Шоумен, спявак і журналіст Ілля Маліноўскі даў сайту budzma.org першае інтэрв’ю як лідар уласнага музычнага праекта.
Большасць беларускіх музыкаў ведае Іллю Маліноўскага як журналіста і вядоўцу канцэртаў ды фестываляў, а таксама аўтара праекта “Рок-Караоке”. Зусім нядаўна ён адкрыўся яшчэ ў адной ролі, рок-спевака, і пачаў выступы з сваім гуртам. Апынулася, што ён піша песні яшчэ з школы і проста чакаў свайго часу.
“Цяпер братавай славай не карыстаюся”
— Адкуль у цябе прага публічнасці?
— Са школы, напэўна. У нас была кампанія нефармалаў, чалавек пяць на ўсю школу. А я быў адзіны валасаты. Праз гэта мяне ўсе пазнавалі. Плюс да ўсяго выявіліся нейкія вакальныя дадзеныя, таму часта запрашалі паўдзельнічаць у школьных вечарынах ды паспяваць пра вайну ды пра каханне “старыя песні пра галоўнае”. Яшчэ ў нас была каманда Клуба вясёлых і знаходлівых, мы нават перамаглі ва Усерасійскай школьнай лізе. Таму мне не даводзілася сачкаваць урокі, бо і так быў вольны ў наведванні дзякуючы розным рэпетыцыям і мерапрыемствам (усміхаецца).
— Ведаю, што ты паступіў на журфак БДУ, але так яго і не скончыў. Чаму?
— Мяне дзіўна адлічылі 10 верасня, хоць заняткі на журфаку пачыналіся з 1 кастрычніка. Акурат 9 верасня былі прэзідэнцкія выбары, і мяне тады паказалі па ўсіх дзяржаўных каналах: я танчыў у чырвонай бандане пад “Я нарадзіўся тут” на прыступках Палацу прафсаюзаў на акцыі апазіцыі. Але дакладна не магу заявіць, што адлічылі з палітычных матываў, бо гэта магло адбыцца і праз раздзяўбайства.
— Дык ты лішні раз давёў, што можна і не сканчаць журфак, каб стаць журналістам?
— Пасля адлічэння з другога курса я сапраўды вырашыў, што не буду вучыцца, а пачну працаваць. Пісаў для “Знамёнкі”, “Камсамолкі”, але цягнула менавіта на радыё. Таму шукаў працы ў гэтай сферы. Афіцыйна ўладкаваўся на “Радыё Мінск”, а да гэтага мая найлепшая сяброўка, сястра, можна сказаць, Каця Пытлева паклікала яшчэ папрактыкавацца на “Радыё Мір”. Потым апынуўся на “Еўрарадыё”, адкрываў там эфіры. Паралельна бацькі без майго нават дазволу аднавілі мяне на вучобе ў Інстытуце сучасных ведаў, так што адукацыю я ўсё ж атрымаў, хоць вучыўся там толькі дзеля таго, каб супакоіць маму. Дыплом атрымаў у 2010 годзе, абараніўся на прыкладзе сваёй працы на “Еўрарадыё”. Называўся дыплом “Спецыфіка падрыхтоўкі забаўляльных праграмаў для інтэрнэт-радыёстанцый”. Быў шчыра здзіўлены, калі атрымаў 10 ды яшчэ просьбу падрыхтаваць “метадычку” паводле сваёй тэмы. Праўда, так і не падрыхтаваў.
— На цябе не ціснула братава журналісцкая слава? (Брат Іллі — Сяргей Маліноўскі, вядомы беларускі журналіст)
— Прызнаюся, што па першым часе, калі знаёміўся з беларускімі музыкамі, асабліва старэйшага пакалення, то прадстаўляўся як “Маліноўскі-малодшы”, гэта ў пэўнай ступені дапамагала адразу стаць “сваім”. А цяпер, нават калі прадстаўляюся і згадваю пра брата, то мне кажуць: мы і так цябе ведаем (усміхаецца). Так што цяпер “братавай славай” практычна не карыстаюся.
“Шкада, што беларускія рокеры непаважліва ставяцца да сваіх запісаў”
— З чаго паўстала ідэя вечарынаў “Рок-Караоке”?
— Шчыра прызнаюся, што сцягнуў ідэю ў Польшчы, калі жыў там пэўны час. Я трапіў на такую вечарыну ў студэнцкім клубе ў Варшаве, і мне так спадабалася, што я кожны тыдзень стаў туды заходзіць ды спяваць песні. Мяне там ужо ведалі іншыя наведнікі, лічылі ледзьве не сябрам, ведалі, якія песні спяваю лепш, а якія горш. Як вярнуўся ў Мінск, засумаваў па гэтых вечарынах, таму зрабіў “Рок-Караоке” тут.
— Мясцовага каларыту дадаў?
— Так, натуральна. Шмат часу пайшло на пошук якасных студыйных фанаграм, каб яны гучалі на нармальным апараце, і было адчуванне, што ты сапраўды спяваеш разам з рок-гуртам. Караоке наогул складаная рэч, бо не кожны ўмее добра спяваць. Калі не трапляюць у ноты, гэта б’е па вушах, а калі яшчэ і якасць запісу ніякая… Набыў базу кампазіцый і плэер з рэдактарам. Тады і зразумеў, што гэта добрая магчымасць рабіць беларускае рок-караоке. Шмат у чым тут дапамог кіраўнік студыі “Осмас” Паша Юрцэвіч. Але я сутыкнуўся з праблемай, якой увогуле не чакаў: беларускія рокеры чамусьці непаважліва ставяцца да сваіх уласных запісаў, таму фанаграму нават “Госцей” знайсці ў студыйнай якасці проста немагчыма. Як і “Тры чарапахі”, напрыклад.
— Што атрымалася знайсці?
— “Нейра дзюбель” вось апошні альбом выдаў, я ў іх адразу фанаграмы ўзяў ды паступова ўстаўляю. Ёсць песні Памідорава, “Кассиопеи”, “Серебряной свадьбы”… Шмат хто з музыкаў пагаджаецца, але справа да таго, каб яны далі фанаграму, пакуль не даходзіць.
— Ці вялікая цікавасць да такіх вечарынаў?
— Так, спачатку яна была дастаткова высокай. Цяпер яна трохі паменшала, бо няма рускамоўных песень: адсутнічаюць якасныя фанаграмы. А з ангельскай мовай моладзь у нас не вельмі сябруе. Мне вельмі спадабалася, як атрымалася з перакладам песень The Beatles на беларускую. “Еўрарадыё” ладзіла такі конкурс да “Бітлз-фэсту”, і найлепшыя пераклады я ўнёс у караоке. На апошнім “Пікніку” наша “Рок-Караоке” зацягнулася да світанку. І ўсе, хто застаўся, хорам спявалі бітлоўскі “Сустрэць усход”. Цяпер згадваю, і ў мяне ажно мурашы па скуры.
— Праект будзе працягваецца далей і пашырацца?
— Безумоўна, ён працягнецца ўвосень. За лета я хачу дадаць як мага болей беларускіх фанаграм, а таксама замежныя песні, якіх няма, але якія часта замаўляюць. Спадзяюся, што да канца наступнага года атрымаецца зрабіць праект “лайфавым”, каб да справы далучыўся кавер-бэнд, які б выконваў гэтыя ўсе песні жыўцом. Чалавек, які замаўляе тую ці іншую кампазіцыю, выходзіць на сцэну і спявае яе, як вакаліст рок-гурта. Гэта вельмі папулярная на Захадзе рэч, і мне дзіўна, што да нас яна пакуль не дайшла.
“Мае песні хоць крыху, але разумнейшыя за шансон”
— Калі ты пачаў пісаць уласныя песні?
— У класе дзявятым. Яно перыядамі накатвае. Пісаў шмат да паступлення ў ВНУ. Тэматыка была звязаная з Сярэднявеччам, я тады захапляўся рыцарамі ды ўдзельнічаў у фестывалях сярэднявечнай культуры. У ВНУ не пісаў наогул, толькі калі з’ехаў у Варшаву, зноў пачало пісацца — ледзь не штодня. З’явіліся такія “саплівыя”песні, як я іх называю, — пра каханне, любоў да Радзімы, пра сяброў. Выкінула мяне раптоўна за мяжу, было даволі складана, і тады я зразумеў, што такое сяброўства насамрэч, і займеў сапраўдных сяброў. Раней у мяне іх было пяць дзясяткаў, а калі з’ехаў, дык засталося пяцёра, якія цікавяцца маім жыццём і жыццё якіх цікавіць мяне. Як вярнуўся, зноў нічога пакуль не пішацца.
— Але ты перайшоў мяжу і з самотнага аўтара-песенніка стаў удзельнікам паўнавартаснай рок-каманды.
— У гэтым не мая віна, а клуба “Графіці”, супрацоўнікі якога скалацілі банду і захацелі зрабіць выступ у чэрвені мінулага года акурат на мой дзень нараджэння. Як даведаліся пра супадзенне, то прапанавалі мне зрабіць разам некалькі маіх кампазіцый і выступіць сумесна. Мы парэпетавалі, адыгралі, нам спадабалася, таму вырашылі працягнуць далей.
— Гэта быў твой сцэнічны дэбют?
— Можна так лічыць, хоць у мяне ў школе яшчэ быў гурт. “Дэ-факта” зваўся, мы нават выступалі па школах Уручча і пасля канцэртаў абавязкова атрымлівалі па галаве ад гопнікаў. Але тых песень я напэўна не ўспомню. Гэты гурт на базе “Графіці” называўся “Graffiti Friends Band”, другі канцэрт мы ўжо зрабілі пад назвай “Graffiti Friends Brand”. На трэцім канцэрце змянілі склад, запрасіўшы рытм-секцыю “РСП”, і выступалі як “Graffiti Friends Never End”, потым зноў надумалі змяніць назву і дагэтуль яе шукаем. Вырашылі так: калі запішам сінгл і будзем адзначаць яго запіс, нап’емся, прачнемся — і першае слова, якое хтосьці з нас прамовіць, будзе назвай гурта.
— Слухаючы запіс з канцэрта, я падумаў, што тваім бы голасам ды шансон спяваць… Не было такой думкі?
— Можна было б. Былі думкі, што так можна вылезці і папулярнасць здабыць. Але я не магу ўспрымаць той шансон, які ў Расіі называецца шансонам. Выварочвае мяне. І песні, якія я пішу, не падыходзяць да гэтай стылістыкі, бо яны хоць крыху, але разумнейшыя.
— У некаторых тваіх песнях можна ўгледзіць матывы савецкіх ВІА. Ты не баішся быць старамодным?
— Лічу сябе кансерватарам, бо не разумею сучаснае мастацтва, не люблю электронную музыку і не разумею, калі нехта з рокераў раптам бярэцца за электроншчыну. Я не пішу, каб камусьці спадабацца. Вялікай папулярнасці я не прагну, проста ёсць жаданне рабіць нешта не ў шуфляду і не толькі для сяброў, якія скажуць, што гэта класна, што б ты ні зрабіў. Пішу для людзей, мне незнаёмых, якіх гэта можа раптам зацікавіць, а можа і натхніць.
— Беларуская мова ў песнях — гэта для цябе прынцыпова?
— Інакш не пішацца. У школе я не мог вучыць гісторыю Беларусі, выкідаў падручнік, бо не разумеў беларускай мовы. Але першую песню напісаў менавіта па-беларуску і сам сабе здзівіўся. Нешта такое юнацкае, пра Грунвальд: “Грымела зброя, кроў заліла зямлю, колькі сыноў больш не ўбачаць сям’ю”, нешта такое (усміхаецца). І далей усё пісалася менавіта на беларускай мове.
— Але сацыяльных тэмаў ты не кранаеш у сваіх песнях?
— Сацыялка была ў тых першых песнях, былі канкрэтна сцёбныя тэксты з нашай улады. Сябры жартавалі, што я ніколі не стану папулярным, бо мяне раней пасадзяць. А цяпер нешта не атрымліваецца, магчыма таму, што гэтая тэма ўжо абрыдла, магчыма, ад безвыходнасці… Колькі ўжо можна пра гэта казаць? Больш важнымі з цягам часу становяцца пытанні сяброўства і сямейных стасункаў.
— Ты ўжо можаш сказаць з пэўнасцю, што твой музычны праект — гэта ўсур’ёз?
— Я магу сказаць дакладна, што апошні год пераканаў мяне, што я хачу і буду гэтым займацца. Не ведаю, ці атрымаецца гэта рабіць далей з тымі ж людзьмі, з якімі пачынаў, але так ці інакш я буду працягваць. Увосень збіраюцца пайсці на студыю “Осмас” і запісаць свой першы сінгл.
Афіцыйная суполка гурта Іллі Маліноўскага http://vk.com/neverendfriends
Размаўляў Сяргей Будкін