13.03.2017 | Культура

Каханьне пад вужыкам Або 10 акцэнтаў беларускага інтэрʼеру

Усе, хто абстаўляе дом ці кватэру ў пэўным стылі, аздабляюць яго адметнымі дэталямі. У скандынаўскім стылі гэта алені на сьценах, у стылі праванс — кветкавы малюнак тэкстылю. А вось якія дэталі робяць інтэрʼер беларускім, паспрабавала высьветліць Паліна Масьлянкова.

1. Арнамэнт на тэкстылі

Вышытымі ручнікамі ды абрусамі традыцыйна ўпрыгожвалі сваё жытло беларусы. А вось пасьцельная бялізна зь бел-чырвона-белым арнамэнтам — гэта даволі сьвежая ідэя з шэрагу вышымаек і вышымайткаў. Вытворцы «Samsara», якія ўжываюць у вытворчасьці толькі беларускія тканіны, скарысталі для патэрну арнамэнт «Вужык», які зьяўляецца сымбалем дабрабыту і шчасьця. Пасьцельная бялізна зробленая з бавоўны (бязь 100%) і каштуе ад 49 да 69 рублёў у залежнасьці ад памеру. Такі камплект ня толькі стане яркім акцэнтам спальні, але і, згодна з традыцыяй, умацуе стасункі. Набыць можна ў краме Symbal.by.

2. Акцэнтныя падушкі

Накідаць на канапу ці ложак колькі дэкаратыўных падушак лічыцца добрым густам у межах любога стылю — ня варта і беларускаму грэбаваць гэтай модай. Падушкі з пагоняй, буслам, зубром ці любым іншым сымбалем краіны яскрава адрозьніць ваш інтэрʼер ад міжземнаморскага ці амэрыканскага. Да прыкладу, вось такая льняная наўлечка з гіпаалергенавым напаўняльнікам вырабу Юліі Вайцяховіч прадаецца ў этнацэнтры «Рагна» за 42,5 рублі.

3. Беларуская парцаляна

На стале, пакрытым льняным абрусам з карункавымі сурвэткамі, шыкоўна і пры гэтым някідка глядзіцца выкшталцоная шляхетная парцаляна з крамы-майстэрні Karali.by. Калекцыі «Выцінанка» і «Зброя ВКЛ» адсылаюць да традыцыйнага мастацтва і гісторыі нашай дзяржавы. Сьценкі посуду «Зброя ВКЛ» упрыгожваюць мячы, сякеры, бердышы, суліцы, алебарды, дзіды і пікі з выявай герба «Калюмны». Чысты белы колер дазволіць сэрвізу ўпісацца ў любы інтэрʼер кухні-сталовай. Праўда, належыць такі выраб хутчэй да падарункавага сэгмэнту і робіцца на замову, бо каштуе нямала: ад 13,5 рублёў за сальніцу ці перачніцу да 55 рублёў за імбрык, наборам — яшчэ даражэй.

4. Драўляныя вешакі

Калі казаць пра кухню, немагчыма не згадаць сямейную майстэрню «Бусел», у якой з дрэва ствараюцца драбнюткія дэталі лялечнага інтэрʼеру, але часам зьяўляюцца цікавыя штукі і для простых сьмяротных. Напрыклад, вось гэтыя вешакі ў выглядзе скалкі змогуць аздобіць кухню любой гаспадыні, а калі на яго павесіць ручнік з арнамэнтам — і пагатоў. Каштуюць такія вешакі разам зь неабходнымі шпунцікамі для мантажу да 15 рублёў.

5. Постэры ў рамачку

Калісьці я хацела асобны матэрыял прысьвяціць таму, якія крутыя постэры можна зрабіць па-беларуску, не паўтараючы зьбітых ангельскіх фраз. Але я не дызайнэр, і таму вельмі ўсьцешылася, калі ў Беларусі зьявілася студыя poster_time. Пасьля вандровак па Італіі яе адкрылі Алеся і Зьміцер Шэлепнёвы, у якіх ужо была на той час свая школа графічнага дызайну. Натхнялася сямейная пара цудоўнымі плякатамі, вінтажнымі здымкамі і матывацыйнымі постэрамі, якія гадзінамі можна разглядаць на барахолках і ў гасьцях у замежных сяброў. У асартымэнце студыі маюцца і папулярныя ў сучасным дызайне сюжэты, і беларускія матывы. Да ўсяго, постэры тут робяцца на замову пад любую ідэю і каштуюць у залежнасьці ад памеру выявы прыблізна 22-33 рублі.

6. Драўляныя пано

А гэтыя драўляныя пано робіць Ганна Уладава, па мянушцы мама Карла. На драўляных сьпілах выпісвае яна галоўныя словы і вобразы, якія будуць прыцягваць позіркі да сьцяны ці іншага месца, дзе б іх вы ні павесілі. У яе асартымэнце маюцца і зэдлікі ў стылі лофт, і драўляныя цацкі, якімі можна аздобіць інтэрʼер. А вось гэтыя пано з дрэва каштуюць 50 рублёў.

7. Выцінанка

Сьцены і камоды можна ўпрыгожваць ня толькі жывапісам ці графікай беларускіх мастакоў (пра гэта і так усім вядома), але і выцінанкай, напрыклад. Можна выразаць нешта самастойна, а можна набыць гатовыя работы. Напрыклад, матылькі Вольгі Бабурынай каштуюць ад 25 да 35 рублёў. І яны такія бязважкія, што здаецца, зараз паляцяць.

8. Люстэрка з рамай з лазы

Былі ў вас такія люстэркі ў вёсцы ці на лецішчы? Даставайце! Яны зноўку ў трэндзе! Натуральны матэрыял, ручная работа — яркі акцэнт на фоне модных цяпер белых сьценаў. Падобнае люстэрка працы Ігара Буева можна набыць за 110.40 рублёў.

9. Скарбонкі

Пасьля дэнамінацыі ў беларусаў узьнікла патрэба ня толькі ў гаманцах з аддзяленьнем для манэт, але і ў скарбонках, каб тыя манэткі ашчаджаць. Ці захоўваць усякія там цэнты, грошы і кроны паміж паездкамі за мяжу. Рынак адгукнуўся — і цяпер мы маем магчымасьць упрыгожыць інтэрʼер скарбонкай у выглядзе кнігі і з сымбалем багацьця на ёй — усяго за 8,5 рублёў. Куфэркі і скарбонкі з дрэва вырабляе майстэрня Magicwood.

10. Home, Sweet Home

Home Sweet Home — гэткую модную фразу вешаюць, пішуць і малююць на сьценах ня толькі ў англамоўных краінах. А вось беларускі майстар Генадзь Кавальчук робіць домікі, на якіх піша па-нашаму «Трэба дома бываць часьцей». Такую статуэтку паставіш на камодзе пры ўваходзе, і гасьцям захочацца часьцей вяртацца ў ваш дом, і самім будзе прыемней. На выставе рамесьнікаў «Млын» такія домікі былі заўважаныя па цане 8 рублёў за штуку.

Не забудзьцеся, вядома, на саламяных павукоў, даматканыя кілімы, вышываныя абрусы, ручнікі ды пасы, а часам і лапці на сьцяне — усё гэта ў разумнай прапорцыі зробіць ваш інтэрʼер пазнавальна беларускім.

Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика