Шаснаццаты прэзідэнт ЗША Аўраам Лінкальн, толькі што пераабраны на другі тэрмін, на піку сваёй папулярнасці намагаецца прыняць папраўку да Канстытуцыі аб адмене рабства да заканчэння Грамадзянскай вайны. І саюзнікі, і праціўнікі аднолькава ўпэўнена кажуць яму, што гэта немагчыма. Лінкальн у адказ мякка пасміхаецца, травіць байкі і зрэдчас агучвае свае знакамітыя прамовы.
“Лінкальн”, рэжысёр Стывен Спілберг.
Насуперак назве, «Лінкальн» — не фільм-біяграфія. Кароткі перыяд з жыцця найлепшага з амерыканскіх прэзідэнтаў не ёсць для яго пераломным — у фільме паказаны даўно сфармаваны, з разуменнем сябе і іншых чалавек. Яго грае ангелец Дэніэл Дэй-Льюіс, які апошнія гадоў дзесяць знаходзіцца ў статусе агульнапрызнанага генія і рыхтуецца да кожнай ролі па некалькі гадоў. Яго Лінкальн цалкам жывы, з кульгавай хадой, спакойным тварам і ціхім, але ўпэўненым голасам прыроджанага прамоўцы. У тым, што Дэй-Льюіс атрымае свайго трэцяга «Оскара», амаль ніхто не сумняецца, і таму нават крыўдна, што ў фільме ён галоўны герой толькі намінальна, а насамрэч у цэнтры сам механізм дзяржавы.
За апошняе стагоддзе палітыка, працэс функцыянавання складовых частак дзяржавы, зрабілася бліжэйшай і даступнейшай самым простым людзям, чым калі-небудзь, але адначасова — нецікавай. «Лінкальн», дзе вялікая ўвага надаецца спрэчкам у ніжняй палаце амерыканскага парламента, нагадвае, што палітыка, можа, і не самы прывабны з выгляду занятак, але поўны запалу і сутыкненняў характараў, як мала дзе надараецца.
Нават Спілберг са сваім уменнем ператвараць любую гісторыю ў павучальную казку, узяўшыся за важны гістарычны эпізод сваёй радзімы, толькі з павагай пераказвае факты, прапануючы гледачу самому разбірацца, за каго заўзець. Гэта ўжо другі яго падыход да тэмы рабства і, варта адзначыць, нашмат больш ўдалы за «Амістада» пятнаццацігадовай даўніны. Тады, каб паказаць важнасць тэмы, Спілберг увёў у дакументальны і сапраўды займальны сюжэт выдуманага і цалкам кардоннага негра-праваабаронцу (у выкананні, як лёгка здагадацца, Моргана Фрымэна). У «Лінкальне» ўсё вырашаюць белыя людзі з грашыма, сувязямі і ўплывам, а чорныя персанажы толькі лупаюць вачыма і атрымліваюць магчымасць з удзячнасцю пакласці кветкі на магілку прэзідэнта.
Гэта не выглядае цынічна. Наадварот, у тыя хвіліны, калі маршчыністыя непаваротлівыя мужчыны вядуць гандаль, на якіх умовах можна прыняць папраўку, фільм робіцца бездакорным. З’яўляецца зайздрасць да гісторыі краіны, дзе кіраўнікі без асабістай зацікаўленасці клапоцяцца пра праблемы, якія перад суайчыннікамі паўстануць добра калі праз стагоддзе. Удвая зайздросней глядзець «Лінкальна» з думкай, што найважнейшыя падзеі сучаснай Беларусі адбываліся абсалютна гэтак жа — падчас парламенцкіх паседжанняў, але фільм пра іх наўрад ці атрымаецца такім жа радасным і натхняльным, нават калі прэзідэнта таксама будзе граць Дэніэл Дэй-Льюіс.
Антон Серэнкоў для budzma.org