У нейкі момант культура зносін перайшла ў сферу практычнага выкарыстання. Што стала прычынай? Магутны паток інфармацыі вакол або змяненне нашага стаўлення да размоваў і сустрэч? Пра асаблівасці сучасных зносін, пра папяровыя цыдулкі, пра тое, ці заменіць сацыяльна-сеткавы рэсурс літаратуру і кухонныя размовы — у гутарцы з гараджанінам Ігарам Корзунам.
— Адназначна ў зносінах цяпер назіраецца ўтылітарнасць, але гэта адбылося не само сабой, хутчэй людзі пачалі надаваць ім іншае значэнне. Пагадзіцеся, калі мы пачнём ставіць кнігі на паліцу з кухоннымі прыладамі, значыць, у кнігах мы будзем бачыць чыста практычнае значэнне.
— Ігар, мы жывём у час неймавернай хуткасці і вялікага патоку інфармацыі. З’яўляюцца новыя каштоўнасці і ўяўленні аб тым, як мець зносіны. Ці бывае ў вас адчуванне, што свет коціцца не туды?
— Свет нікуды не коціцца. Усё на сваіх месцах. Мы прыдумляем розныя формы зносін, але іх сутнасць застаецца той жа. Для мяне галоўнае, каб гэта быў дыялог: абмен думкамі, ідэямі, пачуццямі, эмоцыямі.
— Ці магчымы такі абмен пры зносінах у інтэрнэце?
— Са з’яўленнем інтэрнэту ў нашым жыцці дыялогу не стала больш. Культура зносін заключаецца не толькі ў тым, каб выказаць сваё меркаванне: гэта таксама здольнасць пачуць адказ, прыняць згоду ці нязгоду. Калі з’явілася кругласутачная магчымасць выказацца ў сетцы на любую тэму, усе слухачы пачалі раптам гаварыць-гаварыць-гаварыць. І як вынік, сёння мы актыўна рухаемся ў бок асабістага маналогу. Дарэчы, адзін з найлепшых публіцыстычных часопісаў Беларусі так і называецца — “Маналог”. Добры, класны журнал, але паступова ён робіцца ўсё больш і больш маналогам.
— А як змянілася якасць нашых зносінаў са з’яўленнем мабільных тэлефонаў?
— Мабільныя тэлефоны, безумоўна, змянілі нашае жыццё. Раней у зносінах паміж людзьмі было больш лёгкасці і натуральнасці: мы не дамаўляліся пра візіт загадзя, любы прыезд сябра да цябе не быў пасрэднай рэччу. Мабыць, каштоўнасць чалавечых адносін была вышэйшай. На вуліцы Магілёўскай, дзе ў мяне было першае самастойнае жыллё, гарадскі тэлефон адсутнічаў зусім, а пра мабільную сувязь не было тады і гаворкі. Сыходзячы ў госці, я заўсёды пакідаў ля кнопкі званка звычайны канверт з манетамі для таксафона і нумар тэлефона, па якім мяне можна было знайсці. Было разуменне: любы візіт чалавека да мяне азначае нейкую патрэбу, і я не стамляўся надаваць гэтаму значэнне.
— Пры такім поглядзе наколькі ахвотна і часта вы карыстаецеся новымі формамі зносін, такімі, напрыклад, як смс-паведамленні, электронныя лісты?
— Вядома, я карыстаюся імі ў розных сітуацыях па меры неабходнасці. Але калі ў мяне ёсць патрэба сказаць чалавеку нешта важнае, прызнацца ў чымсьці, я не выберу смс. Смс — гэта ж тэкст, які абмяжоўвае магчымасць выказацца і не дае ніякай гарантыі, што цябе правільна зразумеюць. Колькі гісторый можна ўспомніць, калі людзі лацінкай пішуць, скарачаюць словы, а потым лаюцца праз недастатковае разуменне сэнсу. Калі казаць пра электронную пошту, я, натуральна, ёй карыстаюся, але больш люблю пісаць на звычайнай паперы. Электронныя лісты не даюць людзям важных тактыльных адчуванняў.
— А якія адчуванні можна атрымаць ад рукапіснага тэксту?
— Мне падабаецца пісаць ад рукі. І для мяне гэта не нейкае абстрактнае шчасце. Тут хутчэй адчуванне, падобнае да сэксуальнага задавальнення: дотык да ліста паперы, нататкі пра тое, што адбываецца (свайго роду дзённікі), стаўленне да чалавека праз напісанае слова, лірыка міжрадкоўя, чаканне рэакцыі, адказу… Я ў гэтым пытанні ў нейкай ступені фетышыст: пастаянна пішу ад рукі, магу нават пахваліцца пер’евымі ручкамі, якія заўсёды трымаю ў парадку. У мяне ёсць нататнік і ручка, якія заўсёды са мной, каб запісаць нейкія думкі, пакінуць запіску.
— Навошта ў часы зручнага карыстання выгодамі цывілізацыі выкарыстоўваць нязручныя пер’евыя ручкі, чарніла да запраўкі?
— Фетышызму ніхто не адмяняў, але ў кожнага ён выўляецца па-рознаму: хтосьці мае патрэбу ў плазме на сцяне, хтосьці — у пер’евых ручках. Усе мы на нешта мастурбуем: адны — на тоўсты кашалёк, іншыя — на выдатныя далі. Але ў часы зручнага спажывання людзі перасталі пісаць адно аднаму лісты і правяраць паштовыя скрыні ў пад’ездах.
— А ў чым розніца паміж папяровым лістом і паведамленнем у Facebook, напрыклад? Толькі ў тактыльным адчуванні?
— Розніца істотная. Тэкст, напісаны ад рукі, — як кардыяграма, гэта ж нервы на паперы: чалавек піша пра свае думкі і пачуцці, і нават няроўны эмацыйны почырк шмат што можа расказаць пра яго аўтара. Электронныя пасланні часцяком нават перачытаць нельга: націснуў выпадкова кнопку — і няма важнага паведамлення. А папяровы ліст можа захоўвацца ў прасторы рэальнага свету вельмі доўга. Вось запіскі — вельмі добрая рэч: напрыклад, раптоўна сыходзіш і не хочаш звяртаць на сябе ўвагу, развітвацца, пішаш кароткую запіску з цёплымі словамі, кідаеш ў кішэню паліто або прыляпляеш пад магніцік халадзільніка. Шмат што немагчыма вымавіць услых, але гэта можна напісаць, і гэта значна лягчэй зрабіць.
— А чаму бывае цяжка сказаць словамі?
— Гэта як дотык. Вось як людзі паміж сабой дамаўляюцца, што ў іх будзе сэкс? Толькі на словах?
— Некаторыя проста дамаўляюцца.
— Мая знаёмая расказвала мне, як гадоў дзесяць таму ў Францыі ўзнікла цікавая сітуацыя. Французы загаварылі пра страту ідэнтычнасці, а ўсё таму, што людзі перасталі фліртаваць адно з адным.
— Цікава, як французы гэта вызначылі?
— Сацыёлагі, псіхолагі, антраполагі заўважылі, што людзі ў барах і кавярнях пачалі дамаўляцца пра сэкс вельмі хутка, на словах. Тэму пачалі абмяркоўваць у грамадстве і прыйшлі да высновы, што праз гэта можа згубіцца французскі шарм — тое, што асабліва адрознівае іх нацыю ад іншых. У еўрапейскіх краінах існуюць праблемы, аб якіх у навінах кажуць раней, чым, напрыклад, пра землятрус у Камбоджы. Мне здаецца, што канкрэтна французская праблема страты ідэнтычнасці неактуальная для Беларусі. Але вось калі прагляд навін у інтэрнэце і штодзённае чытанне фрэндстужкі выцесніць чытанне кніг, гэта будзе для нас значна больш небяспечным.
— Ці ёсць небяспека таго, што сацыяльна-сеткавы рэсурс можа замяніць літаратуру?
— Я гэтага не баюся: людзі досыць шмат чытаюць. Зваротаў у інтэрнэт-бібліятэкі такая колькасць, што, бывае, часова закрываецца доступ да іх. Народ пачынае шанаваць прастору і час, а не грошы і прадметы. Калі чвэрць стагоддзя таму ў кватэрах былі секцыя з посудам, шафа з кнігамі і адзеннем, канапа, два крэслы, у куце — тэлевізар, то цяпер замест тэлевізара — камп’ютар і плазма на сцяне. І хоць трымаць кнігі на паліцах робіцца нямодным, чытаць, я ўпэўнены, не перасталі. І чытаюць сёння не менш, чым раней. Праўда, узаемаадносіны з папяровай кнігай ператварыліся хутчэй у сэксуальнае жаданне нешта пакратаць рукамі. Але, безумоўна, кніга застаецца вельмі важнай для нас.
— Як для французаў флірт?
— Так. Магчыма, для славянскага чалавека літаратура — гэта як чорны хлеб з малаком: шмат для нас значыць, вызначае нас. І я ўпэўнены, што Еўропа ўспрымае рускамоўнае насельніцтва праз вялікіх рускіх пісьменнікаў. І мы, беларусы, усё больш вызначаем сябе праз нашую літаратуру, і калі раптам для нас літаратура (не музыка, не кінематограф, а менавіта літаратура) перастане быць важнай — магчыма, мы страцім частку сябе, частку сваёй самаідэнтыфікацыі, тое, што адрознівае нас ад іншых нацый.
— Усё часцей можна ўбачыць чалавека ў метро з электроннай кнігай. Жывыя зносіны таксама замяняюцца электронным. Вось раней былі кухонныя размовы, якія ўспамінаюцца як душэўныя зносіны. Ці ёсць эквівалент такім зносінам цяпер?
— Тыя кухонныя размовы цяпер здаюцца душэўнымі ад незадаволенасці сённяшнім днём, ад няўпэўненасці ў будучыні. Па сутнасці, сацыяльныя сеткі — і ёсць эквівалент кухонным зносінам: людзі выказваюць думкі, прагаворваюць чаканні, дзеляцца расчараваннямі. Учора — на кухні. Сёння — у сетцы.
— Людзі баяцца выказваць ў сетцы сваю незадаволенасць, скажам, урадам. Хіба не?
— Хто баіцца? Людзі пішуць што хочуць, абзываюць зняважлівымі словамі і прэзідэнта, і прэм’ера. Трэба разумець, што і размовы на кухні пастаянна кантраляваліся аналітычным аддзелам, і сацыяльныя сеткі цяпер таксама маніторацца. Памятаю кухонныя вячоркі ў маіх знаёмых: была свая эстэцкая тусоўка, у якой былі і выпіўка, і наркотыкі. І ў гэтай кампаніі абавязкова быў адзін сексот (сакрэтны супрацоўнік), усе яго ведалі, але ніхто не пакутаваў ад прысутнасці гэтага чалавека, хоць гэта не значыць, што ён іх не закладаў.
— Як часта вы давяраеце інтэрнэту свае меркаванні, думкі, настроі? Вас можна знайсці ў сацыяльных сетках?
— Так, знайсці можна. Я пачынаў карыстацца яшчэ «Жывым журналам», але цікавасць да яго знікла, калі вялікая колькасць інфармацыі прывяла да ўнутранай пустаты. У «Аднакласніках» і «Вконтакте» не прыжыўся — само слова «аднакласнікі» адпудзіла ці што?.. Facebook больш зразумелы, але я выкарыстоўваю яго ў мэтах зносін з канкрэтнымі людзьмі. Звычайна я маю зносіны толькі з тымі, каго добра ведаю ў жыцці. Не ўмею размаўляць з людзьмі, галасоў якіх не чую.
— Наколькі важна чуць голас? Бо зусім незнаёмыя людзі могуць напісаць разумнае і цікавае? Вы ж чытаеце кнігі не толькі знаёмых аўтараў.
— Калі пачынаеш чытаць кнігу, голас пісьменніка не адразу «гучыць» у галаве. Але паступова, па меры развіцця сюжэту, пачынаюць развівацца характары герояў, і праяўляецца голас аўтара.
— У сацыяльных сетках вобраз суразмоўцы фармуецца павольней?
— Ён не фармуецца там наогул. У сацыяльных сетках адсутнічае важнае апавяданне, у ходзе якога можа праявіцца голас. Голас не як вакальныя дадзеныя, а характар, важныя дэталі пра чалавека. Пры гэтым сацыяльныя сеткі — фантастычныя сацыялагічныя інструменты для палітыкі, бізнэсу і маркетынгу. Незразумела, на чым Марк Цукерберг робіць вялікія грошы (дакладна не на рэкламе, бо рэклама на Facebook нікому не патрэбная), але відавочна ёсць спецыялісты ва ўсіх галінах, што добра выкарыстоўваюць сацыяльны рэсурс для сваіх прафесійных патрэбаў.
— Ці магчымы ў віртуальных зносінах сапраўдны дыялог, паўнавартасны абмен пачуццямі і ідэямі, пра які вы казалі ў самым пачатку?
— Занадта шмат пылу падымаецца, калі мы заходзім у інтэрнэт. Кожны з нас штодня стварае вялікую колькасць пустой фальшывай прасторы: у нас па дзве-тры і больш паштовых скрынь, некалькі акаўнтаў у розных сацыяльных сетках, якімі мы часта не карыстаемся. Насамрэч нам гэтулькі не трэба, але мала хто пра гэта задумваецца. Тое самае адбываецца, калі людзі выкідваюць пластыкавыя бутэлькі ў смеццевую скрыню, не змінаючы іх: мы самі ў сябе крадзем фізічную і віртуальную прастору, запаўняючы яе пустэчай. І праз гэты вакуум цяжка прарвацца адно да аднаго, дакрануцца, паглядзець у вочы і вымавіць важныя словы.
Ганна Трубачова, Наталля Гузель
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)