23 лістапада я паўдзельнічаў у вулічным спектаклі “Легенды Асмалоўкі”. У маім уяўленні гэта частка больш вялікага праекта “Стрытвокер”, які славенскі тэатр KUD Ljud ажыццявіў вясной з невялікай групай валанцёраў. Сэнс такіх праектаў у тым, каб зрабіць гарадскую прастору, так бы мовіць, феноменам успрыняцця. Іншымі словамі, звычайна мы ставімся да горада як да нечага, што мае прыносіць нам карысць (“Тут мы пабудуем дом, краму і бар і зробім так, каб зручна было паміж імі рухацца”). А ў рамках праекта пэўная частка горада робіцца цікавай сама па сабе, як гэта адбываецца з творамі мастацтва.
Вядома, творы мастацтва, “арт-аб’екты”, прыдумваюцца, і ў гэтым з’яўляецца момант гульні, якая падключае гледачоў-удзельнікаў да больш актыўнага саўдзелу ў перфомансе. Горад робіцца пляцоўкай для гульні, і праз гэта быццам нараджаецца наноў, становіцца больш цікавым.
Строга кажучы, мы пачалі рабіць праект па Асмалоўцы вельмі позна. “Стрытвокер” як спектакль выглядае вельмі проста, гэта, па сутнасці, экскурсія. Але кожны экскурсавод, гарадскі ці музейны, вам пацвердзіць, які вялікі аб’ем працы застаецца “па-за кадрам”. Прастора вывучаецца дэтальна, падбіраюцца канцэпты, закладваюцца магчымасці для інтэрактыву. Для гэтага патрэбны час і вопыт. На жаль, у нас, па сутнасці, не было ні таго, ні другога. Але быў імпэт.
Вялікую папярэднюю працу правялі Наталля Юшкевіч і Кацярына Чакатоўская. Яны падрабязна вывучылі кварталы, знайшлі самыя цікавыя месцы. Пачалі абыходзіць жыхароў, сабралі іх асабістыя ўспаміны.
І тут узняўся фактар самой Асмалоўкі. Гэта не проста раён, а раён, які хутка можа знікнуць. І гэтае перадсмяротнае запусценне бачыцца і ў самім раёне, гэта чулася ў аповедах жыхароў, у самой нагодзе для перфоманса, які мы павінныя былі паспець зрабіць да Мінскага ўрбаністычнага форуму.
У нейкім сэнсе простая экскурсія з паказам выдуманых арт-аб’ектаў стала б такой гульнёй на могілках. Сапраўдная гісторыя Асмалоўкі цікавейшая і багацейшая за любую прыдумку.
Раён быў пабудаваны ў цяжкі для Мінска час, фігура архітэктара Асмалоўскага выглядала неадназначнай, постаці загадкавых будаўнікоў, якія былі, магчыма, палоннымі немцамі, надавалі яшчэ больш міфічнасці, а канчаткова змяніла праект гісторыя пра тое, як раён быў акружаны мурам, за які пускалі толькі па пропусках, то бок быў такім “горадам у горадзе”.
Міф аб горадзе ў аблозе, якому наканавана загінуць, пра што ведаюць яго абаронцы, але не апускаюць зброі — адна з чатырох гісторый Борхеса прасілася ўвасобіцца між будынкаў Асмалоўкі. Наш куратар ад KUD Ljud Яша Енул пагадзіўся на нашу ідэю, і мы пачалі прыдумляць антычны спектакль.
Схема антычнай драмы простая: найвышэйшыя сілы ствараюць сітуацыю, якую мае пераадолець герой. Мы вельмі лёгка ўявілі ў ролі такога героя Асмалоўскага. Але пачытаўшы антычныя крыніцы і найперш “Іліяду”, пабачылі, што значна больш увагі надаецца не кіраўнікам, а звычайным удзельнікам бітвы. Адным з найбольш кранальных момантаў “Іліяды”, які ўвайшоў у культурную скарбніцу, ёсць развітанне Гектара і Андрамахі. Мы ўзялі за аснову гэты кавалак.
Увасобіць нашу прыдумку на вуліцы было і лёгка і складана адначасова. Мы ўзялі за аснову вынаходніцтвы антычнага тэатра — хор, маскі — дадалі прыёмы, якія даўно і паспяхова выкарыстоўваюць вулічныя тэатры — агонь, музыку. Гэтага было дастаткова для стварэння атмасферы. Цяжкасці нам дадало надвор’е, якое вельмі хутка змянялася на зімняе. У выніку мы, улічваючы здольнасці гледачоў трываць мароз, вымушаныя былі скарачаць наш перфоманс ці не ўдвая.
Затое паўдзельнічаць у нашай імпрэзе пагадзілася мясцовы краязнаўца і гісторык Алена Ісачэнка. Мы прапанавалі, каб пасля нашай імпрэзы выступіла яна і падрабязней расказала пра Асмалоўку.
Цяжка ацэньваць тое, што мы зрабілі, знутры. Ці апраўдаліся чаканні тых, хто прыйшоў на наш вечаровы спектакль? Полымя паходняў і стук бубна сапраўды стварыў атмасферу антычнага форуму, калі тэатр быў нагодай сабрацца разам. Адназначна нам патрэбна больш такіх нагодаў.
Аляксей Стрэльнікаў, фота Зарыны Кандрацьевай