Вялікая прэзентацыя альбома “Зімачка” этна-трыа “Троіца” прайшла ў перапоўненай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Удзельнікі этна-трыа “Троіца” даўно хацелі выступіць у гэтай зале. Квіткі на іх канцэрт раскупілі імгненна, за два дні да пачатку іх было ўжо не дастаць. Іван Кірчук сціпла павітаўся ды падзякаваў усім добрым людзям, якія паспрыялі выхаду дыска “Зімачка”. У тую ж хвіліну залу запоўнілі чароўныя гукі музыкі з праграмы, якая гралася неаднойчы, але слухаецца кожны раз сапраўды як упершыню.
“Мы не ведаем сваіх каранёў”, – зазначыў Іван Кірчук і прывёў прыклад, як ён высвятляў сваё паходжанне: адзін дзед з Літвы, другі – з Польшчы, а сам – беларус. Следам прагучала адпаведная песня “Ой, родзе, родзе”. Выявілася яшчэ, што ў гэты дзень лідар “Троіцы” адзначае важны юбілей – 30 гадоў, як ён займаецца фальклорам. Тады, у 1982 годзе, ён спяваў у акадэмічным хоры і паралельна граў рок-музыку. Але свет для яго перамяніўся, калі ён з’ездзіў у этнаграфічную экспедыцыю ды паслухаў, як спяваюць палескія мужчыны.
Праграма этна-трыа “Троіца” складалася з песняў, што ўвайшлі ў апошнія тры альбомы – “Жар-жар”, “Сон-трава” і “Зімачка”. Пачалі з “Сонца коціцца”, якая на самім дыску “Зімачка” ідзе апошнім нумарам, працягнулі “Сон-травой”, зайгралі следам “Кумэ” з “Жар-жару”… “Не ўсе песні кладуцца на музыку. З экспедыцыі прывозіш 200-300 спеваў, а на нашым альбомы можаце пачуць толькі дзевяць”, – казаў Кірчук. Перад выкананнем загалоўнага твору – уласна “Зімачкі” – спявак расказаў, што выканаў яе ўпершыню яшчэ ў 1999 годзе, у Нідэрландах, калі запісваў свой сольны альбом “Спадчына загінуўшых вёсак”. Пазней ужо вырашыў развіць яе ў музычным плане разам з іншымі ўдзельнікамі “Троіцы”.
Пасля выканання “Ажаніла” музыкі пакланіліся ды пайшлі са сцэны, але сталыя прыхільнікі этна-трыа ведалі, што не сыдуць яны канчаткова без выканання “Яблыні” ды “Журавоў”. Так яно і адбылося. Веснавую карагодную “Яблынь”, запісаную яшчэ на першым альбоме “Троіцы” 16 гадоў таму, Кірчук суправадзіў аптымістычнай прамовай: “А колькі той зімы, хутка ж вясна!”
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч