24.03.2016 | Асоба Культура

Іван Кірчук: “Я паляк, які прыняў беларускую культуру як сваю”

Лідар этна-трыа “Троіца” ў вялікім інтэрв’ю для Budzma.by расказаў, чаму не здзівіўся скарачэнню свайго курса, як не атрымаў званне заслужанага артыста і як з дапамогай рускага хору ён, паляк з паходжання, палюбіў беларускую песню.

З Іванам Кірчуком мы меркавалі сустрэцца ў лютым, калі “Троіца” вярнулася з фестывалю ў Чылі. Пакуль дамаўляліся на размову – з’явілася яшчэ і сумная нагода. Курс, які выкладаў спадар Іван у Педагагічным універсітэце, выкраслілі з навучальных праграмаў, а выкладчыка, які мусіў бы быць гонарам установы, проста выставілі за дзверы за два гады да пенсіі.

“ПРЫЙШЛА КАМЕНДАНТ У КАБІНЕТ, СКАЗАЛА: ТУТ БУДУЦЬ МАЕ ШАФЫ”

 

– Якую каштоўнасць меў ваш курс?

– Я распрацаваў гэтую праграму 33 гады таму, дагэтуль такога прадмета, як “Рэканструкцыя абрадавых святаў”, у Беларусі проста не было. Харавыя калектывы тады стоячы спявалі ўсе песні, ніхто не ведаў пра рэжысуру абрадаў, харэаграфію, мізансцэны, дыялогі. Увесь гэты час я яе ўдасканальваў разам з іншымі праграмамі па фальклоры і музыказнаўстве. Але навучальныя планы ўвесь час змянялі. Спачатку выкраслілі праграму “Народны тэатр”, у які ўваходзіла батлейка. Мы ладзілі са студэнтамі прыгожыя спектаклі на экзаменах, запрашалі і гледачоў, і тэлебачанне, і радыё, але яна выявілася непатрэбнай. Потым скарацілі “Этнамузыказнаўства”, забралі гадзіны без тлумачэння. Затым скарацілі на год навучанне – з пяці да чатырох. Складана падрыхтаваць за гэты час спецыяліста ў галіне фальклору – харэаграфічнага або вакальнага мастацтва. На пастаноўку голасу далі 20 хвілін на чалавека. Ад гэтых заняткаў я сам адмовіўся, бо нечаму навучыць за такі час немагчыма. Зноў жа – невядома чаму скасавалі кафедру этналогіі і фалькларыстыкі…

– Дык вы, выходзіць, былі маральна падрыхтаваныя да сыходу з універсітэта?

– Летась у мяне было 0,25 стаўкі, засталіся толькі завочнікі, стацыянару ўжо не было. І я думаў, што давядзецца нешта шукаць, але не хацелася, бо заставалася два гады да пенсіі. Думаў усё ж, што дапрацую. Але не быў здзіўлены. Яшчэ летась, як скончыўся навучальны год, да мяне камендант падышла і сказала: ты павінен з кабінета з’ехаць, таму што тут будуць мае шафы. А больш са мной ніхто не размаўляў. Я пакрысе з жонкаю на машыне перавёз з кабінета на фазэнду ўвесь архіў і музычныя інструменты.

Іван Кірчук са сваімі студэнтамі

 

– Як вашы студэнты адрэагавалі на навіну?

– Я адабраў фотаздымкі з экзаменаў і выклаў іх у інтэрнэт. Развітаўся, падзякаваў усім і сказаў, што кантракт хутка будзе скончаны. Юра Паўлоўскі, наш бубнач, кажа, што было процьма ўпадабанняў, як ніколі ў самой “Троіцы” не было (усміхаецца).

 

 “МАБЫЦЬ, ЗВАННЯ ЯШЧЭ НЕ ЗАСЛУЖЫЎ”

 

–  Якраз паралельна з вашай гісторыяй пазбаўляюць юрыдычнага статусу дзяржаўныя калектывы “Песняры”, “Харошкі”, народны хор Цітовіча і ансамбль танца, якіх заганяюць пад адзін дах філармоніі.

– Гэта смешная ініцыятыва. Жыць пад адным дахам – адно, а зарабляць грошы – іншае. Мне здаецца, гэта памылковае рашэнне. Саміх людзей не пытаюць, а прымаюць рашэнне зверху. І там, напэўна, думаюць, што яны вельмі прыгожую справу зробяць, калі скароцяць і аб’яднаюць.

– А сама “Троіца” магла б існаваць як дзяржаўны ансамбль ці, прынамсі, папрасіць у дзяржавы падтрымкі?

– Не. Мы граем разам 17 гадоў і ніколі не звярталіся і не збіраемся. Аднойчы, калі была складаная сітуацыя з рэпетыцыйнай базай, мы звярнуліся ў гарвыканкам з просьбай даць які-небудзь закуточак. Яны паглядзелі нашы інструменты і сказалі: ведаеце, у вас такі ўзровень, што гэта не горад, а рэспубліка. І на гэтым усё скончылася. Яшчэ я міністру Латушку дасылаў апісанне ідэі этналабараторыі. Зноў не атрымалі ніякага адказу. У нас сёння ёсць месца для рэпетыцый, за Мінскам. І нам гэтага дастаткова, нам ніхто не перашкаджае, і тое добра.

– Няўжо не хацелася б сядзець у офісе са студыяй і месцам для рэпетыцый, атрымліваць за працу заробак і гастраляваць паводле плану?

– Ды не будзе такога, не хачу. Дадуць заробак – і што? Мы будзем шыхтавацца ды граць на “Дажынках”. І хто нас будзе слухаць? Трэба ж памятаць, што мы займаемся альтэрнатыўнай музыкай. Гэта не шансон, а прагрэсіў-фольк, як я вызначаю. І мы не робім гэта па прынцыпе абы зрабіць, а ўтрох займаемся творчасцю.

“Троіца” запісвае альбом у Нідэрландах (1999 год). Фота Nick Lebeat

– А адсутнасць ганаровых званняў ад дзяржавы: заслужанага артыста, дзеяча мастацтваў ці кавалера ордэна – Скарыны вас не бянтэжыць?

– Яшчэ калі я выступаў з гуртом “Дзіва” на гастролях у Расіі, у мяне кіраўнік Кубанскага казацкага хору (народны артыст Расіі і Украіны Віктар Захарчанка – заўвага аўт.) пытаўся: а што гэта ты да нас штогод прыязджаеш, а ніякага ганаровага звання не маеш? У іх чалавек праспяваў на сцэне песню сольна – налета мае ўжо званне. А мне ў Беларусі ніхто не дае, кажу. Дык музыкі, прафесура Краснадара, кіраўнік хору пішуць зварот да кіраўніка дзяржавы з просьбай даць мне званне. Я гэты ліст прывёз у рэзідэнцыю прэзідэнта. Гэта быў 1996 год, яшчэ “Троіцы” не было. Цяпер “Троіцы” ўжо 17 гадоў. Але яшчэ не заслужыў, відаць, хоць да пенсіі два гады засталося.

 

 “ШТО З ТАГО, ШТО НАС ВЫЛУЧЫЎ ШАЎЧУК І ГЭХАН?”

 

–  Як у такім разе без дзяржаўнай падтрымкі выжываць такому гурту, як “Троіца”? Тым больш калі ўнутраны рынак перанасычаны фолькам.

– Як перанасычаны? Я так не думаю. Дзе тыя гурты? У нас няма этна-фестываляў. “Камяніца” ды “Вольнае паветра” толькі, на якое няма грошай. Няма этнічных кавярняў, дзе гучала бы жывая музыка з розных краінаў свету, як у той жа Польшчы. Этнічнай радыёстанцыі няма, толькі праграма Таццяны Песнякевіч, якая мае на дзяржаўным радыё 15 хвілін у суботу зранку, калі ўсе спяць. Праграм тэлевізійных няма. Было “Фолк-шоў”, у якім дзяўчына ў нацыянальным адзенні на шпагат сядала, але я не лічу, што гэта прыгожа. Ці “Наперад у мінулае”, у якой калектывы робяць аднолькавыя аранжыроўкі народных песень і гэта не чапляе.

– Вы ўжо вызначылі, што займаецеся альтэрнатыўнай музыкай. А як ставіцеся да таго, што робяць калектывы афіцыйныя? Тыя ж “Харошкі”, напрыклад, ці “Бяседа”.

– “Харошкі” робяць сваю справу. І гэта падыход высокапрафесійных майстроў харэаграфіі. Яны робяць дзіўныя і прыгожыя праграмы. Можа, камусьці і не падабаецца, але гэты калектыў знаходзіцца на высокім узроўні, і нельга супаставіць яго з кімсьці яшчэ. На “Бяседу” ходзяць людзі. Яны маюць свой падыход – гэта апрацаваны фальклор, аўтарскі. У іх свой шлях. А ў “Троіцы” – свой.

– І не было расчараванняў і сумневаў, што абралі гэты свой шлях?

–  Мы робім тое, што нам падабаецца. Калі тры чалавекі граюць цэлы канцэрт, мяняюць інструменты і робяць розныя аранжыроўкі старадаўніх беларускіх песень – выходзіць цікава і для публікі, і для нас саміх. І гэта якраз нас трымае разам. У нас не прыжыліся спробы ўвесці бас-гітару ці клавішы. Калі наша музыка будзе на нешта падобная – нам не будзе цікава працаваць. І за ўсе гэтыя гады не было расчараванняў. І ў Беларусі, і за мяжой нас публіка прымае – паўдзельнічалі ўжо ў больш чым 100 фестывалях ад Малайзіі да Чылі, куды нядаўна з’ездзілі.

Іван Кірчук на сцэне фестывалю WOMAD у Сант’яга. Фота Jaime Valenzuela

 

–  Як вам удалося трапіць у Чылі?

–  Складаны шлях. Гэта фэст WOMAD, які лічыцца самым буйным у свеце. Мы спачатку ўдзельнічалі ў расійскім WOMAD, у Пяцігорску, на які Пітэр Гэбрыэл і яго каманда далі грошы, як мне казалі. Нас там заўважылі, запрасілі на WOMAD у Лондан, летась мы там павінныя былі зайграць, але выйшла так, што калі б мы аддалі пашпарты на візы, то сарваўся б запланаваны выступ у Іспаніі. Таму WOMAD адгукнуўся ўжо ў Чылі ў лютым гэтага года. Цяпер маем шмат сяброў у гэтай краіне. Мы для іх экзотыка, як і яны для нас.

– “Стары Ольса” цяпер збіраецца з гастролямі ў Амерыку. Яны зацікавілі сваёй творчасцю, але праз каверы на замежныя хіты. Вы не хочаце пайсці такім шляхам? Тым больш што менавіта ваш кавер на “Freestate” Дэвід Гэхан вылучыў калісьці найперш з беларускага трыб’юту Depeche Mode.

– Мы не будзем гэтага рабіць, нам гэта нецікава. А што з таго, што вылучыў Гэхан. Ён жа не прапанаваў тур ці грошы на запіс, падзякаваў ды ўсё.

– Але ж вы сыгралі з ім у Маскве.

– Гэта быў выступ пад фанаграму, упадабанне не дало нейкага плёну. Мы і не мелі ілюзіяў. Бо былі і раней сітуацыі, калі Юрый Шаўчук і Стас Намін запрашалі нас выступіць. Але іншыя зоркі будуць запрашаць цябе толькі для таго, каб упрыгожыць свой канцэрт, асабіста табой ніхто займацца не будзе. Таму калі нас і пыталі пра далейшыя намеры ў супрацы з тым жа Шаўчуком, мы адказвалі, што ніякіх. І гэта добра, мы павінныя самі ісці далей. І граць сваю музыку, а не чужую. Толькі сваім мы можам здзівіць.

 

“У ДЗЯЦІНСТВЕ Ў ХАЦЕ Я ЧУЎ ТОЛЬКІ ПОЛЬСКУЮ МОВУ”

 

– За ўвесь час існавання “Троіцы” вы ніколі не дазвалялі сабе палітычных заяваў, чаму так пастанавілі?

– Так, мы вельмі далёкія ад палітыкі. Этнічная музыка гучыць вакол зямнога шара для ўсіх, каму яна падабаецца. Мы адпачатку так вырашылі, хоць на фестывалях за мяжой гэтая тэма нас не абмінае. Памятаю, мы выступалі ў Гданьску, а напярэдадні здарыўся скандал паміж Беларуссю і Польшчай. І калі аб’явілі нас, то ніхто не пляскаў у далоні, усе сядзелі моўчкі, а як праграму адыгралі, дык падыходзілі палякі, прабачэння прасілі за такое стаўленне.

– Тым не менш ваша творчасць нацыянальна арыентаваная. Вы фармуеце і пэўны светапогляд, і пачуццё свабоды. Дзякуючы вашым песням прыходзіць усведамленне сябе беларусам, па ўласным досведзе праслухоўвання альбома “Троіцы” 1996 года кажу.

– Мы звяртаемся да вельмі старадаўніх музычных пластоў. Можа, гэта чапляе людзей – той тэкст і рытм, які ідзе да паганскіх часоў. Гэтыя пачуцці выклікае менавіта старадаўняя песня. І калі б мы пісалі спецыяльна, як у недалёкім мінулым складалі песні пра Леніна, пра партыю, то, мусіць, і не выклікалі б такіх пачуццяў.

–  А да вас самога як гэтае ўсведамленне прыйшло?

– Я наогул паляк. Але прыняў беларускую культуру як сваю. У дзяцінстве чуў у хаце толькі польскую мову, пакуль бабуля не прыязджала. А яна па-свойму размаўляла, дык маці з ёй лаялася праз гэта. Мае бацькі 40 гадоў адспявалі ў Фарным касцёле ў Лідзе, і я з імі хадзіў, вучыўся спяваць.

– Адкуль тады ўзялася любоў да беларускай песні?

– Калі я вырашыў працягнуць навучанне і з кансерваторыі пайшоў у Інстытут культуры ў 1980 годзе, то пачуў ансамбль “Валачобнікі” Станіслава Дробыша. Яны спявалі народныя песні, і мне гэта падалося нецікавым, сама манера выканання. Але ў гэты ж дзень выступаў ансамбль Дзмітрыя Пакроўскага з Масквы, яны спявалі песні з розных рэгіёнаў Расіі ў розных манерах. І я тады падумаў, што Беларусь мае шэсць этнаграфічных рэгіёнаў і што гэта сапраўднае багацце, якім можна карыстацца. І ў 1983–1984 гадах пачаліся першыя экспедыцыі, дзе я пачуў нашы песні, якія мяне проста павалілі з ног, асабліва мужчынскія. Так усё і пачалося…

 

Цяпер Іван Кірчук выкладае ў Інстытуце культуры на курсах павышэння кваліфікацыі, чытае для супрацоўнікаў дзяржаўных культурных установаў курс пра традыцыйную народную культуру і марыць запісаць сёмы студыйны альбом “Троіцы” на ўзроўні, не горшым за папярэднюю “Зімачку”. “Мара” – тут самае тое слова, бо музыкі вырашылі працаваць з польскім саўндпрадусарам Томашам Рагулам, які намінаваўся на “Грэмі” – узровень беларускай гукарэжысуры для іх непрымальны. Канцэптуальна альбом гатовы, ён будзе складацца з п’есаў па 8-10 хвілінаў, фактычна, міні-фольк-рок-операў. На тое, каб запісаць цэлы дыск, “Троіцы” патрэбна блізу 15 000 даляраў, якія яны пакуль нават не ўяўляюць дзе ўзяць. Але Кірчук якраз з тых людзей, мары якіх здзяйсняюцца. Пачуць “Троіцу” можна 8 красавіка на рэдкім сольным канцэрце ў Мінску ў Тэатры эстрады.

 

 

Сяргей Будкін 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика