“Ірацыянальны чалавек” (ЗША, 2015)
Рэйтынг: 18+
Жанр: драма, дэтэктыў
Працягласць: 95 хвілін
Рэжысёр – Вудзі Ален (“Каханне і смерць”, “Сенсацыя”, “Матч пойнт”, “Язмін”)
У ролях: Хаакін Фенікс, Эма Стоўн, Джэймі Блэклі, Паркер Поўзі.
Прэм’ера ў Мінску: 13 жніўня 2015.
Постар, выкананы ў пяшчотнай акварэльнай палітры, здаецца, прамым тэкстам нас запрашае на чарговую меладраму з двума вядомымі акцёрамі. Яшчэ Джэк Лондан вуснамі свайго героя Марціна Ідэна выдаў ідэальную схему рамантычнай гісторыі: 1. Герой і гераіня сустрэліся. 2. Нешта неспадзяванае іх разлучае “назаўжды”. 3. Каханне перамагае пад вясельныя званы. Працэнтаў 95 меладрам гэтай схеме адпавядаюць ідэальна. Магло б так стацца і гэтым разам, але калі ў графах “рэжысёр” і “сцэнарыст” стаіць імя Вудзі Алена, можна чакаць чаго заўгодна, толькі не шлюбных клятваў. Між тым першая палова фільма старанна спрабуе ўлезці ў меладраматычную скуру любоўнага трохкутніка.
Прафесар філасофіі Эйб Лукас (Хаакін Фенікс) даўно і безнадзейна завяз у крызісе сярэдняга ўзросту. Зашмат віскі, вялікі жывот, імпатэнцыя, у тым ліку і творчая, адсутнасць сэнсу жыцця і татальная апатыя – класічны набор для мужчыны за пяцьдзясят. Вакол яго ходзіць безліч паўпраўдзівых слухаў пра здраду жонкі з найлепшым сябрам, пра адрэзаную ў Іраку галаву сябра і г.д. Зразумела, што прыезд такога мужчыны ў невялікі каледж вызывае пэўныя спадзяванні ў жаночай палавіны. І калі калега і равесніца Эйба Рыта (Паркер Поўзі) бачыць магчымасць вырвацца з абрыдлага шлюбу, то юная студэнтка Джыл (Эма Стоўн) захапляецца супярэчлівай натурай свайго будучага прафесара.
Здаецца, тут ужо і да фінальных тытраў недалёка. Засталося толькі выбраць адну з прэтэндэнтак на сэрца і жывот прафесара. Але Вудзі Ален застаецца верным сабе, і сюжэт атрымлівае нечаканы паварот і яшчэ больш нечаканую глыбіню.
Эйб выпадкова падслухаў гісторыю нешчаслівай маці, у якой несумленны суддзя адабраў дзяцей. І герой знаходзіць сэнс у жыцці – ідэальнае злачынства, якое зробіць гэты свет крыху лепшым.
Здагадаліся, адкуль вушы растуць? Пастаноўшчык не хавае гэтага. Наадварот, “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага ён пакажа буйным планам і нават з пазнакамі Эйба. Вось што можа атрымацца, калі тэарэтык (філосаф, які спецыялізуецца на этыцы) надумае свае веды прымяніць на практыцы ў рэальным жыцці. Ён, здаецца, сам сябе падбухторвае і бярэ на “слабо”. Дарэчы назва фільма даслоўна цытуе назву кнігі Уільяма Крыстафера Барэта, які паспрабаваў філасофію экзістэнцыялізму пераказаць так, каб яе мог зразумець сярэднестатыстычны абывацель.
Напэўна, няма больш такога пладавітага рэжысёра, як Вудзі Ален. Кожны год ён паспявае выпускаць па стужцы, і ніводную з іх нельга назваць дрэннай. Так, ёсць у яго фільмаграфіі і проста лёгкія прахадныя карціны, як леташняя “Магія месяцовага святла”. Але ёсць сур’ёзныя драмы, якія заслужана атрымліваюць і намінацыі на Оскара, і самі статуэткі: “Матч пойнт” ці “Язмін”. У сваю чаргу “Ірацыянальны чалавек” аказаўся дзесьці ў залатой сярэдзіне. Стужка атрымалася адначасова і сур’ёзнай, і лёгка-іранічнай.
З іншага боку, пры такой колькасці фільмаў і такім паважаным узросце непазбежнымі будуць паўторы. Таму знаўцы творчасці Алена з лёгкасцю прыгадаюць і той самы “Матч пойнт”, і “Мару Касандры”, і “Злачынствы і правіны”. Сам аўтар апраўдвае гэта так: “Я часта мару пра тое, каб узяць адпачынак на цэлы год. Але мяне заўсёды пачынаюць мучыць згрызоты сумлення, бо вакол стаяць ахвочыя даць мне грошай на чарговы фільм, і ў выніку я прыходжу да высновы, што пакуль даюць, трэба браць”.
Трэба адзначыць, што грошы свае маэстра адбівае. Пры даволі невялікім бюджэце яго фільмы збіраюць значныя сумы. Гледачы не губляюць цікавасці і з задавальненнем ідуць у кінатэатры.
Роўна тое самае можна сказаць пра акцёраў, якія з радасцю супрацоўнічаюць з пастаноўшчыкам. Не аднойчы яны атрымлівалі самыя высокія кінаўзнагароды за свае ролі ў інтэлектуальным кіно Алена. Напрыклад, Оскар атрымалі: Даян Кітан (1977), Майкл Кейн і Даен Уіст (1986), Даен Уіст (1994), Міра Сарвіна (1995), Пенелопа Крус (2008), Кейт Бланшэт (2014). Але і на гэта ў Алена свой погляд: “Акцёры працуюць са мной, толькі калі ў іх перапынак паміж больш прывабнымі праектамі. Калі я тэлефаную акцёру і прыкладна ў той жа час яму тэлефануе Стывен Спілберг або Марцін Скарсэзэ, то ён і не падумае ісці да мяне. Але калі ён толькі што скончыў карціну, атрымаў свае дзесяць мільёнаў даляраў і да жніўня яму зусім няма чаго рабіць, а я патэлефанаваў у чэрвені, дык чаму б і не пагадзіцца?” Вось Эма Стоўн і Хаакін Фенікс і пагадзіліся.
Эма Стоўн у Алена здымаецца ўжо другі раз, і, здаецца, рэжысёр знайшоў новую музу замест Скарлет Ёхансан. Эмацыянальная і непасрэдная студэнтка Джыл у Стоўн атрымалася бездакорна. Наогул актрысе больш пасуюць інтэлектуальныя праекты накшталт “Бёрдмэна” і “Ірацыянальнага чалавека”, чым буйныя студыйныя “Чалавекі-павукі”.
Нават Хаакін Фенікс, які не так даўно наогул збіраўся кінуць кар’еру акцёра і падацца ў музыканты, вярнуўся, каб зняцца ў гэтай карціне. Прафесар Эйб выглядае увасабленнем усіх ненармальных персанажаў Фенікса, аднаго з найлепшых акцёраў сучаснасці. Расчараваны інтэлектуал, які раптоўна знаходзіць сэнс жыцця паводле Дастаеўскага і Канта, – гэта і смешна, і страшна адначасова.
Чамусьці рэцэнзія атрымалася не так пра “Ірацыянальнага чалавека”, як пра Вудзі Алена. Але, напэўна, ёсць такія рэжысёры, чыё імя – ужо гарантыя добрага кіно. Фанам Алена і аматарам інтэлектуальнага кіно да прагляду абавязкова.
Вольга Шкрадзюк