Падчас літаратурна-музычнай вечарыны ў Гродне 23 чэрвеня пасведчанне сябра СБП атрымаў Віктар Сазонаў.
46-гадовы празаік публікаваўся ў рэспубліканскіх штотыднёвіках і часопісах, выдаў кнігу “Занатоўкі кантрабандыста”. Цяпер сп. Сазонаў вядзе рубрыку “Суседскія былі” ў беластоцкай газеце “Ніва”.
Вядомы бард Эдуард Акулін грае на гітары. Паэт Леанід Дранько-Майсюк (справа) трымае ў руках апельсін. Арганізатары імпрэзы паклалі памаранчавыя плады на кожнае крэсла ў зале.
“Але ніякай “аранжавай” палітыкі ў гэтым няма! – запэўніў Сяржук Сыс. – Мы хацелі прывезці з сабой добры настрой”. Паэт прэзентаваў гарадзенцам афійцыйны сайт Саюзу беларускіх пісьменнікаў litbel.org.
Леанід Дранько-Майсюк чытае ўласныя вершы. “Уся мая лірыка – пра прыгажосць беларускай мовы, – сказаў паэт. – Нават там, дзе, на першы погляд, пра каханне і жанчынаў. Я ўсхваляю хараство роднай мовы. Вось у чым карані майго аптымізму”.
Вытанчаная паэтка Галіна Дубянецкая зачаравала залю сваім чытаннем.
Пачынаючая пісьменніца Аліна Кузьміч нечакана для ўсіх захацела прадэкламаваць уласныя вершы. І адразу ж атрымала прапанову ад Эдуарда Акуліна даслаць свае творы ў літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў”.
На першым фота: Эдуард Акулін уручае Віктару Сазонаву “чырвоную корачку”
Фота аўтара.