14 снежня 2008 года ў Мінскай Новаапостальскай царкве адбылася рэпетыцыя каляднай містэрыі “Елка Дзеда Мароза”, якая аб’ядноўвае ў сабе пастаноўку рэжысёра Мюра Фарыдовіча паводле п’есы Сяргея Новіка-Пяюна “Елка Дзеда Мароза” і арганны канцэрт Юрася Габруся.
Арганны канцэрт заўсёды ўяўляецца сур’ёзнай камернай падзеяй. Аднак на Каляды могуць здарацца цуды: класічны канцэрт пераўтвараецца ў святочную сяброўскую містэрыю.
Такі цуд здарыцца менавіта 25 снежня 2008 года, калі сапраўдны ЦУД – Цэнтр Удасканальвання Драматургіі – пад кіраўніцтвам рэжысёра Мюра Фарыдовіча, прадставіць калядную казку – містэрыю “Елка Дзеда Мароза” у суправаджэнні аргана. Ролі ў містэрыі выконваюць: Віктар Жыбуль, Вера Бурлак (Джэці), Макс Жабовіч, Мюр Фарыдовіч.
Як прызнаецца рэжысёр Мюр Фарыдовіч, калядная містэрыя заўсёды застаецца дзействам, у аснове якой палягаюць старыя біблейскія сюжэты, усім вядомыя і пазнаваемыя, ад якіх кожны раз мы чакаем ачышчэння і адкрыцця. Калядная містэрыя “Елка Дзеда Мароза” павінна паказаць, як важна дзецям быць паслухмянымі, а бацькам больш артыстычнымі ў пошуку сродку выхавання.
Па словах выканальніка ролі Дзеда Мароза, кампазітара Макса Жыбовіча, ідэяй дадзенай містэрыі з’яўляецца далучэнне гледачоў да высокіх сфераў прыгожага мастацтва праз пасрэдніцтва сцэнічнай дзеі, якая спалучае ў сабе лёгкі даступны сюжэт, жывую арыгінальную падачу і арганную музыку.
У арганным канцэрце Юрася Габруся, які адбудзецца адразу пасля п’есы, прагучаць творы Баха, Гендэля, Леклера, Страдэля, Фарэ, Фрыскабальдзі-Касады, у суправаджэнні Алены Карагінай (скрыпка), Аляксандра Луцэвіча (флейта), Вольгі Альхоўскай (віяланчэль), Ільлі Кучура (кларнет), якія ўдзельнічаюць у гэтай ды іншых імпрэзах царквы выключна на дабрачынных пачатках. Самі музыкі радыя ўдзелу ў такім праекце, паколькі ён з’яўляецца ўнікальным для беларускай культурніцкай прасторы і адкрывае новыя творчыя гарызонты.
Калядная містэрыя “Елка Дзеда Мароза” адбудзецца 25 снежня 2008 года па адрасу: г. Мінск, вул. Шаранговіча, 1. Мінская Новаапостальская царква.
Пачатак у 12 гадзін 15 хвілін.
Уваход вольны.
Праезд: трал. 7,8,9, да прыпынку: Мядзвежына-2.
За дадатковай інфарамцыяй звяртацца: Кастрамінава Вольга (029) 5513335, [email protected], [email protected]
Фотаальбом арганізацыі і правядзення містэрыі: http://fotki.yandex.ru/users/kreuski-zamak/album/6255/