1890: у Дзьвінску нарадзіўся Саламон Міхоэлс, тэатральны актор і рэжысэр.
У часы другой сусьветнай вайны Міхоэлс узначаліў Габрэйскі антыфашыстоўскі камітэт, які апынуўся ў самым эпіцэнтры сусьветных падзеяў, зьвязаных з габрэямі. З аднаго боку, адбыўся генацыд габрэяў на акупаваных немцамі тэрыторыях, з другога — выношваліся пляны стварэньня Ізраіля, з трэцяга — рабіліся праекты габрэйскай аўтаноміі за Байкалам і ў іншых месцах Савецкага Саюзу. Напрыклад, меркавалася стварыць нейкую габрэйскую адміністрацыйную адзінку з цэнтрам у Гомелі. Вось жа ў 1948 годзе на ўрачыстым габрэйскім сходзе Міхоэлс радасна паведаміў пра шырокія магчымасьці, якія савецкая ўлада дае для стварэньня габрэйскай дзяржавы. Сталін расцаніў гэтыя словы як заклік да эміграцыі ў Ізраіль і адразу ж даў загад забіць Міхоэлса. На той момант актор знаходзіўся ў Менску. Тут, на адной менскай вуліцы і быў інсцэніяваны аўтамабільны наезд. Міхоэлс загінуў. А праз два месяцы пасьля гэтага было абвешчана пра стварэньне дзяржавы Ізраілю.
1928: у Вільні загінуў Міхаіл Гурын-Маразоўскі. Гэты чалавек быў прафэсійным палітыкам, камуністам, які ў міжваеннай Вільні дзейнічаў пераважна на нелегальным становішчы. Штосьці там у іх у падпольлі не заладзілася, нехта сказаў, што Гурын-Маразоўскі — правакатар, хтосьці прапанаваў яго забіць.