This movie requires Flash Player 9
10.02.2016 | Гісторыя

Калумб каменнага веку

Міхал Міхайлавіч Чарняўскі пайшоў з жыцця 20 студзеня 2013 года, не дажыўшы ўсяго паўтара месяца да 75-гадовага юбілею. Больш за 50 гадоў свайго жыцця Міхал Міхайлавіч працаваў на ніве беларускай археалогіі. Упершыню ж ён сутыкнуўся з сівой старажытнасцю яшчэ школьнікам – побач з вёскай Мікасецк на Мядзельшчыне, дзе прайшло яго дзяцінства, знаходзіцца гарадзішча Чорная гара. У 1953 годзе тут праводзіў даследаванні Аляксей Рыгоравіч Мітрафанаў.

Міхал Міхайлавіч Чарняўскі

У 1956 годзе Міхал Чарняўскі паступіў на гісторыю ў Мінскі педінстытут. Вучыўся завочна, працаваў настаўнікам у школе, лабарантам у геалагічных экспедыцыях. Старэйшыя таварышы-геолагі прапанавалі здольнаму маладому чалавеку займацца навукай і для гэтага пайсці вучыцца далей. У выніку ў 1961 годзе Міхал паступае ў аспірантуру Акадэміі навук у Мінску. Аднак не на геалогію, а на археалогію. Па рамантычнасці палявая праца нічым не саступае сваёй супляменніцы, а гістарычнае мінулае вабіла яго яшчэ з дзяцінства. З гэтага часу і пачалася вялікая прыгода Міхала Чарняўскага ў археалогіі.

Фотаздымак са студэнцкага білета, 1956–1960 гады

Ужо ў першы самастойны палявы сезон 1963 года былі пройдзеныя незлічоныя кіламетры берагамі Нёмана і адкрытыя дзясяткі новых помнікаў. З цягам часу колькасць апошніх пераваліць за паўтысячы! Пашырыцца і геаграфія пошукаў – Павілле, Нарачанскі край, Падзвінне. Праўда, панямонскія раўніны і пагоркі да апошніх дзён жыцця найбольш вабілі Міхала Міхайлавіча. І практычна не засталося куточка на берагах гэтай ракі і большасці яе прытокаў, дзе б ён не пабываў і не назбіраў пад’ёмны матэрыял. Акрамя стандартных «пясчаных» паселішчаў некалькі дзясяткаў з якіх ён даследаваў раскопкамі, Міхал Чарняўскі прыклаў руку да вывучэння многіх унікальных для Беларусі (а некаторых і для ўсёй Усходняй Еўропы) помнікаў. Гэта Краснасельскі крэмнездабыўны комплекс, тарфяніковыя паселішчы каля Зацэння, Старых Войкавічаў, Крывіны і Асаўца, могільнікі культуры шарападобных амфар, месцазнаходжанне рагавых і касцяных вырабаў у Смаргонскім кар’еры…

Актыўная разведачная праца і маштабныя раскопкі дазволілі назбіраць матэрыялаў на кандыдацкую дысертацыю па тэме «Неаліт паўночна-заходняй Беларусі», абароненую ў 1971 годзе. Праз 8 гадоў у пераробленым і дапрацаваным выглядзе яна выйшла ў якасці манаграфіі «Неаліт Беларускага Панямоння» (магла б убачыць свет і раней, каб не перашкоды з боку «кампетэнтных органаў», якія фабрыкавалі ў 1973–1974 гадах справу так званага «акадэмічнага асяродка», вынікам чаго сталася ў тым ліку і часовае звальненне Чарняўскага з Акадэміі навук).

Можна толькі здагадвацца пра аб’ём тытанічных высілкаў аналітычнай працы, што давялося здзейсніць Міхалу Міхайлавічу, каб практычна з нуля разабрацца ў масіве археалагічнага матэрыялу і распрацаваць канцэпцыю нёманскай неалітычнай культуры. Канцэпцыю, якая атрымала прызнанне шматлікіх беларускіх і замежных калег і якая застаецца слушнай і праз чатыры дзесяцігоддзі (вялікі тэрмін для археалагічнай навукі).

Між тым Міхал Міхайлавіч быў практычна самавукам. У педінстытуце археалогіі надавалася мінімальная ўвага – каб здаць экзамен па гэтым прадмеце Васілю Радзівонавічу Тарасенку, дастаткова было расказаць пра «Барсукову горку» (гэта жарт, канечне, але і сапраўды праграма педагагічнай ВНУ не прадугледжвала сур’ёзнай падрыхтоўкі навуковых кадраў). Беларуская археалагічная навуковая школа, што пачала фармавацца ў даваенны час, была практычна цалкам знішчаная рэпрэсіямі 1930-х. Яе прадстаўніка і патрыярха даследаванняў каменнага веку Канстанціна Міхайлавіча Палікарповіча, які памёр у пачатку 1963 года, Міхал Чарняўскі ўжо фактычна не застаў. У вучня Палікарповіча Уладзіміра Будзько, адзінага ў Беларусі ў 1960-я гады «абароненага» каменшчыка, ці можна было чаму навучыцца? Аспіранту Чарняўскаму навуковым кіраўніком прызначылі Дзмітрыя Якаўлевіча Цялегіна, але хіба наездзішся ў Кіеў (!) на кансультацыі? Вось і вучылі жыццё, кніжкі, калегі з «іншых перыядаў».

Падчас лекцыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, 1976 год

Аднак гэтыя аб’ектыўныя і, напэўна, не ўсвядомленыя на той момант цяжкасці не перашкодзілі Міхалу Міхайлавічу вырасці ў сур’ёзнага і аўтарытэтнага даследчыка. Даследчыка, які не толькі заклаў падмуркі, але і сканструяваў і ўзвёў муры будынка сучаснай беларускай археалогіі каменнага і бронзавага вякоў. Яго намаганнямі паўсталі абагульняльныя працы па многіх археалагічных культурах на тэрыторыі Беларусі, ад фінальнага палеаліту да бронзавага веку – лінгбійскай, яніславіцкай, нёманскай, нарвенскай, грабенчата-ямкавай керамікі, шарападобных амфар, шнуравой керамікі, паўночнабеларускай. Кола праблем, што закраналіся ў публікацыях Чарняўскага, уражвае: храналогія і перыядызацыя неаліту і бронзавага веку, крэмнездабыча, рыбалоўства і іншая гаспадарчая дзейнасць першабытных людзей, старажытнае мастацтва… Цікавасць даследчыка нярэдка выходзіла за межы вузкай спецыялізацыі. Цягам сваёй кар’еры ён займаўся і археалогіяй больш позніх перыядаў (даследаваў умацаванні Мядзела, Лоска, Ляхавіч), сярэднявечнай і сучаснай гісторыяй.

Шмат намаганняў было прыкладзена да папулярызацыі ведаў аб мінулым – праз друк (навукова-папулярныя артыкулы і некалькі кніжак), творчыя сустрэчы з моладдзю, цеснае супрацоўніцтва са сталічнымі і многімі рэгіянальнымі музеямі. Вельмі яскрава праявіўся пісьменніцкі талент Міхала Міхайлавіча – ён быў аўтарам шэрагу мастацкіх кніжак для дзяцей і моладзі (безумоўна, і ў іх ідзе гаворка пра старажытнае мінулае). Заўсёды ставала сіл і на грамадскую дзейнасць.

У Курапатах з Міколам Крывальцэвічам і Нінай Стужынскай, вясна 2000 года

У Курапатах з жонкай Святланай Сяргееўнай, 2000 год

З жонкай, дзецьмі і ўнукамі, 2011 год

Тым не менш, навука сярод мноства цікавасцяў і заняткаў ніколі не пераставала дамінаваць. Асноўная частка кар’еры Міхала Чарняўскага звязаная з Інстытутам гісторыі: з 1966 года – навуковы супрацоўнік, у 1990–2001 – загадчык аддзела. Два кароткія перапынкі: 1963/1964 гады – служба ў войску, 1974/1975 гады – часовае вымушанае звальненне. І яшчэ раз звальненне, вясной 2007 года («на пенсію»). Аднак ужо з восені таго ж года Чарняўскі – дацэнт на кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Міхал Міхайлавіч казаў, што не мае здольнасцяў да педагагічнай дзейнасці. Але гэта было зусім не так. За часамі працы ў Інстытуце гісторыі ён кіраваў падрыхтоўкай кандыдацкіх дысертацый, паўплываў на навуковае станаўленне многіх малодшых калег. А ва ўніверсітэце – лекцыі і семінары па дысцыплінах спецыялізацыі, летнія археалагічныя практыкі, курсавікі, дыпломнікі, магістранты і некалькі аспірантаў. І ў працу з кожным вучнем Міхал Міхайлавіч укладаў усю сваю душу.

Віталь Ашэйчык

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика