна-вугорскіх народаў. Сукенка стылізаваная пад сарафан, прынамсі, дэкор размешчаны нібыта як на сарафане. Прыкра і сумна бачыць такое бачанне “беларускіх нацыянальных рысаў” у строі, што выкарыстоўваецца на мерапрыемстве такога ўзроўню. Відавочна, мастак-мадэльер, што праектаваў касцюм, незнаёмы з народным строем Беларусі. Шкада”, – падводзіць вынік яна.
Такое меркаванне пра недарэчнасць выгляду падзяляе і другі майстар традыцыйнага касцюма, сябра СЭТ Наталля Ярмалінская. Паводле яе словаў, нацыянальны касцюм у такіх конкурсах – гэта звычайна стылізацыя народнага ці гістарычнага касцюма альбо адлюстраванне культурных з’яваў ці палітычных сімвалаў сваёй краіны.
“На вялікі жаль, так званы нацыянальны касцюм беларускай удзельніцы не трапляе ні ў адну з вышэй пералічаных тэндэнцый. Безумоўна, гэта вельмі прыгожы касцюм для выступаў на карпаратывах у ролі Снягурачкі. Але скажыце, якое дачыненне да Беларусі мае гжэльскі роспіс на сукенцы і стэрэатыпна рускі какошнік?” – разважае яна.
Наталлі таксама было б цікава паглядзець у вочы дызайнеру, які так “пастараўся”. “Безумоўна, у большасці нашых людзей выраз “стылізаваны беларускі нацыянальны строй” выклікае толькі асацыяцыі з псеўданароднымі фальклорнымі калектывамі, васількамі і саламянымі вяночкамі”, – падкрэсліла Ярмалінская. На яе думку, паказаць вытанчанасць і складанасць беларускага строю было б магчыма нават з відавочнымі прыхільнасцямі майстра.
“Хочацца маштабных галаўных убораў – апраніце на галаву давыд-гарадоцкую сарпанку ці кобрынскую намітку, каб аж да пят звісала. Ногі паказаць хочацца – працытуйце расхінную панёву. У нашым народным строі ёсць усё: колер, дэкор, форма, разнастайнасць і варыятыўнасць, і самае важнае – самабытнасць і адметнасць. Хочацца, каб людзі, якія зарабляюць грошы на такіх конкурсах, усё ж ставіліся да стварэння строю як да прэзентацыі культурнага багацця нацыі. Сваёй нацыі, а не суседняй”, – упэўненая яна.
Ілюстрацыі з кнігі Міхася Раманюка “Беларускі народны строй”
Цікава, што ўдзельніца ад Расіі больш канцэптуальна паставілася да свайго касцюма. Галаву Вольгі Панковай упрыгожваў двухгаловы арол, які, паводле яе словаў, увасабляе сімвал расійскай дзяржаўнасці, які аб’ядноўвае еўрапейскую і азіяцкую Расію. Наталля Нікалаева, якая выступала ад Крыма, была апранутая ў сукенку імператрыцы Кацярыны II: у 1783 годзе Крым далучыўся да Расійскай Імперыі.
Што хацела сказаць сваім выглядам беларуская ўдзельніца, засталося па-за разуменнем публікі.
Марыя Грыц